Стась Карпаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку як заўсёды арыгінальна выказаўся пра нашумелае інтэрв'ю Марыі Калеснікавай Юрыю Дудзю.

Паглядзеў і я тое самае інтэрв'ю. Прыступаў з нейкім унутраным страхам і страх не праходзіў да самага канца прагляду. Праўда, страшнага нічога я так і не заўважыў.
Заўважыў тры Марыі. Першая размаўляла з інтанацыяй чалавека, які год пражыў у Польшчы і інтанаваў так, каб было заўважна, што ён нібыта жыў у Польшчы. Гэтыя модныя зараз націскі на перадапошні склад — нейкая ржака, наогул. Але ладна.
Другая Марыя мурлыкала як Рэната Літвінава ці, калі хочаце, як Наста Роўда. У гэты момант польскі націск, дарэчы, знікаў. Не магу сказаць, што я вялікі фанат мурлыкання — бо я тады разумею, што прысутнічаю падчас нейкай самапрэзентацыі, а не падчас, уласна, выказвання — але хай сабе.
Трэцяя Марыя размаўляла так, як і было задумана прыродай. І ў гэты момант яна і была шчырай. Яшчэ здзівіла яе гатоўнасць быць максімальна блізкай самаму добраму рускаму з самай дальняй расійскай пердзі. То-бок сказаць «шаурма» а пасля паўтараць следам за Дудзём «шаверма». Шаверма, б**дзь…
Ці як яна з гатоўнасцю стала метафарычна выбіраць паміж ёгуртам «данон» і яшчэ нейкай х***ёй — з улікам таго, што ніводны нармальны беларус данон (гэтую шнягу, якая ў РБ трапляла з расійскай гаўнафабрыкі) есці б не стаў.
Але.
Што ў гэтым інтэрв'ю важна і што не могуць зразумець і дараваць ані ўкраінцы, ані русня, ані беларускія патрыёты? Нерадыкальнасць Калеснікавай.
Таму давайце пару слоў пра гэта. У чым розніца паміж беларусамі, украінцамі і расейцамі. Не ў гістарычным разрэзе, а на сённяшні момант.
Расейцы (добрыя рускія) маюць сваю абароненую і нават гіпербалізаваную этнічнасць і змагаюцца за знешні выгляд палітычнай нацыі. У іх з апанентамі адна мова, адна культура. Розныя погляды на сённяшні і на заўтрашні дзень.
Украінцы, маючы сваю досыць аднародную палітычную нацыю і супольную этнічнасць, пры дапамозе сваёй дзяржавы змагаюцца за выжыванне гэтай самай дзяржавы і нацыі.
Беларусы — людзі з этнічнасцю, супраць якой змагаюцца і беларуская якбыдзяржава, і Расія, спрабуюць і сцвердзіць сваю этнічнасць, і аформіць палітычную нацыю, будучы ці наўпрост адарванымі ад краіны, з якой гэтая нацыя суадносіцца, ці не могучы ніякім чынам уплываць на палітычны працэс у гэтай дзяржаве. То-бок само паняцце палітычнай нацыі прымяніма да беларусаў выглядае не надта адэкватным.
У Расіі палітыку фарміруюць рускія. Добрыя ці кепскія — не істотна. Ва Украіне — украінцы. У Беларусі і палітыка, і культура фарміруецца так, каб замясціць беларускі інтарэс карпаратыўным. Для беларуса няма нідзе і нічога, да чаго можна было б прытуліцца.
Заўважце, Калеснікава прызнае, хто вінаваты ў вайне. Яна ведае, хто добры, а хто кепскі. Яе нельга назваць чалавекам без маральных арыенціраў. Праўда, яна кажа гэта занадта асцярожна, каб выглядаць маральным арыенцірам самой па сабе.
Але ці варта гэта нянавісці? Калі б яна нас вяла на барыкады — магчыма, было б варта. Але яе жаданні і памкненні — вузка беларускія. Яна проста хоча быць разам з беларусамі ў Беларусі і цяпаць сваю маленькую градку.
Украінцам, якія заклапочаныя фізічным выжываннем сваіх людзей, не да беларускіх праблем і не да беларускіх архітыпаў. Ім хочацца, каб іх ці адназначна падтрымалі, ці завалілі я**ла.
Расейцы наогул ніколі не ўмелі успрымаць сваю краіну як сукупнасць людзей, якія валодаюць рэгуляванымі якасцямі. Ім на сябе заўжды глядзець было прасцей. І ненавідзець свой народ і дараваць аскаціньванне свайго народа: адзін будзе асвяшчаць аўтаматы, другі, устаўшы з недая**нага матраца, будзе нешта хлюпаць пра «нашых мальчыкаў» і (пры жывой жонцы) апалагізаваць карпаратыўчыкі у Эпштэйна.
Але беларусы не абавязаныя (пачуйце мяне) мысліць катэгорыямі суседзяў. Бо наша сітуацыя і блізка не падобная да сітуацыі ані ўкраінцаў, ані расейцаў.
Беларусы ніколі не былі такімі ж «самасвядомымі», як украінцы ці расейцы, але ніколі не былі настолькі ж раздзеленымі. У гэтым разрэзе жаданне чалавека жыць сярод сваіх, хай сабе і вельмі розных і нават непрыемных людзей — гэта вынік вельмі беларускага погляду на той працэс, у якім мы ёсць.
Ці лічу я, што Калеснікава не называе рэчы сваімі імёнамі? Лічу.
Ці лічу я, што падчас такіх трагедый хаваць назвы для скоцтва пад рытарычнымі соусамі — прыкра? Лічу.
Ці лічу я, што пазіцыя, пры якой «я проста хачу гаварыць пра свае пачуцці і свой усеабдымны гуманізм» — гэта форма самавыражэння для 12‑ці гадовай школьніцы, а не для дарослага чалавека? Лічу таксама.
Але ці лічу я, што Калеснікавай ці за Калеснікаву павінна быць сорамна — не лічу. Яна беларуска. Ну вось такая як ёсць. Нікому не лідар. Нікому не паходня. Нікому не вораг. Нікому не перашкода быць злейшым і бескампраміснейшым.
Тым больш што, калі шчыра, і кампрамісаў ніхто нам не прапануе.
І вось пытанне: гэта нармальна, калі беларускі палітык першыя інтэрв’ю дае не беларусам, а немцам і расіяніну?
Калеснікава: Лукашэнка можа пайсці на спыненне рэпрэсій дзеля будучыні і «з нейкай мудрасці»
Калеснікава распавяла, чаму яна адмовілася ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ
Калеснікава адказала, ці праўда, што яна схуднела да 45 кг у калоніі
Каментары
А яшчэ каментары такога кшталата не праходзяць мадэрацыю і іх не публікуюць. Бо як так, я пасмеў кінуць сумневы на богаабранась вялікага ўкраінскага народа