Усяго патроху2828

Трансгендарная дачка Ілана Маска жыве з трыма суседзямі і харчуецца таннай ежай з дастаўкі

Яе бацька — самы багаты чалавек у свеце і адзін з галоўных крытыкаў транссупольнасці. Дачка Ілана Маска, 21-гадовая Вівіян Уілсан, якая ў 16 гадоў зрабіла трансгендарны пераход, цяпер імкнецца жыць звычайным жыццём.

Вівіян Уілсан. Фота: VivianWils53278 /Х

Са старэйшай дачкой Ілана Маска Вівіян пагаварыла журналістка выдання The Cut. Іх сустрэча пачалася ў закусачнай з морапрадуктамі, дзе Вівіян з недаверам разглядала замоўленыя ёю ж вустрыцы.

«Як, блін, іх ядуць? Божа мой! Яны пахнуць акіянам!» — кажа яна. Па словах дзяўчыны, яна даўно не ела нічога «вытанчанага» і нават не ўпэўненая, ці можна вустрыцы лічыць такой ежай.

Напачатку Вівіян трымаецца вельмі закрыта, амаль не глядзіць у вочы і размаўляе шэптам. Свой стан яна тлумачыць тым, што была пад кайфам і да пятай гадзіны раніцы глядзела «Галодныя гульні».

«Я магу быць крыху замкнёнай, — прызнаецца яна. — У мяне менш сацыяльнай энергіі, чым у большасці людзей».

Паступова, за кактэйлем «Піна калада», яна раскрываецца. Вівіян расказвае, што пераважна харчуецца ежай з дастаўкі, у асноўным таннымі сушы, рэдка тэлефануе маці, любіць відэагульні, K-pop і шоу Drag Race.

У дзяўчыны сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДВГ), таму ёй цяжка сядзець на месцы. Калі міма праязджае асабліва гучная машына, яна пачынае крычаць на яе: «Хочаш увагі? Ідзі ў сацсеткі, як усе астатнія!».

«Я адчуваю сябе дарослай, але таксама адчуваю, што іншыя людзі не лічаць мяне дарослай. І гэта раздражняе», — кажа яна.

Дзяцінства

Вівіян — старэйшая ў вялікім сямействе Ілана Маска (па яе словах, яна нават не ведае дакладна, колькі мае зводных братоў і сясцёр). Яе маці — пісьменніца-фантастка Джасцін Уілсан, якая пасля шлюбу з Маскам адчувала сябе «аднаразовай». Бацькі разышліся, калі Вівіян было чатыры; праз шэсць тыдняў бацька ўжо заручыўся з актрысай Талулай Райлі.

Дзяўчынка вучылася спачатку ў элітнай школе, а потым у Ad Astra — эксперыментальнай установе, якую яе бацька стварыў для дзяцей супрацоўнікаў SpaceX, бо, як ён казаў прэсе, яго дзеці «не рабілі таго, што, на маю думку, павінны былі рабіць» у звычайнай школе. Там не было адзнак, а ўпор рабіўся на дакладныя навукі. У старэйшых класах яна перайшла ў школу Crossroads.

«Гэта было менавіта тое, што вы чакалі б ад прыватнай школы, поўнай нэпа-дзетак, — кажа Вівіян. — Людзі былі неўраўнаважаныя, а я не была папулярнай. Я ні з кім не размаўляла».

Адзінае месца, дзе ёй было камфортна, — школьнае аб’яднанне квір-моладзі (Queer Student Union), дзе яна ўпершыню пачула пра папулярнае амерыканскае тэлешоу пра дрэг-культуру Drag Race.

Вівіян Уілсан (у цэнтры) на вечарыне, прысвечанай 10-му сезону шоу Drag Race. Нью-Ёрк. 8 мая 2025 года. Фота: Santiago Felipe / Getty Images

Камінг-аўт і вайна ў сацсетках

Калі Вівіян было 16 гадоў, яна зрабіла камінг-аўт як трансгендарная дзяўчына.

«У мяне была вельмі, вельмі, вельмі, вельмі дрэнная гендарная дысфарыя (змрочны настрой. — НН)», — эмацыйна распавядае яна.

Імя Вівіян яна абрала ў гонар персанажа са сваёй любімай відэагульні Paladins.

Да 18 гадоў адносіны з бацькам сапсаваліся канчаткова. У сваім хадайніцтве аб змене імя і прозвішча на Вівіян Уілсан (Уілсан — дзявочае прозвішча маці) яна напісала суддзі:

«Я больш не жыву з маім біялагічным бацькам і не жадаю быць звязанай з ім ніякім чынам, ні ў якой форме».

