Андрэй Расінскі. Кадры

Знак бяды пад покрывам нябёсаў

Кінастужкі “Знак бяды”, “Наш бронецягнік”, “Пад покрывам нябёсаў”, “Практычная магія” і “Замак”

Знак бяды

Наш бронецягнік

Практычная магія

Пад покрывам нябёсаў Увага – шэдэўр!

Замак

posterЗнак бяды

Беларусь, 1986, каляровы, 151 хв

Рэжысэр: Міхаіл Пташук

Жанр: Трагедыя паводле аднайменнай аповесьці Васіля Быкава

Ролі выконваюць: Ніна Русланава, Генадзь Гарбук, Віталь Быкаў, Уладзімер Гасьцюхін, Аляксей Зайцаў, Уладзімер Ільін, Яўген Платохін

Адзнака: 5,5 (з 10)

Экранізацыя “Знаку бяды” лічыцца адным зь лепшых фільмаў Міхаіла Пташука – і някепскім увасабленьнем быкаўскай прозы. Рэжысэр Пташук пайшоў шляхам падкрэсьліваньня, вонкавага ўзмацненьня аскетычных канфліктаў і жэстаў.

Сьцепаніда – у выкананьні Ніны Русланавай – занадта валявая, просталінейная, энэргічная. Ейнае акторскае майстэрства адзначанае дзяржаўнай прэміяй Беларусі дый расейскім прызам “Ніка”. Але ў празьмерным імпэце губляюцца нацыянальныя рысы.

Другаплянныя пэрсанажы – Каландзёнак і Гуж (Платохін і Ільін) – сталіся амаль гратэскнымі, што запамінаецца – але выбіваецца з гэнай быкаўскай аповесьці.

Найболей удалы вобраз створаны Генадзем Гарбуком. Ягоны Пятрок – рахмана-роспачны, з пранізьлівымі вачыма пакутніка – і з адчайным паўстаньнем. Кадры апэратаркі Тацяны Логінавай таксама ўзмацняюць патас.

Карціна зь цяжкасьцю пабачыла сьвет: баяліся сцэнаў раскулачваньня. Але сёньня крамольныя эпізоды зьдзіўленьня не выклікаюць.

І хаця фільм ёсьць толькі подступам да быкаўскае трагедыі – экранізацыя мае свае дасягненьні.

posterНаш бронецягнік

Беларусь, 1988, каляровы, 150 хв

Рэжысэр: Міхаіл Пташук

Жанр: Кінааповесьць

Ролі выконваюць: Уладзімер Гасьцюхін, Міхаіл Ульянаў, Аляксей Пятрэнка, Аляксандар Філіпенка, Леанід Невядомскі, Натальля Папова, Валер Прыемыхаў, Алена Сьмірнова, Андрэй Бубашкін

Адзнака: 5 (з 10)

Травень 1966 года. Колішні лягерны ахоўнік Мікалай Кузьняцоў выпадкова сустракаецца са сваім былым вязьнем. Пасьля канфлікту з сынам, які даведваецца пра мінулае бацькі, Кузьняцоў шукае старых “калегаў”, каб знайсьці апраўданьне. Героі перабудовачнае карціны – “сталінскія сокалы”: хто зь іх сьпіўся, хто прыстасаваўся, а хто дакладна ведае, што іх “браняпоезд стаіць на запасным пуці”.

Герой стужкі (у надрыўна-залімітным выкананьні Ўладзімера Гасьцюхіна) робіць сабе сьмерць, але прыбыцьцё “іхняга цягніка” Пташук насурочыў.

Карціна збольшага дыялёгі-спрэчкі (некаторыя лічаць фільм радыёп’есай), але зьвярніце ўвагу на трапны маніякальны мантаж афіцыёзных шабашаў-дэманстрацый.

posterПрактычная магія (Practical Magic)

ЗША, 1998, каляровы, 103 хв

Рэжысэр: Грыфін Дан

Жанр: Містыка-камэдыйная мэлядрама паводле раману Эліс Гофман

Ролі выконваюць: Ніколь Кідман, Сандра Балак, Даян Ўіст, Марго Марціндэйл, Стокард Чэнінг, Люсінда Джэні

Адзнака: 5 (з 10)

Над сям’ёй Оўэнз вісіць праклён. Сёстры Джыліян і Салі – патомныя вядзьмаркі і кожны мужчына, які спадабаецца ім, памрэ маладым. Але сёстры зусім не жадаюць такога лёсу – жанчыны мараць пра каханьне.

На выпраўленьне праклёну прыходзіць практычная магія. І вось гераіні шматкроць забіваюць – і ўваскрашаюць палюбоўніка-недарэку. Мужчына адпаведнай кандыцыі ніяк не атрымліваецца, затое палюбоўнік даходзіць да стану прывіда, “падключанага” да Джыліян.

