Літаратура1111

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа

Дар’я Ракава выехала ў Польшчу ў 2018‑м 18-гадовай, вучыцца. У эміграцыі яна перажыла кавідную ізаляцыю, немагчымасць прыехаць у Беларусь пасля 2021-га, пачатак вайны ва Украіне і змены ў стаўленні да беларусаў. Цяпер яна выкладае польскую мову як замежную і працуе ў EPAM. Яе кніга «Я/Мы Эміграцыя» можа стаць папярэджаннем ці, прынамсі, канстатацыяй таго, якая будучыня чакае маладых людзей, якія выбралі эміграцыю, піша Зося Лугавая.

«Я/Мы Эміграцыя» — гэта погляд на эміграцыю вельмі маладой дзяўчыны. Гэта просты па сваёй форме тэкст, але поўны эмпатыі, (сама)іроніі і цікавых эмігранцкіх назіранняў. Дар’я пераехала ў Польшчу ў 18 год: вучылася ва ўніверсітэце, падпрацоўвала, вучыла мову.

Дар’я выкладае польскую мову як замежную. У яе шмат вучняў і даволі вялікая выбарка, як яна сама сцвярджае. І тое, з чаго яна пачынае, — гэта мова.

«У новай краіне жыхарства доўга маўчыш. Спачатку табе бракуе слоў. І часта чуеш ад самых розных людзей, куды табе трэба ехаць, які ты «не такі» ды які ты недарэчны, калі ўсё ж вырашаеш адкрыць рот. Дыскрымінацыя становіцца настолькі звыклай часткай жыцця, што да таго моманту, калі мовы ўжо хапае, каб адказаць усім, працягваеш маўчаць, паверыўшы ў сваю непаўнавартасць. Плаціш падаткі, робіш карысную працу, як мясцовыя, маеш добры досвед і некалькі моваў ў галаве, але ўсё роўна ты «лішні» і жывеш з гэтым, сарамліва зачыніўшы рот». 

Шмат што пачынаецца і сканчваецца мовай, мова дае свабоду. І гэта акурат тая тэма, якая будзе блізкай для эмігрантаў любога ўзросту. Дар’я прыехала ў Польшчу з ўзроўнем В2, але гэтага было катастрафічна мала для паўнавартаснай камунікацыі. Да камфортнага існавання ў новай моўнай прасторы пройдзе не год і не два, нават пры ўмове яе інтэнсіўнага вывучэння.

 «За некалькі секунд трэба было зразумець, што мне кажа чалавек, што ён мае на ўвазе і чаго ад мяне чакае. Усё заканчвалася на першым этапе: я разумела толькі словы… Калі я ўжо магла падтрымліваць размову па-польску, аказалася, што мяне хапае на пятнаццаць хвілін». 

Другая важная тэма, якая гучыць праз усю кнігу, — сябры. Тое, як губляюцца старыя сябры, як няпроста заводзіць новых, з якімі ў цябе няма супольных культурных кодаў, зразумелых жартаў, вядомых з дзяцінства кніг ці тэлеперадач.

«Сябры, з якімі дамаўляліся заўсёды быць на сувязі, растварыліся ў часе. Або, лепей сказаць, растварыліся ў траўме».

Дар’я разважае пра тое, як адрозніваюцца фарматы сяброўскай камунікацыі ў Беларусі і ў Польшчы. І пра тое, што свае людзі, людзі-масты, знаходзяцца ў любой культуры, але на тое патрэбны час. Бо траўму эміграцыі, нагадвае аўтарка, псіхолагі параўноўваюць са стратай блізкага чалавека. 

Эміграваўшы ў суседнія краіны, беларусы даведаліся, што суседзі вельмі мала ведаюць пра іх, калі ўвогуле нешта ведаюць. Вядома, гэтае пытанне можна задаць і самім сабе: а што мы ведаем пра сваіх суседзяў? Але Дар’я ў першую чаргу кажа пра нябачнасць беларусаў для палякаў і рэгулярныя дыялогі кшталту такога:

У вас такі прыемны акцэнт, вы з Украіны?

— Не.

— З Расеі.

— Не.

— З Літвы?

— Зноўку не адгадалі.

— Ну тады застаецца толькі Казахстан.

— Я з Беларусі.

Яшчэ адна важна тэма, на якую разважае аўтарка — гэта дом. Кожны з эмігрантаў рана ці позна ловіць сябе на думцы: дзе мой дом? Я ўжо дома ці яшчэ не? Калі можна пачынаць купляць мэблю, прыгожы посуд і ствараць утульнасць няхай і на здымнай кватэры?

«А калі ў мяне ніколі не будзе грамадзянства? Ці сваёй кватэры? Памру, так і не выпіўшы віна са сваіх прыгожых келіхаў? У мяне няма грошай на сваё жытло і слабыя шансы атрымаць пашпарт, але пяцьдзесят злотых на келіх у мяне ёсць. І ёсць вялікае жаданне больш не жыць адкладзеным жыццём».

Закранае аўтарка і тэму сям’і, адносін, дзяцей. Спачатку падаецца: наўрад ці маладая дзяўчына зможа сказаць штосьці новае тым, хто значна старэйшы, не адзін год у шлюбе і мае дзяцей. Але Дар’я выказваецца па справе: не толькі партнёр раскрываецца для цябе ў новым святле ў эміграцыі, але і ты сам/сама для сябе раскрываешся з новых бакоў. Цікавая думка, якой я адразу знайшла з паўтузіна пацверджанняў сярод сяброў і знаёмых — гэта розныя тэмпы адаптацыі і іх наступствы:

«Адзін імкнецца асвоіцца, а другі замірае на некалькі гадоў. Вы здзівіцеся, але гэта моцна залежыць ад вывучэння мовы… Хто вучыць мову, той вырашае вялікія легалізацыйныя пытанні і маленькія бытавыя турботы. Праз памылкі і сорам пачынае паўнавартасна функцыянаваць. Калі другі парнёр не спрабуе вучыцца, то ён заканамерна пачынае быць залежным».

І ўжо зусім нечакана, але надзвычай радасна была чытаць пра дзяцей і падлеткаў, пра неабходнасць з самымі малымі ў першую чаргу клапаціцца пра родную мову, бо мясцовую яны засвояць на дзіцячай пляцоўцы, у садку ці гуртках.

«— Дар’я, майму сыну чатыры гады, вы маглі б пазаймацца з ім? Мы пераязджаем праз два месяцы…

— Не пазаймаюся. Як прыедзеце — адпраўце яго ў пясочніцу з мясцовымі дзецьмі. Месяцы праз тры ён будзе вучыць вас. Лепш потым паклапаціцеся аб занятках вашай роднай мовай для яго гадоў з шасці».

У адрозненне ад малечы, самая ўразлівая група ў эміграцыі — гэта падлеткі. Яны ўжо не дзеці, якім хапае простага ўзроўню мовы і якія вельмі хутка яе засвойваюць. Але яны яшчэ і не дарослыя, у якіх ёсць жыццёвы досвед ды інструменты самакантролю.  

«Быць бацькамі падлетка складана. Быць бацькамі падлетка на эміграцыі яшчэ складаней. А ці ведаеце, што самае складанае? Быць менавіта самім падлеткам».

«Я/Мы Эміграцыя» — гэта кніга, дзе ўсяго патроху, але ўсё дарэчы. Месцамі аўтарка гаворыць мовай папулярнай псіхалогіі, але кажа яна добрыя рэчы: не прымаць крытыкі ад таго, да каго не пойдзеш па параду; што адаптацыя ў эміграцыі — не лінейны працэс, і першыя пяць гадоў нас гайдае на арэлях прагрэсу і рэгрэсу; рашэнне вярнуцца — нармальнае па сутнасці, але можа быць няпростым у выкананні, бо «ў нашай культуры ўвогуле не прынята ў нешта ўлезці, каб потым адтуль вылезці».

Часам мяне чапляла, што аўтарка кажа «асіміляцыя» там, дзе на мой погляд мусіць быць «інтэграцыя», бо асабіста я для сваіх дзяцей шукаю другога і хацела б як мага даўжэй утрымацца ад першага. Магчыма, гэта ўзроставыя асаблівасці: Дар’я эмігравала ў 18, я — у 38. Але, напэўна, кажучы «Я проста беларуская эмігрантка ў Польшчы ў першым пакаленні, а Польшча — мой дом», аўтарка мае рацыю.

Кніга выйшла ў новым беларускім выдавецтве RozUM Media, якое было заснавана ў 2025‑м у Польшчы. Выдавецтва робіць стаўку на новыя галасы і шчырасць, адкрытае для маладых аўтараў і аўтарак. На сайце выдавецтва ўжо ёсць некалькі кніг, якія можна набыць — на беларускай і расейскай мовах, у электронным і папяровым выглядзе.

Дар’я Ракава. Я/Мы Эміграцыя. — Польшча: RozUM Media, 2025

Каментары11

  • Нумэр Уно
    08.12.2025
    Какая-то мода на книги пошла. Любой нонейм с раздутым самомнением теперь пишет книги.
  • 1
    08.12.2025
    Есьць пытаньне. Адкуль бяруцца пуцинферштэеры(мабыць ужо и лукаферштэеры есьць, хз)? Выходзяць пэуна з срадовишча людзей, якия марыли и апрынулися у эмиграцыи, як гэта дзяучына. И ужо зразумелла, што некаторыя мары ня здолели и ня здоляюць здзяйсьницца, а на радзиму пакуль вяртаца стремна.
    Не не не, мусим адрозьниць яе ад вымушанай эмигрантки ад дваццатага.
  • Test user
    08.12.2025
    Товарищи графоманы, поберегите природу, выпускайте свои опусы в только в электронном виде - и самолюбие потешите, и бумагу сбережете.

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне11

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Усе навіны →
Усе навіны

Куніца, якая гойсала па Мінску, загінула1

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі31

У Літве прапанавалі кампенсаваць захраслыя ў Беларусі грузавікі беларускай маёмасцю40

Электробусы пачнуць хадзіць у наступным годзе прыгараднымі маршрутамі1

У Расіі паказваюць шоу пра п'яных зорак — глядзяць і беларусы8

Міністр унутраных спраў Беніна заявіў, што арміі ўдалося прадухіліць спробу вайсковага перавароту

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго41

Тайланд нанёс авіяўдары па камбаджыйскіх ваенных цэлях на спрэчнай мяжы дзвюх краін2

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне11

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць