Грамадства44

Беларусь і Расія дамовіліся па 107 са 110 пунктаў плана збліжэння на наступныя тры гады. Але самы важны падвіс

Беларусь і Расія амаль узгаднілі чарговы трохгадовы план збліжэння Саюзнай дзяржавы — са 110 пунктаў дамовіліся па 107. Пра гэта сведчыць закрыты дакумент Мінэканомікі Беларусі, які атрымала выданне «Люстэрка» пры дапамозе арганізацыі Belpol. Галоўным каменем спатыкнення застаўся адзіны рынак энерганосьбітаў. 

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media

Пра што не атрымалася дамовіцца

Асноўны канфлікт — вакол энергетычных рынкаў. Беларускі бок настойвае на фармулёўцы «стварэнне аб'яднанага рынку газу, электраэнергіі, нафты і нафтапрадуктаў».

Прапануюць прапісаць такія:

  • раўнапраўныя ўмовы дзейнасці беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання;
  • адзіныя правілы доступу да энергетычнай інфраструктуры;
  • узгодненыя прынцыпы фарміравання тарыфаў на паслугі натуральных манаполій у сферы энергетыкі.

Расійскі бок прапанаваў замест усяго гэтага фармулёўку ўсяго з пяці слоў: «развіццё супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы» — размыта і без канкрэтных абавязацельстваў. Мінэнерга Беларусі і канцэрн «Белнафтахім» гэтую ідэю не падтрымалі.

«Усе падпісаныя абавязацельствы застаюцца дэкларацыяй»

Прадстаўнікі Мінэканомікі пішуць у закрытым дакуменце, што такая кароткасць сведчыць «пра недастатковую зацікаўленасць расійскага боку ў выпрацоўцы кампраміснай фармулёўкі».

Далей аўтары прыводзяць пазіцыю канцэрна «Белнафтахім». У таго ўжо былі і «працяглы вопыт узгаднення з расійскім бокам» розных дакументаў, і «факты невыканання дамоўленасцяў па пастаўках нафты».

«Можам канстатаваць, што ўсе падпісаныя абавязацельствы па стварэнні рынку нафты і нафтапрадуктаў застаюцца дэкларацыяй, — пішуць прадстаўнікі «Белнафтахіма». — Нашы намаганні прымусіць расійскі бок выканаць прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, а менавіта збалансаваць рынак і ўніфікаваць правілы доступу да сістэм транспартавання нафты, трактуюцца як негатоўнасць да пошуку кампрамісных рашэнняў і правакуюць пастаянныя рознагалоссi па прычыне высокай адчувальнасці названай сферы для Расійскай Федэрацыі».

Прадстаўнікі «Белнафтахіма» лічаць, што галоўны тормаз для фарміравання адзінага рынку — тое, што расійскі бок проста не зацікаўлены ствараць умовы для «сінергетычнага эфекту для абодвух бакоў» — ні цяпер, ні ў будучыні.

Згодна з дакументам, на перамовах па «Асноўных напрамках» расійскае Міністэрства энергетыкі нават не забяспечыла «ўзровень кіраўнічага складу» — то-бок адправіла прадстаўнікоў, якія займаюць не самыя высокія пасады.

Аўтары прыйшлі да высновы, што нафтагазавае пытанне «патрабуе рашэнняў на больш высокім узроўні», і прапанавалі дамагацца перамоў на ўзроўні кіраўнікоў ведамстваў. Для гэтага хацелі звярнуцца да Аляксея Аверчука, намесніка старшыні ўрада Расіі.

Як яшчэ збіраюцца збліжацца

Акрамя энергетычнай спрэчкі, у 110 пунктах «Асноўных напрамкаў» — вялікі спіс задач рознай ступені канкрэтыкі.

У атамнай энергетыцы краіны дамовіліся пра будаўніцтва трэцяга энергаблока Беларускай АЭС — гэты пункт ужо цалкам узгоднены з «Расатамам», як і пытанні абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам.

У абароннай сферы збіраюцца заключыць у 2027 годзе пагадненне «пра тылавое і медыцынскае забеспячэнне вайсковых кантынгентаў» дзвюх краін. Гэта можа тычыцца, напрыклад, забеспячэння і медыцынскай падтрымкі войскаў, калі яны будуць знаходзіцца на тэрыторыі адна адной — але дэталі ў дакуменце не раскрытыя.

У прамысловасці многа гаворыцца пра імпартазамяшчэнне — сумесна збіраюцца вырабляць кампаненты, якія раней закуплялі на Захадзе: сістэмы ABS і EBS для тармазоў, карданныя валы, станкі з лічбавым праграмным кіраваннем. Яшчэ ў планах — «стварэнне рабатызаванай тэхнікі для аўтаномных тэхналагічных комплексаў» і «стварэнне вытворчасці самалётаў» (у ліку адказных — Дзяржваенпрам Беларусі).

У сферы фінансаў хочуць запусціць трансгранічныя плацяжы па QR-кодзе для грамадзян Беларусі і Расіі. Многія пункты дакумента даволі агульныя: розныя ведамствы прапануюць «развіццё супрацоўніцтва», «абмен вопытам», «гарманізацыю падыходаў» і «узаемадзеянне ў пытаннях удасканалення».

Два астатнія спрэчныя пункты, падобна, не такія вострыя. Адзін тычыцца спалучэння лічбавых інфармацыйных сістэм для спрашчэння гандлю, другі — ліквідацыі падвойнага падаткаабкладання для самазанятых грамадзян дзвюх краін. Па абодвух беларускі бок чакае адказу з Расіі.

Каментары4

  • российский окоп
    02.09.2026
    Всё, что они импортозамещают - третьесортный, подвальный китай-сарай с приклеенной биркой ru или by....
    Но, российский окоп выбран окончательно и бесповоротно, и, - самое смешное, что российский окоп построен в Китайской Провинции на Северо-Западе России в Центре Европы...
  • Янка
    02.09.2026
    Ніякага супольнага рынка энерганосьбітаў з Расеяй быць ня можа. Бо нават ўнутрырасейскага рынка няма: кошты прызначаюцца адміністрацыйна, існуе механізм паліўнага дэмпфера, Газпрам і Раснафта - гэта манаполіі сяброў Пуціна, якія выконваюць палітычныя загады з Крамля і пілуюць грошы на камерцыйна стратных інвестыцыйных праектах. На беларускім рынку становішча яшчэ больш горшае - дзяржманаполіі, перакрыжнае субсідыяванне і індывідуальныя тарыфы для набліжаных да цела бізнэсаў. Гучна разрэкламаваная рэжымам атамная энергетыка ніякім чынам не знізіла энергетычнай залежнасці ад Расеі, бо адзінае прыдатнае да пабудаванай Росатамам БелАЭС паліва пастаўляе толькі Росатам.
    Але Лукашэнка чапляецца за ўсё гэта ў надзеі і надалей кампенсаваць гэткім чынам неканкурэнтаздольнасць наўмысна нерэфармаванай беларускай дзяржэканомікі як галоўнага інструманта захавання фінансавай залежнасці персанала дзяржпрадпрыемстваў асабіста ад Лукашэнкі. Аб гэтым ён казаў яшчэ ў 1998:
    - Если мы все приватизируем - кто же за меня будет голосовать?!
  • Сьвіслацкі жабец
    02.09.2026
    >Дамовіліся па 107 пунктах з 110. Асноўны канфлікт — вакол энергетычных рынкаў, лічбавага спрашчэньня гандлю і падаткаў.

    Геніальны Бацька Лукашэнка зноўку прадаў чарговыя 107 пунктаў беларускага суверэнітэту, не атрымаўшы за гэта а ні халеры з таго, чаго так хацеў (танныя вуглевадароды й расейскія рынкі).

Цяпер чытаюць

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»19

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»

Усе навіны →
Усе навіны

Адзін біў па «грушы», другі ўскрываў аўтамат. Двое хлопцаў абрабавалі два дзясяткі сіламераў1

У Брэсце чачэнец абрабаваў зімбабвійца. Беларус дапамагаў рабаваць, але кашалёк вярнуў1

СБУ заявіла пра прадухілены замах ФСБ на прадстаўніка расійскай апазіцыі

У Калінкавічах у каналізацыі загінулі трое работнікаў «Водаканала»7

«А мы ідзём у школу ці ў турму?» Людзі крайне негатыўна ўспрынялі надгляд дзяцей на ўваходзе ў школу12

У дзень нараджэння Адэсы Расія масіравана атакавала горад1

Пуцін абвясціў пра захоп горада, да якога расійскія войскі нават не падышлі19

ЗША зноў ударылі па Іране. Тэгеран атакаваў амерыканскія базы ў Іраку і Іарданіі

Пуцін пракаментаваў заяву Зяленскага пра закрыццё неба над Расіяй для цывільнай авіяцыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»19

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць