Сямён Букчын: Павольная Лета паглыне не толькі Герчыка, але і Марціновіча

Ну вось і дабраліся да сапраўднага, цэнтральнага нерва палемікі вакол беларускіх і «рускамоўных» пісьменнікаў. Пісаў бы Міхась Герчык па-беларуску, дык і застаўся б у літаратуры, у памяці чытачоў. А так… Ну хто сёння пра яго памятае? Хаця быў не без таленту.
Такія вось развагі прапануе Віктар Марціновіч на сайце «Нашай Нівы». І сцвярджае, што «беларускамоўных празаікаў на паверхні трымае сама мова», а «творы Герчыка» ўсяго толькі «выдатны каліграфічны burner, пакінуты на сценцы таленавітым тэгерам». Можна, канечне, успомніць гераіню чэхаўскага «Вяселля», якая казала: «Гэта яны так гавораць, каб сваю адукаванасць паказаць». Ну а калі інакш аўтар, сапраўды, не можа?
І вось ужо наш аўтар складае спісы: гэтых памятаюць, ну а тых, на жаль… Як гісторык літаратуры мушу расчараваць пісьменніка В.Марціновіча. І «гэтых», кажучы словамі паэта, «поглотит медленная Лета». І Лета будзе ўжо не такая і «медленная». Працэс ужо даўно значна паскораны. І мова зусім не выратавальнік для ніводнай нацыянальнай літаратуры – рускай, ці беларускай, ці кітайскай… Справа ў тым, паважаны Марціновіч, што культура сама элімінуе, выключае з свайго побыту тых літаратараў, якіх яна лічыць патрэбным выключыць. А калі яны і застаюцца ў ёй, дык толькі як пісьменнікі пэўнага часу, зафіксаваныя даследчыкамі, магчыма, як спадарожнікі сапраўды значных фігур ці ўдзельнікі нейкіх грамадскіх акцый.
Куды яны падзеліся? — пытаецца В.Марціновіч пра рускамоўных літаратараў Беларусі. А туды ж, куды і сотні беларускамоўных. Сышлі ў нябыт. Звычайная гісторыя. Пагартайце 600-старонкавы даведнік «Беларускія пісьменнікі», выдадзены ў 1994 г. Магчыма, і В.Марціновіча праз нейкі час у акадэмічных працах будуць успамінаць галоўным чынам як удзельніка «моўных» палемік.
Што тычыцца персанальна М.Герчыка, я даволі блізка ведаў Міхася Навумавіча з канца 1950-х гадоў, калі яшчэ школьнікам пачаў друкавацца ў дзіцячай газеце «Зорька», дзе працаваў Герчык. Тады быў самы пачатак яго пісьменніцкай вядомасці. Малады Герчык быў тады, што называецца, кан’юнктурным пісьменнікам. Паляцеў Гагарын — і з’яўляецца ягоная аповесць «Лети, Икар!». Грыміць Куба — і Герчык піша «Портрет Фиделя». Разгортваецца барацьба з пратэстантамі — і чытачам прапануецца аповесць «Ветер рвет паутину».
Але вось з 70-х гадоў пачынаецца іншы Герчык. У яго было драматычнае дзяцінства. І юнацтва вельмі нялегкае. І вось ён вяртаецца памяццю ў тыя часы. Аповесць «Отдаешь навсегда» знайшла сваіх удзячных чытачоў ва ўсім Савецкім Саюзе. Але сапраўднай вяршыняй творчасці і чытацкага прызнання стаў яго раман «Обретение надежды». Ён уладкаваўся санітарам у анкалагічны шпіталь ў Бараўлянах, каб знутры пазнаць людскі боль. Першапачаткова раман меў назву «На краю отчаяния», але якое «отчаяние» магло быць ў савецага чалавека, нават смяротна хворага? Прыйшлося пагадзіцца на аптымістычнае «Обретение надежды». Раман меў неймаверны поспех. Трагічнае кола замкнулася для аўтара ў канцы яго жыцця, якое скончылася ў той самай бальніцы, дзе яшчэ працавалі тыя самыя людзі, што сталі героямі яго рамана.
Можна толькі пажадаць В.Марціновічу тых кніжных накладаў і дзясяткаў тысяч чытачоў і соцень чытацкіх лістоў – усё тое, што меў Герчык. Так, такія былі часы, як кажуць вучоныя людзі, літаратурацэнтрычныя. Але Герчык не толькі пры жыцці спазнаў чытацкае прызнанне. В.Марціновіч сам прызнаецца, што аповесць Герчыка «Солнечный круг» «працінае» ўсё яго жыцце. Хіба гэтага мала? А вось ужо і каменты на тэкст Марціновіча сведчаць, што чытачы памятаюць кнігі Герчыка і з удзячнасцю і павагай да аўтара гавораць пра іх. А тое, што з кола В.Марціновіча «ніхто не чуў пра Герчыка», дык гэта толькі сведчыць пра ўзровень гэтага кола. Жадаю В.Марціновічу, каб пра яго праз доўгія гады хто-небудзь успомніў такімі ж усхваляванымі словамі, якімі ён сам сёння ўспамінае пра кнігу Міхася Герчыка. Хай сабе і без burneraў і тэгераў…
Каментары