Парадзіх возяць з Хойнікаў у Рэчыцу, з Вілейкі ў Маладзечна. Ва ўсёй Беларусі зачыняюць раддамы
Нараджальнасць у Беларусі за восем гадоў скарацілася ўдвая. У краіне адзін за адным зачыняюцца радзільныя дамы. Парадзіхам даводзіцца часам пакруціцца, піша BGmedia.

Няпростая сітуацыя з доступам да медыцыны склалася ў Калінкавічах. Там колькі гадоў ідзе рамонт раённай бальніцы, яшчэ і зачынілі радзільнае аддзяленне. Парадзіхам загадана ехаць у Мазыр. Але праблема ў тым, што мост, які злучае Мазыр і Калінкавічы, ужо 2 гады знаходзіцца на рэканструкцыі. Шлях у аб’езд займае ў некалькі разоў больш часу. Напрыклад, працягласць маршруту №6, які злучаў мікрараён «Зарэчны» з «мацерыковым» Мазыром, павялічылася больш чым у 4 разы, час шляху — у 3 разы.
Мазырскі раддом перапоўнены, бо туды ж накіроўваюць нараджаць жанчын з Ельска, Нароўлі і Жыткавіч.
Жыхары Калінкавіч незадаволеныя сітуацыяй. «Мая дачка шмат разоў ляжала на захаванні, вельмі цяжка пераносіла цяжарнасць, а тут яшчэ і радзільнае аддзяленне закрылі ў нашых Калінкавічах і гінекалагічнае аддзяленне. Калі пачаліся схваткі, трэба было везці яе на машыне да раддома ў Мазыры, і мы ўсю дарогу перажывалі, што не паспеем. Яшчэ і раддом у Мазыры быў перапоўнены. Думаю, гэта цуд, што яна ўвогуле не нарадзіла па дарозе, бо мы ехалі ў аб’езд, праз новы мост», — распавяла жыхарка адной з вёсак Калінкавіцкага раёна.
У каментарыях аб закрыцці раддома ў Калінкавічах людзі падзяліліся набалелым: сітуацыя з закрыццём раддамоў датычыцца не толькі райцэнтра, а ўсёй Беларусі. Так, зачынены раддом у Вілейцы і ездзіць трэба ў Маладзечна. Зачынены радзільныя аддзяленні ў Глыбокім і Докшыцах, хоць мясцовыя жыхары і былі супраць. З Хойнікаў нараджаць едуць у Рэчыцу, а гэта 60 кіламетраў, з Пружан і Ганцавіч — у Баранавічы.
У Полацку раддом будавалі 12 гадоў, але ў 2024 яго ўсё ж такі знеслі і прапанавалі парадзіхам ехаць у Наваполацк. Туды ж накіравалі і жанчын з Глыбокага і Докшыцаў.
Нараджальнасць як на вайне
У 2024 годзе ў Беларусі нарадзілася 58 993 дзяцей, што на 8,7% менш, чым у 2023. Нараджальнасць у Беларусі ў пераліку на 1000 жыхароў цяпер знаходзіцца прыкладна на такім жа ўзроўні, як нараджальнасць ва Украіне падчас вайны. Ва Украіне ў 2024 годзе нарадзілася 177 тысяч дзяцей, што складае 6 на 1000 жыхароў. У Беларусі — 59 тысяч дзяцей, што складае прыкладна 6,6 на 1000 жыхароў.
Калі ў 2016 годзе ў Беларусі на свет з’явілася 117 779 дзяцей, то ў 2024 нарадзілася ўсяго 58 938. Нараджальнасць у краіне за восем гадоў скарацілася ўдвая.
Паводле прагнозаў ААН, насельніцтва Беларусі можа скараціцца ўдвая да 2100 года і складзе прыкладна 4,5 мільёна чалавек.
Каментары
А калі нешта нядобра - паверце, лепей быць у спецыялізаваным цэнтры, чым у раёнцы.
Интересно, это продолжение госполитики по повышению рождаемости ?, которую проводят КГБ и МВД лукашенко запугивая и выгоняя беларусов из Беларуси ? Скоро, чтобы родить в нормальных условиях, придёться выезжать в Польшу, Литву не глядя на обвинения в госизмене скотному двору лукашенко.