Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц упершыню падчас публічнага выступлення адкрыта ахарактарызаваў Уладзіміра Пуціна як «ваеннага злачынца».

«Магчыма, [ён] адзін з самых сур'ёзных ваенных злачынцаў нашага часу, якога мы сёння бачым у буйным маштабе. І мы павінны ясна разумець, як абыходзіцца з ваеннымі злачынцамі. Тут паблажлівасць недарэчная», — сказаў нямецкі палітык у інтэрв'ю тэлеканалу Sat.1.
Таксама Мерц дадаў, што на гэты момант Пуцін не бачыць ніякіх падстаў для спынення агню або мірнага пагаднення з Украінай. Асобна канцлер заявіў, што неабходна ўвесці пошліны для тых, хто працягвае развіваць гандлёвыя адносіны з Расіяй, каб аслабіць расійскую эканоміку.
Як адзначае Der Spiegel, Мерц раней заяўляў пра ваенныя злачынствы Расіі, аднак ён ніколі не выкарыстоўваў словазлучэнне «ваенны злачынец» у дачыненні да асабіста Пуціна.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы заявы Мерца, сказаў, што той «дапусціў у апошнія часы вельмі шмат нядобрых заяў» у адрас Пуціна.
Пракаментаваў выказванне Мерца на прэс-канферэнцыі па выніках візіту ў Кітай і сам Пуцін. На яго думку:
«Гэта няўдалая спроба зняць з калектыўнага Захаду адказнасць за тую трагедыю, якая адбываецца ва Украіне».
Паводле яго інтэрпрэтацыі гістарычных падзей, у 2014 годзе міністры трох заходніх краін падпісалі пагадненне паміж прэзідэнтам Украіны Януковічам і апазіцыяй, якое прадугледжвала вырашэнне ўсіх пытанняў у межах канстытуцыі. Аднак ужо на наступны дзень адбыўся «дзяржаўны пераварот», і заходнія гаранты нічога не зрабілі. Пасля гэтага, маўляў, і адбылося ўключэнне Крыма і сутыкненні на Данбасе. А ўсе спробы Расіі вырашыць пытанні мірным шляхам, у тым ліку праз Мінскія пагадненні, былі Украінай і Захадам сарваныя.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Дурань не ведае, што ніхто не выганяў Януковіча — ён сам уцёк у Расію, разам са сваімі саўдзельнікамі скраўшы 37 мільярдаў долараў з украінскага бюджэту.
Але, заўважце, ад Пуціна таксама няма звароту па абароне гонару й годнасьці ! Атрымліваецца вілка, альбо Пуцін сапраўды злачынца, альбо яму няма чаго бараніць...