Меркаванні11

Вера і праўда

Што станецца з музеем, які пачынаўся як музей партызанскай і нямецкай зброі? Ці будуць у ім спаленыя «за Саветамі» хутары?.. Піша Сяргей Ваганаў.

На мінулым тыдні лідары ФПБ сустрэліся з кіраўніцтвам Савета ветэранаў і паведамілі, што прафсаюзы сабралі 270 мільёнаў рублёў на будаўніцтва новага будынка музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Але нешта замінала радавацца чарговаму «вялікаму пачыну». Адна справа, калі народ сам аддае грошы, другая — калі іх адбіраюць.

Ці, можа, гэта не так? Можа, і сапраўды, людзі самі пачалі аддаваць свае апошнія кроўныя на «народную будоўлю»?

Трохі разгублены ўласным сумневам, я вырашыў шукаць адказ у самім музеі.

У Веры...

...Першымі сустрэлі на ўваходзе нейкія пляскатыя выявы партызан, выразаных з фанеры ці з кардону. Апранутыя ў спраўныя кажушкі, з чырвонымі лентачкамі на шапках, з аўтаматамі ППШ... Ну, проста ансамбль песні і скокаў... Нешта падобнае я бачыў на святкаванні 50-годдзя БССР, калі маршыравалі «партызаны» ў белых кажушках.

Потым адбыўся скандал — рабочыя аднаго завода паскардзіліся, што кіраўніцтва адбірае ў іх кажушкі, абяцаныя ў падарунак за ўдзел у тым маршы...

Я доўга хадзіў па залах амаль у поўнай адзіноце, углядаючыся ў даўно знаёмыя і незнаёмыя здымкі, дакументы і рэчы. І сёння яны дыхаюць такой жудаснай і адначасова такой шчымлівай сапраўднасцю!

Але чаму вось гэтыя юнакі ледзь не з рогатам здымаюць адзін аднаго на фоне брамы з Трасцянца?! За брамай попел спаленых, косткі... Чаго не стае хлопцам, каб устрымацца ад блюзнерскай спакусы рабіць трагедыю фонам?..

Я прайшоў праз усе залы, потым вярнуўся і зноў прайшоў. Але Веры нідзе не было.

...Вера з Апанасам працавалі настаўнікамі ў вёсцы Сямёнавічы непадалёк ад Узды. Ад пачатку вайны Апанас пайшоў на фронт, а Вера засталася з двухгадовай Святланкай.

Гестапаўцы схапілі Веру 24 чэрвеня 1944-га, за тры дні да вызвалення.
Потым яе, люта збітую, бачылі ва ўздзенскай турме. Потым — разарванай сабакамі і распнутай на сцяне нейкага хлява. Потым ніхто ўжо яе не бачыў. Нідзе і ніколі...

Засталася ад Веры толькі адна фотакартка — са студэнцкага білета Мінскага педвучылішча. З гэтай фотакарткі потым зрабілі трохі большую, яна вісела ў музеі Айчыннай вайны побач з аднайменным ордэнам, якім Веру ўзнагародзілі за сувязь з партызанамі. Яна і была ўсю вайну сувязной...

Апанас вярнуўся жывым, зноў ажаніўся, працаваў настаўнікам, разводзіў пчол... І доўга шукаў таго, хто данёс. Не знайшоў...

...Я ўспомніў раптам, як Янак вадзіў мяне ў лес. Па дарозе мы натрапілі на спалены хутар. Непадалёк стаяў самаробны драўляны крыж, на ім шыльда — ад рукі, чорнымі няроўнымі літарамі: «Тут пахаваны...» Я пачаў перапісваць усе прозвішчы, дарослых — з імем па бацьку, дзяцей — з адным імем.

«Партызаны спалілі», — раптам сказаў Янак. «Якія партызаны?» — «Ну, тыя, што за Саветамі...».

15-гадовы Янак з заходнебеларускай вёскі лепш ведаў гісторыю, чым ягоны малады настаўнік гісторыі.

Без аніякіх музеяў.

Аб адным шкадую дасюль — згубіў недзе за паўстагоддзя паперку з прозвішчамі спаленых хутаран. Запомніў толькі тры апошнія словы: «...і ўся іх родіна»... Без «дз»...

Цяжкі сум не пакідаў мяне, пакуль я шукаў Веру.

Што станецца з музеем, які пачынаўся, па сутнасці, як музей партызанскай і нямецкай зброі, і з якога мы, народжаныя ў вайну пацаны, не вылазілі цэлымі днямі?

Ці будуць у ім спаленыя «за Саветамі» хутары?..

Ці ажыве ў ім вера ў праўду?

Праўду, якую старанна намагаюцца апрануць у спраўны белы кажушок, а жудасную беларускую трагедыю Другой сусветнай вайны ператварыць у ззяючы пераможнымі феерверкамі фон...

Яны хутка сыдуць у нябыт, апошнія пераможцы фашызму, дзеля якіх, быццам, збіраюцца народныя грошы на новы музей.

Але як цудоўна будуць выглядаць на фоне «павержанага рэйхстага» — галоўнага збудавання новага музея — наш дамарослы «генералісімус» ды ягоныя генеральчыкі ў мундзірах з эпалетамі і ваяўнічым бляскам фальшывых узнагарод...

...Калі адчуваю, што нечага не хапае ў жыцці, еду на Паўночныя могілкі, дзе, пражыўшы свой век, пахавана, акрамя Веры, «уся наша родіна»... Вось матуля Веры, мая цёця Вольга, якая выхавала Святланку. Вось сама Святлана....

А вось і Вера. Глядзіць з той самай фоткі, умураванай у граніт...

Глядзець таксама:

Сяргей Ваганаў. Вера і праўда

Сяргей Ваганаў. Наменклатурнае паліто

Сяргей Ваганаў. Пераходны перыяд

Сяргей Ваганаў. Мосцік над вечнасцю

Сяргей Ваганаў. Калгасная праўда

Каментары1

Цяпер чытаюць

Пілот, які разбіўся на дэльтаплане пад Мінскам, — гітарыст гурта «Колер Алоэ»2

Пілот, які разбіўся на дэльтаплане пад Мінскам, — гітарыст гурта «Колер Алоэ»

Усе навіны →
Усе навіны

Петэр Мадзьяр заявіў, што параіў бы Пуціну завяршыць вайну3

«Адкуль вы ўсе?!» Слава Камісаранка быў ашаломлены складам гледачоў на сваім канцэрце ў ЗША21

У Мінску сабутэльнікі забілі таварыша і вынеслі паміраць на лесвічнай пляцоўцы5

У мінскім аэрапорце па вяртанні з Грузіі затрымалі фатографа Аляксандра Шышко6

Танны аналаг Егіпта. Беларуска расказала, як адпачыла ў Камбоджы6

Прыёрбанк перавёў на рахункі дзяржавы мінімум 800 мільёнаў рублёў2

Мінчанка ляжала на ложку-трансформеры, калі той раптам склаўся2

У Гомелі зноў працуе рэстаран «Спадчына», закрыты пасля «Гукання вясны»

Навукоўцы ў шоку ад вынікаў даследаванняў інтэлекту пакалення Z14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пілот, які разбіўся на дэльтаплане пад Мінскам, — гітарыст гурта «Колер Алоэ»2

Пілот, які разбіўся на дэльтаплане пад Мінскам, — гітарыст гурта «Колер Алоэ»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць