Польская авіякампанія LOT патлумачыла залёт свайго самалёта ў Беларусь
Звычайна еўрапейскія судны агінаюць Беларусь.

Пасажырскі самалёт LOT, які ляцеў з Вільні ў Варшаву, 1 верасня ненадоўга ўвайшоў у паветраную прастору Беларусі праз умовы надвор'я. Пра гэта MOST паведамілі ў польскай авіякампаніі.
«Падчас рэйса LO772 з Вільні ў Варшаву, які выконваўся 1 верасня, па маршруце палёту — ад Сейнаў, каля польска-літоўскай мяжы, аж да Аструва-Мазавецкага — фарміраваўся моцны навальнічны фронт. Дзеля забеспячэння бяспекі палёту камандзір паветранага судна па ўзгадненні з дыспетчарскай службай кіравання паветраным рухам у Вільнюсе папрасіў скарэктаваць курс і атрымаў на гэта дазвол. Затым самалёт перайшоў пад кіраванне польскай раённай дыспетчарскай службы», — адказалі ў авіякампаніі LOT на запыт MOST.
Там дадалі, што LOT не выконвае рэйсы з выкарыстаннем паветранай прасторы Беларусі, а 1 верасня самалёт апынуўся там толькі на некалькі дзясяткаў секунд у выніку карэкціроўкі курса, звязанай з умовамі надвор'я.
«Гэта быў адзінкавы інцыдэнт, прадыктаваны меркаваннямі бяспекі і які адбыўся па ўзгадненні з дыспетчарскай службай кіравання паветраным рухам», — патлумачылі ў авіякампаніі.
Рэйс LO772 Вільня — Варшава 1 верасня перасек мяжу Беларусі, праляцеўшы над Гродзенскай вобласцю.
У маі 2021 года Еўрапейскае агенцтва авіяцыйнай бяспекі (EASA) рэкамендавала авіякампаніям з краін ЕС пазбягаць палётаў праз Беларусь. Такое рашэнне было прынята пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце. Аднак правілы дапускаюць такі пралёт, калі выкарыстанне беларускай паветранай прасторы неабходнае «для забеспячэння бяспечнай эксплуатацыі паветранага судна пры непрадбачаных абставінах».
Цяпер чытаюць
Басіст «Пятлі», яго 18‑гадовы сын і зорка «Разбітага сэрца пацана» — расказваем пра беларускамоўны гурт Prypiać, які прэзентаваў аўтарскую «Калыханку»
Каментары