Практычная жаноцкая магія па стварэньні ідэальнага мужчыны карысталася вялікім посьпехам у глядачак Амэрыкі й Эўропы.

posterПад покрывам нябёсаў / Расколатае неба (The Sheltering Sky)

ЗША – Італія, 1990, каляровы, 138 хв

Рэжысэр: Бэрнарда Бэрталючы

Жанр: Экзыстэнцыйная драма паводле раману Пола Боўлза

Ролі выконваюць: Джон Малкавіч, Дэбра Ўінгер, Кэмпбэл Скот, Джыл Бэнэт, Цімаці Спол, Эрык Вю-Ан

Адзнака: 9 (з 10)

У 1947 годзе амэрыканскі кампазытар Порт з жонкаю Кіт і іхні новы сябар Джордж Танэр прыязджаюць у Афрыку. Вандруючы па Сахары, яны спрабуюць уцячы ад цывілізацыі, тлуму, ад гарадзкой мітусьці, і самае галоўнае – ад саміх сябе. Але ад сябе ўцячы немагчыма – і пад покрывам нябёсаў разгортваецца пранізьлівая экзыстэнцыйная драма.

Шэдэўр Бэрнарда Бэрталючы, дзе філязофскія чыньнікі набываюць эратычную плоць, а стыхіі прыроды (пад кіраўніцтвам апэратара Віторыё Старары) – становяцца вобразамі чалавечай душы.

Адна з найлепшых палюбоўных сцэнаў у гісторыі кіно, дзе сьпякотнае неба, пясок – і сонца, а музыка Руічы Сакамоты пульсуе загадкаю й жаданьнем. Сьмерць, прызнаньне ў каханьні – і самота пустыні, ад якой не пазбыцца.

Раман Пола Боўлза казаў пра неразуменьне культураў, фільм Бэрталючы – пра экзыстэнцыйнае маўчаньне пад расколатым небам. Але позіркі, дотык і пясок сонечных кадраў – ёсьць формаю дыялёга.

posterЗамак (Замок)

Расея – Нямеччына – Францыя, 1994, каляровы, 110 хв

Рэжысэр: Аляксей Балабанаў

Жанр: Прыпавесьць паводле аднайменнага раману Франца Кафкі

Ролі выконваюць: Мікалай Стоцкі, Віктар Сухарукаў, Сьвятлана Пісьмічэнка, Анвар Лібабаў, Ігар Шыбанаў, Андрэй Сьмірноў, Аляксей Герман, Вольга Антонава

Адзнака: 6 (з 10)

Да імпэрскага “Брата”, прасякнутага “правільнай” клясава-нацыянальнай нянавісьцю, Аляксей Балабанаў здымаў эстэцкія фільмы паводле рускага дэкадансу, Бэкета – і Франца Кафкі.

Карціна “Замак” – экранізацыя змрочнага раману Франца Кафкі. Малады каморнік прыяжджае ў Палац, куды яго нанялі. Але ў Палац ён трапіць ня здольны – і становіцца ахвяраю таталітарна-бюракратычных інтрыгаў…

Фільм Балабанава поўніцца гратэскнымі пэрсанажамі зь лядашчымі тварамі; дэкарацыі, колеры, гістэрычныя жэсты почасту зусім кафкіянскія. Балабанаў нават дапісывае фінал твору – і пераўтварае каморніка ў бунтара (у гэтым ён ідзе за Орсанам Уэлзам, які зрабіў падобнае з “Працэсам”).

Карціна мае шэраг расейскіх узнагародаў: за лепшую рэжысуру, апэратарскае майстэрства (Сяргей Юрызьдзіцкі, Андрэй Жагалаў), за найлепшыя касьцюмы, музыку (кампазытар Сяргей Курохін) і гук.

Усе фільмы

Каментары

Цяпер чытаюць

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі8

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі

Усе навіны →
Усе навіны

Жонка кіраўніка IT-кампаніі, якога заўважылі на канцэрце з калегай-каханкай, адрэагавала на сітуацыю17

«Маму трымалі проста ў яме, марылі голадам». Гісторыі ўкраінак, выкрадзеных расейцамі са сваіх дамоў7

Ціханоўская: «Мы расказалі Сяргею, як сябе паводзіць на сустрэчах высокага ўзроўню. Ён жа эмацыйны, як агонь, як ураган»18

У 18-м пакеце санкцый — чатыры беларускія кампаніі і завод «Легмаш», прадугледжваюцца захады супраць беларускіх банкаў19

Сям’я з Беларусі на сваёй машыне праехала каля 10 тысяч кіламетраў дзеля Эгейскага мора6

Беларуска ў 36 гадоў паступае ва ўніверсітэт на дзённае4

У выніку пажару на «Кераміне» аб'ём вытворчасці заўважна ўпадзе. А ўзгаранне магло быць ускосным наступствам санкцый14

Telegram пачаў рэгістрацыю прадстаўніцтва ў Расіі? Дураў абвяргае7

Лідар літоўскіх кансерватараў прапануе абавязаць замежнікаў вучыць літоўскую для падаўжэння ДНЖ62

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі8

Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць