У Добрушы сям'я заказала ў фірмы рамонт хаты. Адрамантавалі так, што хату давядзецца знесці
Шматдзетная сям'я аддала за такую працу 120 тысяч рублёў. Давялося ісці ў суд.

Шматдзетная сям'я вырашыла правесці рэканструкцыю хаты ў Добрушы. Для гэтага муж і жонка звярнуліся да прадпрымальніка, які займаўся рамонтам. Рэканструкцыю бізнэсмен ацаніў у 120 тысяч рублёў.
Сям'я ўзяла на гэтую справу крэдыт і грошы з сямейнага капіталу. Паводле плану, рамонт павінен быў скончыцца да лютага 2022 года. Але справа зацягнулася. Спачатку дэдлайн па дадатковай дамове перанеслі на 30 красавіка. А потым наогул усё заціхла.
Заказчыкі чакалі два гады, а ў выніку накіравалі прадпрымальніку прэтэнзію з патрабаваннем скасаваць дамову і вярнуць грошы, дадаўшы яшчэ тысячу рублёў штрафу зверху. Акрамя таго, сям'я заказала экспертызу. Яе вынікі шакавалі: рабочыя настолькі некваліфікавана зрабілі рамонт, што хату давядзецца зносіць.
Паколькі ніякага адказу на прэтэнзію не было, сям'я ўзяла ў саюзнікі Таварыства абароны правоў спажыўцоў і падала пазоў. Суд спагнаў з прадпрымальніка 94 тысячы рублёў, яшчэ 25,9 тысячы сямейнага капіталу, а таксама няўстойку ў 350 рублёў і тысячу рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, піша БелТА.
Адказчык абавязаны на працягу 30 дзён зрабіць дэмантаж і вывезці з хаты выкарыстаны будаўнічы матэрыял. Таксама з ІП спагналі выдаткі Таварыства абароны правоў спажыўцоў у памеры 796 рублёў і больш за 121 тысячу рублёў штрафу, з якіх 10% пералічаныя гарадской арганізацыі таварыства.
Каментары