У Купалаўскім у п'есе змянілі некаторыя сцэны — драматург незадаволены, спектакль могуць прыбраць з пракату
«Нацыянальная ганьба» — менавіта так назваў сітуацыю, што цяпер складваецца ў Купалаўскім тэатры, рэжысёр Мікалай Халезін. «Ён пакрыўдзіўся на мяне за тры сказы? Я ставіў Чэхава, Гогаля — выкінуў з іх тэкстаў дзясяткі старонак — і што? Якая тут праблема?» — не разумее Пінігін.

Справа ў тым, што Халезін, які з’яўляецца адным з кіраўнікоў Свабоднага тэатра, не першы год супрацоўнічае з беларускім драматургам Канстанцінам Сцешыкам: ён з’яўляецца штатным аўтарам калектыву. Таму Мікалаю з першых вуснаў сталі вядомыя падрабязнасці непрыгожай гісторыі, якая адбываецца з прэм’ерай спектакля «Запалкі»: прэм’еру паказалі ў верасні гэтага года. Калі коратка, то «Запалкі» — гэта жыццёвая, сумная гісторыя пра мужыка Толю, які жыве ў звычайным горадзе і гадуе маленькую дачку. Але заканчвае ён жыццё незвычайна…
«Косця прадаў «Запалкі» Нацыянальнаму драматычнаму тэатру імя Янкі Купалы, пастаноўку ажыццяўляла рэжысёр Таццяна Ларына. І ўсё б нічога, калі б мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін не вырашыў «паправіць» матэрыял. Да пачатку працы Ларынай і ўжо пасля набыцця правоў на пастаноўку Пінігін выразаў з тэксту некалькі фрагментаў, якія аўтар лічыць прынцыповымі, і замяніў іх сказамі ўласнага сачынення, што, безумоўна, парушае і падпісаную бакамі дамову, і беларускі закон аб аўтарскіх правах, і шэраг міжнародных канвенцый», — распавёў Мікалай Халезін.
Ён лічыць, што кіраўніцтва Купалаўскага працуе з «постсавецкімі» схемамі кіравання тэатрам, якія нічым не лепшыя за савецкія.
Аўтар, натуральна, пакрыўдзіўся на такое самаўпраўства. Канстанцін Сцешык сцвярджае, што ў прыватнай размове Пінігін паабяцаў зусім закрыць спектакль, калі з яго праўкамі не пагодзяцца.

«У дамове, якую я заключаў з тэатрам, ёсць пункт, што яны не мелі правоў змяняць тэкст без маёй згоды: я яе не даваў», — пракаментаваў «НН» Канстанцін, якога, як ён кажа, нават не запрасілі на рэпетыцыі «Запалак», а паставілі перад фактам змяненняў напярэдадні прэм’еры. Пры тым, што драматург нават не мог убачыць яе на свае вочы, бо знаходзіўся ў ад’ездзе. Цяпер жа ён прынцыпова адмаўляецца выходзіць на кантакт з рэжысёрам, бо пакрыўджаны і «не бачыць нагоды тут нешта яшчэ абмяркоўваць». «Справа не ў тым, колькі і што адтуль выразалі, а ў тым, што гэта зрабілі без дазволу», — удакладняе аўтар.
А што ж мастацкі кіраўнік Купалаўскага?
Трэба дадаць, што першапачаткова над п’есай працавала выключна Таццяна Ларына, яна і значыцца афіцыйным рэжысёрам «Запалак». Але сталася так, што яна не спраўлялася з матэрыялам: акцёры нават адмаўляліся з ёй працаваць.
Летам Мікалай Пінігін сам убачыў прамежкавыя вынікі маладой рэжысёркі: на яго погляд, яны выглядалі правальна. Таму ён вырашыў скончыць працу сам.

«Я мог зусім закрыць гэты спектакль, але папрасіў артыстаў працягваць, бо мне вельмі падабаецца гэтая п’еса. Менавіта таму я пазней абараняў матэрыял перад Міністэрствам культуры, якія не разумелі, навошта нам «суіцыдальны» па сваім настроі спектакль. Я выратаваў гэты спектакль, але ні Сцешык, ні Ларына, якая, хутчэй за ўсё, і настроіла аўтара супраць мяне, гэтага, відаць, не разумеюць», — кажа мастацкі кіраўнік Купалаўскага.
Мікалай не бачыць нічога дрэннага ў тым, што ён замяніў у п’есе тры сказы: «Яны патрэбныя былі, каб удакладніць гледачам некаторыя моманты. Напрыклад, куды знікае адзін з герояў: я дадаю, што ён выйшаў у акно».
«Сцешык — не Чэхаў і не Шэкспір, мог бы прыйсці і паразмаўляць са мной. Мне яго пазіцыя незразумелая. Раней ён быў у ад'ездзе, а цяпер знаходзіцца ў Мінску, чаму ён мне не тэлефануе, каб вырашыць праблему? Ён пакрыўдзіўся на мяне за тры сказы? Яшчэ раз паўтаруся: ён не Шэкспір, а хлопчык, які толькі пачынае сваё жыццё. Я ставіў Чэхава, Гогаля — выкінуў з іх тэкстаў дзясяткі старонак — і што? Якая тут праблема?» — не разумее Пінігін.
Пакуль спектакль застаецца ў афішы Купалаўскага, але калі драматург захоча абараніць свае правы юрыдычна ці будзе патрабаваць вярнуць аўтарскі тэкст, яго могуць прыбраць з рэпертуару.
-
У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
Каментары