Дырэктарам Тэатра лялек прызначылі былога міліцыянера і ахоўніка «Еўраопта»
Дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек — на цяперашні момант самага папулярнага тэатра ў краіне — у красавіку быў прызначаны 49‑гадовы Вячаслаў Леаненка. Як высветліла «Люстэрка» з дапамогай «Кіберпартызан», гэта выхадзец з сілавых структур, маёр міліцыі, які да гэтага працаваў у сферы аховы.

Пасада дырэктара тэатра заставалася вакантнай з лютага гэтага года, пасля звальнення мінулай кіраўніцы Таццяны Тоўсцік (у калектыве сцвярджалі, што яна сышла сама, каб вярнуцца да выкладчыцкай працы).
Вячаслаў Леаненка з 2024 года лічыўся ў Тэатры лялек намеснікам дырэктара. Аднак на сайце тэатра не было ніякай інфармацыі пра тое, хто гэты чалавек, не з'явілася там яго біяграфія і цяпер, калі Леаненку прызначылі дырэктарам. Звестак пра яго ў нейкіх адкрытых крыніцах няма.
Гэта незвычайна для чалавека, які становіцца кіраўніком буйнога тэатра: як правіла, такія пасады атрымліваюць чыноўнікі са сферы культуры, згадкі пра якіх ёсць як мінімум у дзяржаўнай прэсе. У той жа час адсутнасць публічнай інфармацыі звычайна сведчыць пра сілавое мінулае чалавека. Мы праверылі яго даныя з дапамогай «Кіберпартызан» — падазрэнні апраўдаліся.
Вячаслаў Леаненка скончыў Акадэмію МУС у 2001 годзе, працаваў у сталічнай міліцыі і да 2008‑га даслужыўся да маёра. У 2012 годзе 35‑гадовага міліцыянера звольнілі з пасады старшага экперта-крыміналіста Заводскага РУУС Мінска да заканчэння тэрміну кантракта па згодзе бакоў (абставіны невядомыя). Адразу пасля гэтага Леаненка ўладкаваўся ў «Еўрагандаль» (сетка «Еўраопт») у службу аховы і ў 2015‑м стаў намеснікам начальніка аховы. У 2017 годзе перайшоў у «Дабраном» (сеткі «Капеечка», «Маяк» і «Дабраном»).
У лістападзе 2023 года Леаненка раптам зноў аказаўся патрэбны дзяржаве і паступіў на працу ў Заводскую раённую арганізацыю грамадскага аб'яднання «Белая Русь» (цяпер ператворана ў галоўную партыю ўлады) на невядомай пасадзе. А ўжо праз два месяцы, у студзені 2024-га, быў прызначаны намеснікам дырэктара Тэатра лялек.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары