Не можа згадаць сваё жыццё месяц таму, пазабываў знаёмых. Каскадзёр, які ледзь не загінуў на аўташоу ў Лідзе, запісаў відэа з бальніцы
Арцемій Пракапенка цудам выжыў: імавернасць памерці пасля траўм, якія ён атрымаў, была 95%. Хлопец расказаў, што з ім цяпер.

Малады блогер-каскадзёр апублікаваў відэа з бальніцы. Бачна, што гаварыць яму даволі складана.
Кажа, што ўсё яшчэ адчувае сябе дрэнна. Дзякуе дактарам і сябрам за дапамогу. Дадае, што вельмі верыў у тое, што мусіць выжыць, бо не паспеў нават зрабіць прапанову рукі і сэрца.
Арцём распавядае, што мае праблемы з памяццю: ён амаль не памятае ўсе дні пасля трагедыі. А калі хлопцу задаюць пытанні пра тое, што адбывалася ў яго жыцці месяц-два таму, ён далёка не ўсё можа згадаць. Зніклі з памяці і імёны-прозвішчы некаторых знаёмых.
— Я вельмі моцна пашкодзіў мозг, праз гэта магу трызніць.
Аднаўленне, па розных прагнозах дактароў, зойме ад года да трох. Наперадзе ў Арцёма працяглая рэабілітацыя, на якую неабходна шмат грошай.
Ён не губляе надзею стаць тым чалавекам, якім быў.
— Усё вельмі моцна залежыць ад маёй дысцыпліны, сілы волі. А таксама моцна залежыць ад фінансаў.
Хлопец дзякуе тым, хто данаціў яму на лячэнне. Кажа, што хапала данацераў, якія пералічвалі невялікія грошы — і па 80 капеек, і па 2 рублі. Але адгукнуўшыхся было шмат.
Цяпер Арцём вучыцца ўсяму нанова. Абяцае паказваць працэс у сацсетках.

Нагадаем: блогер-трукач Арцемій Пракапенка — адзін з самых знакамітых каскадзёраў Беларусі, яго відэа сабралі амаль паўмільярда праглядаў.
На сваёй старонцы ў інстаграме хлопец пазначаў, што 25 разоў рызыкаваў жыццём — менавіта столькі патэнцыйна смяротных трукаў ён выканаў за свае 24 гады. Але ж у гэты раз у Лідзе нешта пайшло не па плане.
Падчас аўтамабільнага шоу «Тачкі. Пікнік», якое праходзіла ля сцен Лідскага замка ў жніўні, адбыўся няшчасны выпадак. Арцемій Пракапенка стаяў на вялікай бочцы. Ён падскочыў і ўжо ў паветры яго на хуткасці збіла адна з машын, якія дрыфтавалі.
На адным з відэа інцыдэнту бачна, што да хлопца, які ляжыць на асфальце, падбягаюць іншыя мужчыны. Яны хутка хапаюць Арцемія за рукі і ногі і выносяць яго з пляцоўкі. Далей шоу працягнулася.

У каментары «Анлайнеру» арганізатары шоу падкрэслілі, што на мерапрыемстве дзяжурылі дзве карэты хуткай дапамогі — і медыкі аператыўна аказалі першую дапамогу, пасля якой Арцемія шпіталізавалі ў бальніцу Ліды.

Публіку на месцы паспрабавалі супакоіць: абвясцілі, што хлопец толькі зламаў нагу ды атрымаў удар галавы.
Але, як высветліла «Наша Ніва», сітуацыя была больш сур’ёзная. Знаёмыя Арцемія распавялі, што яго перавезлі ў бальніцу ў Мінск — і стан быў сярэдняй цяжкасці.
Пазней сваякі хлопца адкрылі дабрачынны рахунак, сабраныя сродкі з якога пойдуць на аднаўленне каскадзёра.
Сваякі каскадзёра, які ледзь не загінуў на аўташоу ў Лідзе, расказалі, што з ім цяпер
На аўташоу ў Лідзе ледзь не загінуў адзін з самых знакамітых каскадзёраў Беларусі — яго відэа сабралі амаль паўмільярда праглядаў. Што з ім цяпер?
Як 23‑гадовы хлопец з гомельскай вёскі збірае сотні мільёнаў праглядаў на каскадзёрскіх труках і мае кантракт з Red Bull
Каментары