Ігар Лосік у сваім тэлеграм-канале расказвае пра рэжым інкамунікада ў дачыненні да вядомых палітвязняў.

«У лютым 2023 года пасля таго, як мяне з Віктарам Бабарыкам закінулі ў ШІЗА, мне, Максіму Знаку, Мікалаю Статкевічу, Машы Калеснікавай і Сяргею Ціханоўскаму ўключылі рэжым «інкамунікада».
Трэба сказаць, што ў 2020 і 2021 гадах ніякіх асаблівых праблем з атрыманнем лістоў не было. Даходзіла далёка не ўсё, але свае 50—70 лістоў на дзень я атрымліваў, Віктар Бабарыка бывала атрымліваў і па 300 у дзень. Цэнзары ў Жодзіне былі добрыя і нават прыносілі мне асобна мае стосы лістоў, я з імі размаўляў.
Так, нехта дапісваўся з дзясятай спробы, з Украіны наогул стаяў нейкі блок на лісты, але ў мяне склаўся круг з чалавек 40—50, з якімі я наладзіў пастаянную перапіску. Адпраўляў людзям малюнкі, партрэты.
У лютым 2022 года перад пачаткам вайны без тлумачэння прычын палітычным забаранілі пісаць і аддаваць лісты не ад блізкіх сваякоў. Ад дзядзькі, цёткі я ўжо амаль нічога не атрымліваў. Нават ад брата даходзіў адзін з пяці. Часам людзі падманвалі сістэму і падпісваліся маім прозвішчам — і некаторыя лісты так даходзілі. Але ў лютым 2023 года я чамусьці трапіў у спіс «выбраных» палітзняволеных, якіх схаваўшы ад усіх, пазбавілі любой сувязі з вонкавым светам. Спынілася любая перапіска, чацвярых адвакатаў пазбавілі ліцэнзій, астатнія адмаўляліся нават проста падпісваць кантракт.
Пасля ўнясення мяне ў спіс тэрарыстаў мне нельга было пакласці грошы на рахунак, і я не мог банальна дазволіць сабе купіць туалетную паперу і зубную пасту. Мяне схавалі ў будынак ШІЗА, дзе я правёў каля 90 сутак + тры разы па паўгода ў ПКТ. Званкі і спатканні, натуральна, забаронены. Тэмпература ў камеры зімой днём +9. Я ўпэўнены, што калі б я не ўскрыўся (23 шыўкі на руцэ і шыі), то ўвесь гэты час мяне трымалі б у адзіночцы, а так давялося кагосьці да мяне падсяліць, каб сачыў.
Бацькі абівалі парогі, прыязджаючы з Баранавічаў у Наваполацк, дзе начальнік Машадзіеў проста здзекаваўся з іх, нічога пра мяне не паведамляючы, толькі кажучы, што я не памёр. Спачатку я нават не зразумеў, што мне забаронена перапіска. Пісаў, пісаў — і не атрымліваў адказаў. Дзень за днём, тыдзень за тыднем, я пачаў панікаваць, ці не памерлі мае родныя. Адміністрацыя проста здзекавалася ў адказ на пытанні, што адбываецца з маёй перапіскай.
Проста казалі, што табе ніхто не піша, пра цябе забылі.
Але я пісаў, мяняў рэчы на канверты і ўсё пісаў, пісаў. Адпраўляў сотні лістоў, якія ішлі аператыўніку ў сметніцу. Пісаў скаргі ў ДІН, пракуратуру, адміністрацыю прэзідэнта, але яны з Наваполацкай калоніі не выходзілі. За гэты час у мяне памёр дзед, памёр дзядзька, але ніводнага ліста, ніводнай тэлеграмы мне не аддалі і не паведамілі. Пра гэта я даведаўся толькі праз два гады. Паспрабаваўшы ўсе спосабы дабіцца хоць нейкага адказу, вырашыў ускрыцца яшчэ раз, але не паспеў — мяне павезлі ў «амерыканку», а праз 10 месяцаў вярнулі ў лагер зноў у ШІЗА, дзе яшчэ праз 2 месяцы вызвалілі. Але ў маёй чацвёртай камеры знізу паміж сёмай нарай і сцяной дагэтуль ляжыць «мойка», якую ў 2023 годзе я схаваў і якую не знайшлі ні на адным ператрусе. Пасля гэтага паста, вядома, знойдуць.
Максім Знак ужо больш за 1000 дзён у рэжыме «інкамунікада», а гэта яшчэ горш за катаванні. Гэта бесчалавечна — пазбаўляць невінаватых людзей любой сувязі з сям’ёй на гады. А іхнія сваякі маюць такія ж шанцы звар’яцець», — піша Ігар Лосік.
Цяпер чытаюць
«Быў галодны, як з Асвенціма, не еў ні мяса, ні гародніны». Што вядома пра смерць бабруйскага журналіста, на якога завялі крымінальную справу ў Польшчы
Каментары