Культура99

У Магілёве адкрылі шыльду губернатару Дэмбавецкаму. Дату смерці яму напісалі на гады ранейшую за спробу ўцячы з Савецкай Расіі

У абласным цэнтры ўшанавалі памяць кіраўніка, які ў ХІХ стагоддзі развіваў Магілёўшчыну і пакінуў пра яе знакамітае краязнаўчае апісанне. Пры гэтым тэкст на мемарыяльным знаку супярэчыць фактам, даўно вядомым навуцы, але нязручным для антызаходніх наратываў уладаў. 

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў і дэпутат Ігар Марзалюк адкрываюць мемарыяльную шыльду расійскаму губернатару Аляксандру Дэмбавецкаму. Фота: Магілёўскі гарвыканкам

1 верасня на фасадзе Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава адбылася цырымонія адкрыцця дошкі Аляксандру Дэмбавецкаму. Пра гэта паведамляе сайт Магілёўскага гарвыканкама.

Старшыня гарвыканкама Сяргей Чарткоў патлумачыў выбар даты ўсталявання:

«Адкрыццё мемарыяльнай дошкі 1 верасня носіць сімвалічны характар: будучы бліскучым кіраўніком, Аляксандр Дэмбавецкі паспрыяў з'яўленню жаночай гімназіі, рэальнага і епархіяльнага вучылішчаў, фельчарскай школы. Важна, каб магілёўцы і турысты бачылі, хто прыкладаў намаганні да стварэння аблічча нашага горада».

Мемарыяльная дошка размясцілася на фасадзе Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Фота: Магілёўскі гарвыканкам

Старшыня Беларускага саюза мастакоў скульптар Андрэй Васілеўскі адзначыў, што яго арганізацыя заўсёды рада зрабіць уклад ва ўвекавечанне памяці такіх людзей.

У афіцыйных дакументах адсутнічаюць дакладныя звесткі пра бацькоў Дэмбавецкага. Беларускі літаратуразнавец Адам Мальдзіс лічыў, што ён з'яўляўся пазашлюбным сынам расійскага імператара Аляксандра II.

Саноўнік быў прызначаны ў Магілёў у 1872 годзе. За 21 год кіравання ён ініцыяваў будаўніцтва драматычнага тэатра, водаправода, шэрагу навучальных устаноў, а таксама выданне трохтомнага «Вопыту апісання Магілёўскай губерні».

Партрэт Аляксандра Дэмбавецкага з памятнай кніжкі Магілёўскай губерні за 1910 год. Фота: Wikimedia Commons

Адной з яго ініцыятыў стала стварэнне ў 1872 годзе на гарадскім замчышчы вялікага саду. Пры гэтым, як мы пісалі раней, раней магілёўскія ўлады збіраліся знесці гістарычны сад Дэмбавецкага разам з культурным слоем замка, каб пабудаваць на гэтым месцы музей расійскага цара Мікалая II.

Нестыкоўкі з датай смерці

Тэкст на ўсталяванай шыльдзе выкананы на рускай мове, а гады жыцця губернатара пазначаныя як «1840 — каля 1914». Гэтая дата смерці часам сустракаецца ў састарэлых біяграфіях Дэмбавецкага, як быццам бы з пачаткам Першай сусветнай вайны і наступнага ліхалецця ягоны след, як і след многіх сучаснікаў, губляецца. Аднак у адрасных кнігах Петраграда за 1915—1917 гады ён рэгулярна згадваецца як правадзейны тайны саветнік і нават змяняе месца пражывання ў межах горада.

Алея ў садзе Дэмбавецкага на здымку 1909 года. Цяпер месца называецца паркам Горкага і яму пагражае знос пад музей расійскага цара Мікалая II. Фота: Wikimedia Commons

Яшчэ ў ліпені 2016 года «Магілёўская праўда» публікавала артыкул з дакладнымі архіўнымі звесткамі, якія сведчаць, што пасля пераводу ў 1893 годзе ў Санкт-Пецярбург на пасаду сенатара Дэмбавецкі працягваў жыць там і пасля пачатку Першай сусветнай вайны.

16 лютага 1918 года Тарыба падпісала Акт аб незалежнасці Літвы, не ўдакладняючы межы новай дзяржавы. Літоўцы разлічвалі, што змогуць адстаяць на міжнароднай арэне межы нямецкага Ваеннага губернатарства Літва Обер-Оста як свае дзяржаўныя. У склад губернатарства ўваходзілі ў тым ліку Гродна і Ліда, што давала падставы Дэмбавецкаму як уласніку Бердаўкі Лідскага павета лічыць сябе літоўскім грамадзянінам. Фота: Wikimedia Commons

У 1918 годзе 78‑гадовы Дэмбавецкі паспрабаваў выехаць з Савецкай Расіі ў свой маёнтак Бердаўка ў Лідскім павеце, набыты яшчэ ў 1868 годзе. Паколькі тэрыторыя знаходзілася пад кантролем нямецкіх войскаў, ён звярнуўся па дапамогу да дыпламатаў Германіі. 24 жніўня 1918 года Генеральнае консульства ў Петраградзе выдала яму ахоўнае пасведчанне:

«Сим свидетельствуется, что Литовский Гражданин, землевладелец, Александр Станиславович Дембовецкий… внесен в список лиц, состоящих под покровительством Имперского Германского Генерального Консульства… как он лично, так и его имущество состоит под защитой германской имперской власти».

23 кастрычніка 1918 года былы губернатар накіраваў заяву ў Камісарыят унутраных спраў Саюза Камун Паўночнай Вобласці з просьбай вызваліць яго ад грамадзянства РСФСР. Сваё рашэнне ён патлумачыў тым, што з'яўляецца «ўраджэнцам Літвы, якая адышла ад Расіі паводле мірнай дамовы».

Факт, што Дэмбавецкі быў жывы яшчэ ўвосень 1918 года і што афіцыйна адмовіўся ад расійскага грамадзянства, вядомы мінімум дзесяцігоддзе, але для мемарыяльнай дошкі выбраны чамусьці іншы варыянт. Можа ён падаўся чыноўнікам больш ідэалагічна правільным? Калі Дэмбавецкі памёр «каля 1914» года, то і здрадзіць сваёй «сацыялістычнай Радзіме» не мог, выбраўшы пратэкцыю варожай Германіі і грамадзянства варожай Літвы, бо на той момант яна яшчэ не была абвешчана. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • %
    03.09.2026
    Сядзіба ў Бердаўке годная, і нават сеньня яшчэ так сяк выглядае. Але ж па старой саўдэпаўскай завядзенцы месціца там тамтэйшая лякарня. Як калісьці ў Несвіжскім замку
  • Не ясна
    03.09.2026
    Незразумела, дык невядома. Хутчэй за ўсё саўкі не выпусцілі старыка і ён памёр у Петраградзе.
  • Belarus
    03.09.2026
    Жду, когда Марзалюк откроет памятник Николаю второму и жандармам Российской империи, или будет лично участвовать в сносе памятников Ленину по всей Беларуси.

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў31

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Як жыхары вёскі пад Маладзечнам змагаюцца за чыстую ваду ўжо 15 гадоў

Трамп расказаў, калі сустрэнецца з Пуціным3

24‑гадовага хлопца з Асіповічаў, які хацеў увайсці ў IT, асудзілі па палітычным артыкуле, хоць ён нічога не зрабіў11

Расія закрые культурныя цэнтры нямецкага Інстытута Гётэ1

Сайман Шустэр: Гэта яна. Зяленскі афіцыйна запусціў аперацыю M&Ms, каб паралізаваць маскоўскія аэрапорты21

Заўтра ў Беларусі магчымы тарнада

Статкевіч заклікаў «глыбокапаважаную Нашу Ніву» не выкарыстоўваць слова «лабуда», а Ціханоўскага — не наракаць на СМІ36

Букмекеры абнавілі спіс фаварытаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры1

У Магілёве адкрылі шыльду губернатару Дэмбавецкаму. Дату смерці яму напісалі на гады ранейшую за спробу ўцячы з Савецкай Расіі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў31

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць