Расія ў страху перад новым амерыканскім ударным дронам, які дае Украіне вырашальную перавагу
Амерыканскія дроны-камікадзэ Hornet, кіраваныя штучным інтэлектам, ператварылі расійскія тылы ў зону пастаяннай рызыкі. Традыцыйныя сродкі абароны ад іх не ратуюць. Расказваем, што пра іх вядома.

Дрон Hornet з’яўляецца распрацоўкай амерыканскай кампаніі Swift Beat LLC, якую ўзначальвае былы генеральны дырэктар Google Эрык Шміт. Гісторыя гэтага апарата нетыповая: ён не ствараўся па прамым заказе Пентагона, а з’яўляецца камерцыйным праектам, накіраваным на стварэнне максімальна эфектыўнага і таннага сродку для канфліктаў высокай інтэнсіўнасці.
Пагадненне аб вытворчасці гэтых БПЛА было падпісана з Кіевам летам 2025 года. Сёння Hornet пастаўляецца ва Украіну праз спецыяльныя фонды і прамыя кантракты, а Пентагон уважліва назірае за іх поспехамі, вывучаючы перспектыву ўключэння сістэм штучнага інтэлекту ў свой афіцыйны арсенал. Першае баявое прымяненне Hornet было зафіксавана ў сакавіку 2026 года падчас атакі на аб’екты ў Данецку.
Асноўныя характарыстыкі
Канструкцыя Hornet істотна адрозніваецца ад тыповых квадракоптараў ці лёгкіх FPV-дронаў: ён пабудаваны па самалетнай схеме з вертыкальным кілем і заднім штурхаючым вінтом. Такая кампаноўка гарантуе высокую стабільнасць у паветры і максімальную бясшумнасць, што робіць апарат складанай цэллю для візуальнага і слыхавога выяўлення.
Тэхнічныя магчымасці дрона дазваляюць яму заставацца ў небе да дзвюх гадзін, пераадольваючы агульную адлегласць да 150 км пры эфектыўным радыусе дзеяння 30—50 км. Крэйсерская хуткасць Hornet складае 100—120 км/г, аднак падчас пікіравання на цэль ён здольны разганяцца да 200—300 км/г. Апарат звычайна выконвае задачы на вышыні 300—500 метраў, але для абыходу сістэм СПА блізкага радыуса можа падымацца да вышыні 5000 метраў.
За паражэнне адказвае шматмэтавая пяцікілаграмовая баявая частка класа MMW (multi-mode warhead), якая ў залежнасці ад абранага рэжыму можа выкарыстоўвацца як асколачна-фугасны зарад для знішчэння пяхоты і небраняванай тэхнікі, альбо як кумулятыўны — для пунктавага вываду з ладу тэхнікі.

Штучны інтэлект супраць РЭБ
Галоўная перавага Hornet — глыбокая інтэграцыя штучнага інтэлекту. Дрон абсталяваны вылічальным модулем з бібліятэкай візуальных вобразаў. Гэта дазваляе яму самастойна ідэнтыфікаваць танкі, сістэмы СПА і РСЗА нават на добра замаскіраваных пазіцыях.
ШІ поўнасцю вырашае праблему радыёэлектроннай барацьбы. Калі раней глушэнне сігналу GPS або сувязі з аператарам азначала страту дрона, то Hornet працягвае выкананне задачы аўтаномна. Ён ідзе па загадзя запраграмаваных пунктах, не выпраменьваючы сігналаў, што робіць яго нябачным для радыёпеленгацыі. На фінальным этапе сістэма тэхнічнага зроку «захоплівае» цэль і карэктуе заход на ўдар нават пры поўнай адсутнасці сувязі.
З’яўленне Hornet істотна нарасціла магчымасці УСУ па знішчэнні варожай лагістыкі. Па інфармацыі тэлеграм-канала «Молот Vедьм», прыярытэтнымі цэлямі беспілотніка з’яўляюцца машыны забеспячэння, РЛС і мабільныя агнявыя групы.
Для супрацьдзеяння новаму беспілотніку, які ў расійскіх войсках ужо ахрысцілі «Марсіянін-2», на асноўных дарогах у тыле актыўна ўзводзяцца сеткавыя калідоры.
Аднак эксперты адзначаюць, што такія сеткі не панацэя. Адзіным эфектыўным метадам барацьбы з Hornet пакуль застаюцца толькі дроны-перахопнікі, здольныя збіваць апарат у паветры да таго, як ён выйдзе на фінальную траекторыю атакі.
Каментары
Нешта падобнае было, калі людзі пачалі прымяняць порах.
Вайна машынаў (пра якую раней мы чыталі толькі ў творах навуковай фантастыкі).
Поспеху Украіне ў гэтай жахлівай бітве. Але, здаецца, што гэтую новую зброю, то пакуль змогуць рабіць акрамя ЗША, толькі ў КНР. І хацелася б, каб кітайцы не ўлезлі ў гэтую страшную вайну.
P.s эти дроны чернз пару месяцев будут и в рф.э и кнр. Что что а копировать они умеют