Арганізатары беларускага TEDx у Варшаве дагэтуль не атрымалі грошы за прададзеныя квіткі — кампанія беларуса затрымлівае іх ужо 4 месяцы
18 красавіка 2026‑га беларусы арганізавалі ў Варшаве канферэнцыю TEDx Ulica Mińska. Прайшло 4 месяцы, а грошы за продаж квіткоў цалкам так і не дайшлі да арганізатараў.

TEDx Ulica Mińska арганізоўвалі па ліцэнзіі TED Conferences — фармата некамерцыйных канферэнцый, дзе спікеры дзеляцца цікавымі ідэямі з навукі, сферы тэхналогій, мастацтва і бізнэсу, а то і проста з уласнага досведу. На красавіцкім TEDx Ulica Mińska выступалі, напрыклад, Аркадзь Добкін, Леў Львоўскі, Рыгор Астапеня — усяго 12 спікераў з розных сфер.
Квіткі на падзею прадавалі праз платформу Relivent. Паколькі гэта некамерцыйная канферэнцыя, грошы за квіткі былі патрэбныя, каб акупіць працу падрадчыкаў — напрыклад, аплаціць арэнду пляцоўкі і вытворчасць відэа з падзеі. Але ж аказалася, што падрадчыкі ўсё яшчэ чакаюць тыя грошы.
Ганна Казлова, ліцэнзіятка канферэнцыі і прадстаўніца арганізатараў, у фэйсбуку расказала пра сітуацыю вакол грошай за квіткі. Жанчына піша, што Relivent атрымалі за квіткі 84 тысячы злотых (19,5 тысячы еўра) — Ганна ўдакладніла для «Нашай Нівы», што на сёння Relivent вінныя яшчэ каля 66 тысяч злотых (15,3 тысячы еўра).
Яшчэ да канферэнцыі Relivent цалкам аплацілі друкаваную прадукцыю і зрабілі два невялікія траншы кампаніі B’FORT, то-бок пляцоўцы, дзе праходзіла падзея. Рэшту аплаты чакалі на наступны тыдзень пасля канферэнцыі, але ж ужо ў канцы красавіка была зафіксаваная першая пратэрміноўка.
Некалькі месяцаў арганізатары TEDx Ulica Mińska камунікавалі з кіраўніком Relivent беларусам Паўлам Цішчанкам. Цягам гэтага часу Цішчанка шмат пераносіў тэрміны аплаты, спасылаўся на тое, што грошы адпраўленыя, але банк блакуе перавод, збіраўся пагасіць запазычанасць пад уласныя гарантыі. І ў сярэдзіне ліпеня перастаў адказваць арганізатарам канферэнцыі і падрадчыкам.
Ганна Казлова прызнаецца, што паводзіны Relivent ставяць арганізатараў TEDx Ulica Mińska у цяжкае становішча:
«Тыя грошы, якія збіраюцца за кошт продажу квіткоў, ідуць на аплату выдаткаў падчас правядзення мерапрыемства. Калі мы не можам аплаціць нейкія выдаткі за кошт квіткоў ці грошай партнёраў, мы іх закрываем уласнымі грашыма. Тут такія сумы, якія я не магу закрыць уласнымі грашыма».
Хоць нейкія грошы пасля канферэнцыі пабачыў толькі адзін падрадчык — кампанія Slay Media, якая рыхтавала відэа з падзеі. Яе прадстаўнік кажа, што аператар квіткоў мусіў аплаціць ім відэавытворчасць, але ж атрымаць хоць нейкія грошы аказалася складана:
«Пачаліся нейкія затрымкі па аплаце, неапраўданыя пераносы. Потым па просьбе самога Relivent была падпісаная дамова з дакладна прапісанымі тэрмінамі аплаты, якая не была выкананая».
Далей Slay Media выйшлі на прамую камунікацыю з Цішчанкам:
«Ён дасылаў незразумелыя скрыншоты і абяцанні аплаціць заўтра, ні разу не даваў SWIFT-пацверджанняў пераводу. Пазней я выставіў яму дасудовую прэтэнзію з патрабаваннем аплаціць у сямідзённы тэрмін усю суму доўгу, у адказ ён даслаў расклад аплаты, падзелены на чатыры часткі, які ён таксама не выканаў.
Адзінае — на мінулым тыдні прыйшла чвэрць ад усёй сумы. Але гэта не адпавядае ні яго раскладу, ні нашай прэтэнзіі, усе аплаты даўно пратэрмінаваныя».
У Slay Media кажуць, што Relivent перавёў ім каля 4 тысяч злотых, пры тым што агульная сума доўгу складае 17 тысяч злотых. Але ж на новыя выплаты не спадзяюцца — прадстаўнік кампаніі расказвае, што Relivent вінны шмат каму. Тым часам Цішчанка сам выставіў дасудовую прэтэнзію прадстаўніку Slay Media, каб той выдаліў публікацыю ў Threads пра яго.
У каментары для «Нашай Нівы» Павел Цішчанка прызнаў, што даўгі ёсць:
«Пасля падзеі засталіся непагашаныя абавязацельствы перад асобнымі падрадчыкамі. Кампанія не адмаўляецца ад сваіх абавязацельстваў і працуе над тым, каб іх пагасіць. Затрымка разлікаў звязаная з фінансавымі цяжкасцямі кампаніі».
Пост пра Relivent выйшаў 14 жніўня, то-бок перад выходнымі. Таму, кажа Цішчанка, у Relivent плануюць скласці далейшы план дзеянняў пасля выходных, недзе 17‑18 жніўня.
Арганізатары канферэнцыі гатовыя ісці ў суд, калі так і не атрымаюць грошай і будуць мець дастаткова падстаў для суда. Некалі яны вырашылі працаваць з Relivent, бо прыслухаліся да рэкамендацыі аднаго з валанцёраў.
Цяпер Ганна кажа, што зрабіла б па-іншаму і праверыла б інфармацыю пра Relivent загадзя, а не верыла б рэкамендацыі:
«Я вельмі шкадую, што мы скарысталіся адной рэкамендацыяй і не сабралі звесткі. Напэўна, спрацаваў крэдыт даверу, які ў нас усіх ёсць да беларускіх прадпрымальнікаў і беларускіх актараў.
Падаецца, мы ўсе прайшлі праз адно і тое ж, і дастаткова складана ўявіць, што беларусы будуць падманваць адно аднаго. Для мяне гэта будзе вялікім і важным досведам, больш мы так рабіць не будзем. І мне бясконца шкада тых, хто ад гэтага пацярпеў — нашых падрадчыкаў, якія сядзяць без грошай ужо чатыры месяцы».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬКраўцоў: Я б не сказаў, што Бабарыка добра разумее палітычны кантэкст. А ўдзел у канферэнцыі «Новая Беларусь» — слабы ход
Чаму ў мінскім метро дзверы вагона часта зачыняюцца перад самым носам пасажыраў? Адказвае машыніст
Як атрымаць летам шэнген? Чаму беларусам у ім адмаўляюць і дзе атрымаць візу прасцей?
Каментары