Спачатку, па словах дзяўчыны, Маск публічна нібыта падкрэсліваў яе права на прыватнасць, але пазней яго рыторыка стала больш жорсткай. У 2024 годзе Маск у інтэрв'ю назваў Вівіян яе старым імем Ксаўе і заявіў, што яго дзіця «забіта вірусам woke».

Вівіян, па яе словах, вырашыла адказаць са злосці.

«Апошні раз, калі я правярала, я насамрэч не мёртвая», — напісала яна ў Threads, а не на бацькавым X, дадаўшы, што яе бацька «ў кетамінавым тумане адчайна мае патрэбу ва ўвазе і прызнанні з боку арміі дэгенератыўных інцэлаў».

Канфлікт з бацькам прыцягнуў да яе велізарную ўвагу, у тым ліку правых троляў.

«Шмат хто спрабаваў перакруціць мае словы», — кажа яна. Яе пачалі праследаваць папарацы, а ў асабістыя паведамленні пасыпаліся абразы.

«Людзі пішуць самыя агідныя, вар'яцкія рэчы, якія яны б са мной зрабілі. Ад гэтага мне агідна», — дзеліцца Вівіян.

Гэты досвед прымусіў Вівіян стаць больш стрыманай. Яна больш не хоча абмяркоўваць сваю сям'ю. Калі журналістка пытаецца, як яна спраўляецца з усюдыіснасцю бацькі — ад навін да аўтамабіляў Tesla на вуліцах, — яна проста маўчыць і просіць змяніць тэму.

Вівіян Уілсан. Фота: evren.yilmaz.92 / Facebook

Жыццё сёння: грошы, мары і пошукі сябе

Каб аддзяліць сябе ад бацькі, дзяўчына паехала вучыцца ў Канаду, у Квебек: хацела падцягнуць французскую і з дзяцінства марыла стаць перакладчыцай (Вівіян мае і канадскае грамадзянства праз маці). Яна ажыўляецца падчас размовы пра мовы: карэйскую, кітайскую, японскую, іспанскую.

«Станавіцца заўважна лепшай у мове — гэта, напэўна, самае прыемнае, што я калі-небудзь рабіла. Магчымасць размаўляць з кімсьці, хто не размаўляе па-англійску, — гэта вельмі, вельмі крута», — кажа Вівіян.

Аднак каледж, асабліва падчас першай квебекскай зімы, аказаўся для яе «дэпрэсіўным». Яна пераехала ў Токіа, у філіял Універсітэта Тэмпл, каб практыкаваць японскую.

«Мяне пастаянна спакушаюць іншыя мовы. Я вывучаю іх год, а потым пераключаюся», — кажа яна.

Праз паўтара года яна кінула вучобу, бо, па яе словах, выкарыстанне штучнага інтэлекту іншымі студэнтамі знішчыла яе матывацыю. Мінулай вясной яна вярнулася ў Лос-Анджэлес, некаторы час жыла з маці, перш чым з'ехаць улетку.

Восенню яна спадзяецца паступіць у каледж, каб працягваць вывучаць іншыя мовы. «Вучоба ў каледжы — дарагая. У мяне няма такой спадчыны», — кажа яна.

Нягледзячы на ​​тое, што Вівіян — дачка самага багатага чалавека ў свеце, яна, здаецца, вельмі хвалюецца пра грошы. «Людзі думаюць, што ў мяне шмат грошай. У мяне няма соцень тысяч даляраў у распараджэнні», — кажа яна.

Цяпер Вівіян жыве з трыма суседзямі, таму што гэта танней, і спадзяецца не прасіць занадта шмат у маці.

«Мая мама багатая, так? Але, відавочна, той другі — неверагодна багаты», — тлумачыць яна, ні разу не назваўшы бацьку па імені.

Пры гэтым Вівіян настойвае, што не злуецца з-за гэтага. Яна не імкнецца быць звышбагатай.

Слава адкрыла для яе новыя магчымасці: у яе ёсць агент, яна ўжо падпісала партнёрскія дамовы з некалькімі брэндамі — Boy Smells, TomBoyX і Wildfang — і нават дэбютавала ў дрэг-шоу, што, па яе словах, было самым шчаслівым момантам года.

@guesswhoisaw Elon Musk’s daughter Vivian Jenna Wilson’s first drag performance at Pattie Gonia’s SAVE HER in Los Angeles. #elonmusk #vivianwilson #vivianjennawilson #dragshow #transgender #thebellweather #nokingsdayprotest #pridemonth ♬ LUNCH - Billie Eilish

Аднак галоўнае, на чым цяпер засяроджваецца Вівіян, — гэта сталець у самых звычайных рэчах.

«Мне трэба стаць больш арганізаванай. Мне трэба, нарэшце, прыбраць у сваім пакоі», — прызнаецца яна. Нават у спісе жаданняў у яе значыцца пункт: «Разабрацца, што ў мяне ў спісе жаданняў».

Слава і нянавісць 

Пасля вячэры Вівіян, па словах журналісткі, была гатовая вяртацца дадому, каб паглядзець свой новы любімы серыял на Netflix — «Аліса ў памежжы» (Alice in Borderland). Але спачатку яны зайшлі ў краму па алкаголь.

«Давай возьмем таннае віно, — прапанавала яна. — Таннае віно — адна з найлепшых рэчаў, створаных Богам».

Па словах дзяўчыны, яна не адрознівае ні чырвонае ад белага, ні дарагое ад таннага. Таму спынілася на бутэльцы Cabernet Santa Carolina Reserva за дзевяць даляраў.

У краме яе пазнае прадавец. «Вы не дачка Ілана?» — пытаецца ён. Яна няўпэўнена адмаўляе, але мужчына ўсё роўна дорыць ёй два бясплатныя шоты тэкілы, кажучы, што яна — яго «любімы чалавек».

Каб супакоіцца пасля сустрэчы ў краме і зэканоміць на Uber, Вівіян з журналісткай вырашылі прайсціся пешшу прыкладна тры кіламетры да яе дома.

«Я не вельмі добра ўмею быць знакамітай. Гэта навык», — разважае яна па дарозе, з сумам згадваючы часы, калі яе ніхто не ведаў, але прызнае, што слава дапамагае зарабляць грошы.

Па дарозе з машыны, якая спынілася на святлафоры, даносяцца трансфобныя абразы. Упершыню за вечар Вівіян злуецца і пачынае крычаць у адказ: «Заткніся! Валі ў свой Тэхас!».

Сітуацыя была непрыемная, і ім абедзвюм захацелася закурыць. Свае Marlboro Вівіян пакінула дома, але ў яе суразмоўніцы якраз былі цыгарэты. Калі дзяўчына заўважыла запальнічку з фатаграфіяй спявачкі Сціві Нікс, яна засмяялася і назвала яе «стэрэатыпам».

На пытанне пра тое, што ў самой Вівіян найбольш стэрэатыпнае, яна адказала імгненна, нават не дачакаўшыся канца фармулёўкі: «Праблемы з татам».

Каментары28

  • СДВГ ці па беларуску мабыць СГДУ
    04.09.2025
    гэта па сутнасці біпалярка ў зародышавым стане.
    Такому хлопцу нельга было дазваляць мяняць гендар.
    Хаця б таму, што праз год другі ён бы первхварэў і перакінуўся на нешта іншае, як перакідваўся потым з мовы на мову.
  • Кралала
    04.09.2025
    Сэксі чіка
  • Цікава,
    04.09.2025
    але ўсюды бачу ці чую зашмат гэтага слова - вар’яцкі, не хапае разнастайнасці.

Цяпер чытаюць

У Лепелі затрымалі паляка, які нібыта здабыў дакументы вучэнняў «Захад-2025»6

У Лепелі затрымалі паляка, які нібыта здабыў дакументы вучэнняў «Захад-2025»

Усе навіны →
Усе навіны

Палітвязню Максіму Знаку споўнілася 44 гады, два з паловай з іх ён у рэжыме інкамунікада2

Чаму ва ўсіх відаць шлейкі ад бюстгальтара?13

Беларускі акцёр, які граў ролі афіцэраў СС і НКВД, пайшоў на вайну з Украінай за Расію20

Трансгендарная дачка Ілана Маска жыве з трыма суседзямі і харчуецца таннай ежай з дастаўкі28

Ці сапраўды расіяне ўвайшлі ў Купянск?

Ізраіль чакае, што горад Газа пакіне мільён чалавек. ААН папярэджвае аб жудасных наступствах14

Новыя сцены і страчаныя маляўнічыя далягляды. Як выглядае Навагрудскі замак пасля рэканструкцыі14

У Лісабоне разбіўся фунікулёр — загінулі 15 турыстаў2

У дзіцячай тургрупы з Беларусі на адпачынку ў Італіі скралі пашпарты10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Лепелі затрымалі паляка, які нібыта здабыў дакументы вучэнняў «Захад-2025»6

У Лепелі затрымалі паляка, які нібыта здабыў дакументы вучэнняў «Захад-2025»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць