Украінцы, якія ваявалі за Расію і былі ўзятыя ў палон, расказалі, чаму працягваюць яе любіць
На захадзе Украіны, за высокімі мурамі і некалькімі зачыненымі брамамі, знаходзіцца лагер для ваеннапалонных. Тут утрымліваюць мужчын, якія ваявалі на баку Расіі і патрапілі ў палон. Шмат хто з іх — не выхадцы з бедных і аддаленых рэгіёнаў Расіі, як гэта часта было на пачатку паўнамаштабнага ўварвання. Іх завербавалі ў вялікіх гарадах — Санкт-Пецярбургу, Екацярынбургу і іншых. Але сярод іх ёсць не толькі расіяне. Ёсць і ўраджэнцы Украіны — мужчыны, якія пайшлі ваяваць супраць уласнай краіны, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

«Я лічу сябе рускім»
Размаўляць з ваеннапалоннымі няпроста. Спачатку трэба пераканацца, што на іх ніхто не цісне. Потым — зразумець, наколькі адкрыта яны гатовыя гаварыць у такіх умовах.
Але атрымаць доступ да расійскіх вайскоўцаў у самой Расіі практычна немагчыма. Таму размовы з палоннымі дазваляюць лепш зразумець, што адбываецца на вайне і што падахвочвае людзей браць у ёй удзел. У тым ліку ўкраінцаў, якія ваююць на баку Расіі.
Кожнаму суразмоўцу журналісты далі магчымасць адмовіцца ад інтэрв'ю. З тымі, хто пагадзіўся, размаўлялі без камер і далей ад аховы. Акрамя некалькіх гэтых афіцыйных інтэрв'ю, удалося асабіста пагаварыць з палоннымі па-руску ў розных месцах.

Антону было дзесяць, калі частка ўкраінскага Данбаса, дзе ён жыў, апынулася пад кантролем прарасійскіх сіл.
У 2022 годзе, калі Уладзімір Пуцін пачаў ужо поўнамаштабную вайну, Антону споўнілася 18. Ён адразу пайшоў добраахвотнікам — ваяваць за Расію.
«Я не шкадую пра свой выбар. Я пайшоў абараняць сваю зямлю», — цвёрда кажа Антон.
Ягоныя сябры таксама пайшлі добраахвотнікамі.
«А потым пачынаеш атрымліваць СМС. Загінуў. Загінуў. Загінуў».
Іншыя палонныя расказваюць амаль тое ж самае: усе, хто выправіўся на вайну разам з імі, загінулі.
Паводле іх слоў, ахвотных ваяваць становіцца ўсё менш — нягледзячы на вялікія выплаты за падпісанне кантракта. Гэта можа азначаць, што Пуціну ўсё цяжэй пазбягаць новай масавай мабілізацыі.
Калі Украіна бярэ ў баі ў палон уласных грамадзян, іх судзяць за дзяржаўную здраду. Але спачатку адпраўляюць у лагеры для ваеннапалонных разам з расіянамі.
Афіцыйна Кіеў і далей лічыць іх украінцамі, а расійскі кантроль над іх рэгіёнамі — часовым. Але рэальнасць значна складанейшая.
«Яны вельмі прарасійска настроеныя, а самі не маюць выразнага адчування, кім сябе лічаць», — кажа Пятро Яцэнка з Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.
Антон, у кожным разе, здраднікам сябе не лічыць.

«Я лічу сябе рускім. Краіна не мае значэння, усё залежыць ад нацыянальнасці. Уся мая сям'я з Расіі. Усе мае карані адтуль», — кажа ён.
Калі яго запытваюць пра ўкраінскае прозвішча, ён толькі адмахваецца. На яго думку, гэта нічога не мяняе.
Цэлае пакаленне людзей, народжаных ва Украіне, вырасла ўжо ва ўмовах акупацыі — з расійскай сістэмай адукацыі і медыя, якія цалкам кантралюе Крэмль. Гадамі яны чулі ад іх адно і тое ж: украінская ўлада ў Кіеве — «нацысцкая» і нелегітымная. Пасля пачатку вялікай вайны пад гэта ўздзеянне трапіла яшчэ больш людзей і тэрыторый.
Антон увабраў гэтую прапаганду і цяпер амаль даслоўна паўтарае яе галоўныя тэзісы. Ён называе Пуціна «маім прэзідэнтам» і лічыць, што той мусіць працягваць наступ і захапіць рэшту Данбаса — нават нягледзячы на тое, што дзеля гэтага ўжо загінулі сотні тысяч людзей.
«Шкада, што людзі загінулі, асабліва невінаватыя, — кажа Антон. — Але вайна ёсць вайна. Яе можна было скончыць. Але ніхто не хацеў гэтага рабіць».

«У нас свае крыўды»
У турэмнай бальніцы Арцём ляжыць на ложку ў куце. Яго цела ўсеяна шнарамі ад ранення. На вайне ён прабыў толькі два месяцы.
Як і Антон, Арцём родам з Данецка і пайшоў ваяваць добраахвотна — а не толькі дзеля грошай.
«У нас свае крыўды», — кажа Арцём, узгадваючы, як у 2014 годзе ягоны рэгіён моцна абстрэльвалі, калі ўкраінскія войскі намагаліся не даць яму перайсці пад кантроль Расіі.
Але ваенны вопыт дадае гаркаты.Кажа, што камандзір быў «дрэнны». А сам Арцём так і не атрымаў абяцаных 400 тысяч расійскіх рублёў ($5000) за падпісанне кантракта.
І гэта яшчэ не ўсё. Паранены Арцём ляжыць побач з расійскім салдатам, якому за такі ж кантракт заплацілі ў пяць разоў больш.
Усе ўкраінцы, з якімі журналісты паразмаўлялі ў палоне, былі з тэрыторый, акупаваных Расіяй яшчэ ў 2014 годзе. І амаль усе яны добраахвотна пайшлі ў расійскую армію.
Але адзін мужчына з Данецкай вобласці расказаў, што ваяваць яго прымусілі. Падчас размовы ён пастаянна азіраўся, нібы не быў упэўнены, каму ўвогуле можа давяраць.
Паводле даных разведкі, на акупаваных тэрыторыях супраць волі мабілізавалі больш за 50 тысяч украінцаў. У іншых крыніцах лічбы значна вышэйшыя.
Гэты мужчына расказаў, што пасля расійскага ўварвання яго сям'я не выехала не праз нейкія палітычныя ці нацыянальныя перакананні, а проста таму, што Данецк быў іх родным горадам. Цяпер ён хацеў толькі аднаго — вярнуцца да жонкі і дзяцей, а потым зрабіць усё, каб больш не трапіць на фронт.
«Я проста буду хавацца», — прызнаўся ён.
Ад трун да елак
Пад вокнамі бальніцы палонныя разбілі градкі з суніцамі і агуркамі.
Трохі далей з гаспадарчага будынка чуваць рэзкі пах лаку. Адзін з работнікаў дастае з пакета пластыкавую ручку залацістага колеру.
«Угадайце, для чаго гэта?» — усміхаецца ён.
Зайшоўшы ўсярэдзіну, спачатку нават не разумееш, што бачыш. Мужчыны тут майструюць драўляныя труны. Яны тлумачаць, што апошнім заказам былі садовыя домікі. Цяперашні выглядае значна сумнейшым.
У іншым канцы двара, у суседняй майстэрні, некалькі ваеннапалонных вырабляюць штучныя навагоднія ялінкі. На верстаках вісяць яркія ёлачныя ўпрыгожванні.
Як і тыя, хто робіць труны, яны расказваюць, што заробленыя грошы выдаткоўваюць на дадатковую ежу і цыгарэты.
Сяргей нарадзіўся ва ўкраінскім Луганску, але кажа, што ён рускі — як і ягоныя бацькі, якія пераехалі на Данбас, калі Украіна і Расія яшчэ ўваходзілі ў СССР.
Ён уступіў у расійскую армію дзесяць гадоў таму, каб, паводле яго слоў, «абараняць Бацькаўшчыну». Цяпер хоча вярнуцца дадому, пакінуць армію і больш не ваяваць:
«Я сваё ўжо зрабіў».
Большасць палонных такога выбару не маюць.
Побач з Сяргеем складае пластыкавыя галіны былы наркагандляр. Як і шмат хто з іншых зняволеных, ён пайшоў на вайну «выключна» для таго, каб пазбегнуць трывалага турэмнага тэрміну.
«Для мяне 15 гадоў турмы — занадта шмат, — тлумачыць Канстанцін. — Я разумею, што гэта, мабыць, мяне не апраўдвае, але гэта факт. Мне зараз 44. А выйшаў бы я ў 60. Так што не».
Але V-шнікі — так называюць зняволеных, якія сталі салдатамі, — мусяць дажыць да канца вайны, каб высці на свабоду. А ў штурмавых падраздзяленнях шанцы на гэта невялікія.
Трое асуджаных за забойствы расказалі, што спачатку разлічвалі выйсці на свабоду пасля года службы. Але потым іх кантракты аўтаматычна працягнулі.

