Наркалобі і вытворцы марыхуаны прасоўваюць яе як бяспечны сродак вырашэння шэрагу праблем са здароўем — у тым ліку трывогі, дэпрэсіі, болю і парушэнняў сну. Аднак, як паказалі апошнія дэталёвыя даследаванні, нават рэдкае ўжыванне траўкі звязана з падвышанай рызыкай псіхічных разладаў, а ў моладзі — і з горшым развіццём памяці, кагнітыўных здольнасцей і ўмення кантраляваць свае паводзіны і эмоцыі.

Марыхуана — наркатычнае рэчыва, якое атрымліваюць з высушаных частак расліны канопляў. Яе псіхаактыўны эфект абумоўлены не алкалоідамі, а канабіноідамі — хімічнымі злучэннямі, якія ўздзейнічаюць на мозг. Асноўны з іх — тэтрагідраканабінол (ТГК), які змяняе свядомасць, настрой і ўспрыманне. Усяго ў каноплях выяўлена больш за 500 хімічных злучэнняў, у тым ліку больш за 100 канабіноідаў.
Геаграфія легалізацыі марыхуаны з кожным годам пашыраецца, а некаторыя кампаніі прасоўваюць яе амаль як сродак агульнага аздараўлення — падобна да вітамінных дабавак. У ЗША, паводле даных Упраўлення па барацьбе са злоўжываннем псіхаактыўнымі рэчывамі і псіхічным здароўем за 2024 год, найбольшы рост ужывання назіраецца сярод старэйшых за 60 гадоў людзей. Часта гэта звязана з выкарыстаннем у медыцынскіх мэтах — напрыклад, пры болю, артрыце, праблемах са сном або трывожных станах.
Разам з тым навуковыя звесткі паказваюць, што рэгулярнае ўжыванне марыхуаны звязана з пагаршэннем кагнітыўных функцый. У даследаванні, апублікаваным у 2025 годзе ў часопісе JAMA Network Open, вучоныя прааналізавалі больш за тысячу дарослых з выкарыстаннем нейравізуалізацыі. У людзей, якія пастаянна ўжывалі марыхуану, назіралася ніжэйшая актыўнасць мозгу падчас выканання заданняў на працоўную памяць у параўнанні з тымі, хто яе не ўжываў.
Доўгатэрміновае ўжыванне таксама асацыюецца са структурнымі зменамі мозгу, у тым ліку зменамі яго аб’ёму. Гэтыя эфекты больш выразныя ў людзей, якія пачалі ўжываць марыхуану ў падлеткавым узросце, калі мозг яшчэ фармуецца.
Асобныя даследаванні паказваюць змены ў белым рэчыве мозгу ў тых, хто пачаў ужыванне да 16 гадоў. Белае рэчыва забяспечвае сувязь паміж рознымі аддзеламі мозгу, таму яго парушэнні могуць адбівацца на выканаўчых функцыях — здольнасці кантраляваць паводзіны, прымаць рашэнні і стрымліваць імпульсы. У маладых карыстальнікаў гэта часта праяўляецца ў большай імпульсіўнасці і цяжкасцях з выкананнем складаных кагнітыўных задач.
У метааналізе дзясяткаў даследаванняў, апублікаваным у часопісе Addiction, ужыванне марыхуаны таксама было звязана са зменамі ў структурах мозгу, у прыватнасці ў міндаліне — вобласці, якая ўдзельнічае ў апрацоўцы эмоцый.
Асобную ўвагу даследчыкі надаюць падлеткам. У маштабным даследаванні Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Дыега з удзелам каля 11 000 падлеткаў было выяўлена, што карыстальнікі марыхуаны мелі горшыя паказчыкі развіцця мозгу. У іх адзначаліся слабейшыя вынікі ў вербальнай памяці, ніжэйшая хуткасць апрацоўкі інфармацыі, горшы кагнітыўны кантроль, а таксама праблемы з працоўнай памяццю і прасторавымі навыкамі.
Даследчыкі ўлічылі шэраг фактараў — сацыяльна-дэмаграфічныя ўмовы, сямейную гісторыю залежнасцей, ужыванне іншых рэчываў і нават прэнатальнае ўздзеянне. Гэта дазволіла максімальна знізіць уплыў пабочных фактараў на вынікі, хаця цалкам выключыць іх у падобных даследаваннях немагчыма.
Цікава, што ў ранніх гадах будучыя карыстальнікі марыхуаны нярэдка нават апярэджвалі аднагодкаў па асобных кагнітыўных паказчыках. Аднак з узростам і ростам інтэнсіўнасці ўжывання іх развіццё запавольвалася, у той час як у іншых падлеткаў працягвалася.
Як тлумачаць навукоўцы, мозг маладога чалавека асабліва ўразлівы, бо працягвае фармавацца прыкладна да 25 гадоў. ТГК можа ўплываць на развіццё сістэм, адказных за прыняцце рашэнняў, рэгуляцыю эмоцый і механізмы ўзнагароджання.
Новыя даследаванні таксама паказваюць, што нават эпізадычнае ўжыванне марыхуаны ў падлеткавых гадах — напрыклад, раз на месяц ці радзей — звязана з павышанай рызыкай псіхічных разладаў і горшымі вынікамі ў навучанні. Важна адзначыць, што гаворка ідзе пра статыстычную сувязь, якая не абавязкова азначае прамую прычынна-выніковую залежнасць.
У даследаванні з удзелам больш чым 460 000 падлеткаў ва ўзросце 13—17 гадоў тыя, хто ўжываў марыхуану на працягу апошняга года, часцей паведамлялі пра сімптомы дэпрэсіі, трывожных разладаў, псіхозу і біпалярнага разладу.
«Мы не знаходзім такога ўзроўню ўжывання марыхуаны ў падлеткаў, пры якім не назіралася б негатыўных эфектаў», — адзначае ў інтэрв'ю The Wall Street Journal псіхіятр Раян Султан з Калумбійскага ўніверсітэта.
Акрамя таго, пачатак ужывання да 18 гадоў істотна павялічвае рызыку развіцця залежнасці. Сітуацыю ўскладняе і тое, што сучасныя прадукты могуць утрымліваць вельмі высокія канцэнтрацыі ТГК — да 90%, у той час як у натуральных формах канопляў яго ўзровень звычайна складае некалькі працэнтаў.
На гэтым фоне вобраз марыхуаны як «бяспечнага» або нават карыснага рэчыва выглядае ўсё менш пераканаўчым. Навука пакуль не дае падстаў лічыць яе безрызыкоўнай — асабліва калі гаворка ідзе пра падлеткаў, для якіх нават эпізадычнае ўжыванне можа мець доўгатэрміновыя наступствы для мозгу і псіхічнага здароўя.
Каментары
Чаму ў такіх артыкулах кожны час пішуць: “ну вось, а вы казалі, што траўка бяспечная”? Ды ніхто не казаў гэтага! Казалі іншае: яна ў шмат чым бяспечнейшая за алкаголь! Дэкрымінілізыя траўкі - адзіны шлях для разумнага грамадства!