Наступ УСУ на Аляксандраўскім кірунку: што пра яго вядома і якія перспектывы
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 12 жніўня аб'явіў пра вынікі наступальнай аперацыі, якая праходзіла са студзеня 2026 года на скрыжаванні Днепрапятроўскай, Запарожскай і Данецкай абласцей. Украінскай арміі ўдалося вызваліць найбольшую плошчу тэрыторыі з восені 2022 года. Што пра гэта вядома, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Першы этап аперацыі УСУ на Аляксандраўскім кірунку пачаўся 29 студзеня. На той момант расійскія войскі, якія ўлетку 2025 года ўварваліся ў Днепрапятроўскую вобласць, набліжаліся да важнага з лагістычнага пункту гледжання пасёлка Пакроўскае (не блытаць з Пакроўскам у Данецкай вобласці) і яго паўднёвай ускраіны — сяла Аляксандраўка.
Адначасова армія РФ вяла наступальныя дзеянні на флангах, намагаючыся паўночней на Днепрапятроўшчыне захапіць пасёлкі Вялікаміхайлаўка і Навапаўлаўка, а паўднёвей — населеныя пункты ў Запарожскай вобласці каля Гуляйполя.
Калі б расіянам удаўся задуманы план, то яны б маглі абваліць абарону ўкраінскага ўмацаванага раёна ў Арэхаве і прарывацца на бліжнія подступы з усходу да Запарожжа.

Каб сарваць планы Расіі, украінскае вайсковае камандаванне распрацавала і пачало контрнаступальную аперацыю на гэтым адрэзку. Першая яе частка трывала з канца студзеня да красавіка, а другая — з 5 мая да пачатку жніўня.
Аперацыя праведзена сіламі чатырох брыгад дэсантна-штурмавых войскаў і двух штурмавых палкоў.
Што ўдалося вызваліць
Паводле слоў галоўнакамандуючага УСУ, генерал-маёра Міхаіла Драпатага, падчас першага этапу наступальнай аперацыі ўдалося вызваліць тэрыторыю плошчай 450 кв. км, падчас другога — 490 кв. км.
Увогуле за час наступу ўдалося ўзяць пад кантроль 745 кв. км і зачысціць ад расійскіх інфільтраваных груп каля 300 кв. км у тыле тэрыторыі, кажа ўкраінская ўлада.
Вызвалена было, згодна з заявай, 26 сёлаў, а менавіта 12 у Днепрапятроўскай вобласці (Маліеўка, Січневае, Стэпавае, Калінаўскае, Бярозавае, Навамікалаеўка, Запарожскае, Злагада, Прыволле, Цагельнае, Цярновае, Навагеоргіеўка), 10 — у Данецкай вобласці (Тоўстае, Навахацкае, Зелёны Гай, Зорка, Паддубнае, Мірнае, Аляксандраград, Грушаўскае, Ялта, Васкрасенка), 4 — у Запарожскай вобласці (Рыбнае, Новагрыгораўка, Краснагорскае, Прывольнае).
Аперацыя дазволіла Сілам абароны Украіны выбіць праціўніка з Днепрапятроўскай вобласці (пад яго кантролем не засталося населеных пунктаў, але згодна з картай DeepState, днепрапятроўскае сяло Філія ўсё яшчэ застаецца ў «шэрай зоне»).

Яна таксама зняла пагрозу наступу на Запарожжа ўздоўж трасы Данецк — Запарожжа.
Расія заявы пра поспех наступу УСУ на Аляксандраўскім кірунку не каментавала. Але варта адзначыць, што міністэрства абароны Расіі на працягу вясны і лета працягвала рапартаваць пра сваё «прасоўванне» ў Днепрапятроўскай вобласці.
Больш за тое, 3 ліпеня міністэрства абвясціла пра ўзяцце пасёлка Аляксандраўка (уласна ад яго і пайшла назва гэтага кірунку). На пацвярджэнне сваіх слоў РФ паказала відэа з адным вайскоўцам, які разгортвае расійскі сцяг на вуліцы населенага пункта.
На працягу чэрвеня-ліпеня расіяне таксама адсправаздачыліся пра ўзяцце яшчэ шэрагу суседніх сёлаў, а менавіта Пісанцаў, Новаскеляватага, Багадараўкі, Вольнага, Хрыстафораўкі (папярэдняя назва Камунараўка), Дабрапасава, Благадатнага.
Такім чынам, па версіі Крамля, гэта яны змаглі прарваць украінскую абарону на Днепрапятроўшчыне, а не УСУ выбілі іх з гэтых пазіцый.
Замежныя OSINT-аналітыкі, напрыклад «Інстытут вывучэння вайны» (ISW), адвяргаюць гэтыя сцвярджэнні і заяўляюць, што заявы Расіі пра кантроль тэрыторыі не адпавядаюць рэчаіснасці.
Прыхаваная аперацыя
Для разумення, гэтыя населеныя пункты — на адлегласці 20—25 км ад цяперашняй лініі фронту.
Паводле слоў украінскіх вайскоўцаў, праціўнік не мае і не меў кантролю над гэтымі сёламі, а здымаў прапагандысцкія відэа са сцягамі пасля інфільтрацыі 1—2 байцоў у тыл пазіцый УСУ, пасля чаго гэтыя вайскоўцы Расіі знішчаліся, а замацавання на тэрыторыі не адбывалася.
Наверх расійскае камандаванне падавала непраўдзівую інфармацыю пра сваё прасоўванне, кажа камандзір 95‑й брыгады ДШВ УСУ, палкоўнік Руслан Марышаў, які бярэ ўдзел у гэтым наступе.
«Шмат камандзіраў РФ падманвалі сваё вышэйшае кіраўніцтва, даючы непраўдзівую інфармацыю пра іх пярэдні край — дзе ён фактычна знаходзіцца. Нават калі мы былі ўжо парадку 20—25 км у глыбіню абароны расійскіх войскаў, то іх кіраўніцтва ў гэта не верыла і давала карты, якія мы ў іх забіралі, даставалі… (на картах было паказана), што яны на 25 км у нашым тыле», — адзначыў ён у інтэрв'ю тэлеканалу «1+1».
У сваю чаргу, украінскае камандаванне доўгі час не раскрывала падрабязнасці прасоўвання Сіл абароны публічна.
Пасля першага этапу аперацыі ўвесну вайсковыя камандзіры, у тым ліку камандуючы ДШВ, раскрылі толькі агульныя лічбы пра колькасць населеных пунктаў і плошчу вызваленых тэрыторый.

Такім чынам, рэальнае месцазнаходжанне ЛБС (лініі баявога судакранання) для расійскіх вайскоўцаў на гэтым кірунку стала сюрпрызам, кажа палкоўнік Марышаў.
Як прыклад гэтага ён прыводзіць сітуацыю, калі падначаленыя змаглі забіць у блізкім баі камандзіра расійскага мотастралковага батальёна, які правяраў пазіцыі. Ён не разлічваў, што ўкраінская армія прасунулася так блізка да яго пазіцый.
Непублічнасць наступальнай аперацыі дазволіла ёй за няпоўных паўгода дасягнуць значных вынікаў. Якіх менавіта?
Яшчэ адзін рывок
Фактычнае выбіццё расійскіх войскаў з Днепрапятроўшчыны — гэта больш палітычны вынік.
А вось у ваенным плане важным з'яўляецца набліжэнне УСУ да лагістычных шляхоў, якія выкарыстоўвае расійская армія на Поўдні.
Так, па стане на 13 жніўня ўкраінскія вайскоўцы знаходзяцца за 3—4 км ад дарогі Вялікая Навасёлка — Гуляйполе і працягваюць ціснуць у гэтым кірунку каля вёсак Успенаўка і Цяміраўка.
То-бок гэты шлях, важны для лагістыкі расійскай групоўкі, ужо не з'яўляецца бяспечным. Гэта прымушае расіян шукаць іншыя маршруты для падвозу харчавання, боепрыпасаў і асабовага складу, асабліва побач з Гуляйполем, якое яны захапілі напрыканцы мінулага года.
Акрамя гэтага, УСУ змаглі завязаць баі за сяло Камар, якое стаіць на беразе ракі Мокрыя Ялы, за 15 км на поўнач ад Вялікай Навасёлкі.
Гэты вялікі пасёлак расіяне захапілі напрыканцы зімы 2025 года і ператварылі ў апорны пункт.

Вайсковы аналітык групы «Інфармацыйны супраціў» Канстанцін Машавец звяртае ўвагу, што ўкраінскім сілам неабходна пераадолець яшчэ некалькі кіламетраў (прыблізна 5—6 км да сялаі Вольнае Поле), каб наблізіцца на адлегласць усталявання агнявога кантролю над Вялікай Навасёлкай.
«У такім разе для таго, каб дасягнуць істотнага аператыўнага эфекту ва ўсёй аперацыйнай зоне расійскай групоўкі войскаў «Усход»… украінскаму камандаванню нават не трэба будзе атакаваць / штурмаваць саму Вялікую Навасёлку», — адзначае эксперт.
«Дастаткова проста ўзяць пад шчыльны агнявы кантроль (у тым ліку дронамі) увесь гэты раён і тую частку дарогі Гуляйполе — Вялікая Навасёлка, якая вядзе на захад. Дыстанцыя 7,5—7,7 км дазваляе гэта зрабіць даволі эфектыўна», — лічыць ён.
Такое прасоўванне прывядзе да ўскладнення расійскай лагістыкі на Поўдні, а гэта паўплывае на баяздольнасць часцей УС РФ і паспрыяе прыпыненню іх наступу на Арэхаў.
То-бок, каб паставіць праціўніка ў крытычнае становішча, Сілам абароны Украіны неабходна працягнуць наступ і зрабіць яшчэ адзін «рывок» на 5—10 км.
Ці змогуць УСУ дасягнуць такога эфекту найбліжэйшым часам без перакідання рэзерваў — адкрытае пытанне.
Таксама невядома, ці гатовае расійскае камандаванне перакідаць дадатковыя сілы для прыпынення праціўніка на гэтым кірунку, які відавочна не з'яўляецца для Крамля прыярытэтным на гэты момант.
Каментары
Пасьля параду ў Кіеве