Калі Сяргея пытаюць, як ён пачуваўся, калі забіваў у баі сваіх суайчыннікаў, ён называе гэта пытанне «правакацыйным» і адмаўляецца адказваць.
Канстанцін адказвае асцярожна:
«Я не бачу нічога добрага ні ў адной вайне. А ў такой вайне, як гэтая, нічога добрага быць не можа. Я не кажу, што мы такія ж, як украінцы, але мы блізкія. Ва ўсіх там ёсць сваякі. Гэта проста няправільна».
Нягледзячы на гэта, ён і далей лічыць, што рашэнне пайсці ваяваць было правільным.
Ні Сяргей, ні Канстанцін не вераць, што вайна хутка скончыцца. Абодва лічаць, што Пуцін не спыніцца, пакуль не захапіць увесь Данбас.
«Але ўсе, каго я там ведаю, ужо стаміліся, — кажа Канстанцін. — Я проста хачу, каб усё гэта скончылася. Як мага хутчэй».
«Падобна, нас не хочуць абменьваць»
У абед палонныя ў цёмна-сініх камбінезонах моўчкі ідуць да сталовай. Галовы апушчаныя, рукі за спінай.
Яны ядуць суп і тушанае мяса. На экране тым часам без прыпынку паказваюць відэа «Міфы пра Крым». У ім абвяргаюць расійскія сцвярджэнні пра нібыта гістарычнае права Расіі на паўвостраў, які яна захапіла ва Украіны ў 2014 годзе.
Але палонныя на экран не глядзяць. Спробы пераканаць іх у чымсьці хутчэй падобныя да фармальнасці.
Для Кіева галоўнае — выкарыстаць гэтых ваеннапалонных для абмену і вярнуць дадому сваіх. Але калі складаюць спісы на абмен, аказваецца, што мужчыны з Данбаса для Расіі не ў прыярытэце.
«У гэтым годзе перадалі толькі каля дзясятка людзей, — скардзіцца Канстанцін. — Падобна, яны не хочуць нас абменьваць. Думаю, мы будзем апошнімі».
Блогера Золкіна, які браў скандальнае інтэрв'ю ў Бабарыкі, мабілізавалі
У Кіеве назвалі колькасць узятых у палон беларусаў
Забойца з Мінска падпісаў кантракт проста ў расійскай калоніі. Паваяваць да палону атрымалася два дні
«Нас у групе было 240. У палоне — сямёра. Астатнія двухсотыя». Андрэй з Віцебска, той самы чалавек-адкрывачка стаў адным з сямі шчасліўцаў
Каментары