Ці не застануцца беларусы сам-насам з Пуціным і чым гатовы дапамагчы Еўрасаюз? Інтэрв'ю з еўракамісарам
Сёння стала вядома, што Еўрасаюз выдасць 30 мільёнаў еўра «на падтрымку беларускага народа» ў 2026 годзе. Еўракамісарка ў пытаннях пашырэння Марта Кос расказала ў інтэрв'ю «Нашай Ніве» ды іншым беларускім СМІ, як прымаецца рашэнне пра памер дапамогі, як цяпер успрымаюць Беларусь у Еўропе, ці Еўрасаюз гатовы ісці на саступкі ў санкцыях і чаго чакаць беларусам ад Еўропы.

Марта Кос патлумачыла, як вырашаецца, які памер дапамогі вылучыць. На гэта ўплывае, колькі грошай Еўрасаюз мае і тое, якія патрэбы ёсць у беларусаў.
«У нас ёсць спецыяльны бюджэт для дапамогі арганізацыям грамадзянскай супольнасці ў краінах — кандыдатах у ЕС плюс іншых краінах, якія знаходзяцца ў маім партфелі з Усходняга партнёрства — маюцца на ўвазе Расія, Беларусь, Арменія, Азербайджан…» — адзначыла камісарка.
Дапамога для беларусаў уключае падтрымку дэмакратычных сілаў, праваабаронцаў, медыя, былых палітвязняў, студэнцкіх праграм, рэлакаванага бізнэсу.
Ці беларускія чыноўнікі шукаюць аднаўлення закрытых праграм ЕС?
«Не, — адказвае Марта Кос. — Яны не шукаюць, але нават калі б яны шукалі, адказам было б выразнае «не». Мы не хочам падтрымліваць аўтакратычны рэжым, які саджае ў турмы свой народ. Мы не падтрымліваем урады, якія не выконваюць асноўных дэмакратычных правілаў.
(…) І гэта адбываецца не толькі ў Беларусі, але і ў Грузіі, дзе пасля таго, як пачалося адступленне ад дэмакратыі, мы неадкладна спынілі дапамогу ў 120 мільёнаў еўра, якія мы выдзелілі на праекты грузінскага ўрада, так што яны не атрымліваюць ад нас ніводнага еўра. І не будуць атрымліваць, пакуль не стануць дэмакратычнымі».
Марта Кос адказала таксама, ці гатовы ЕС ісці на саступкі ў санкцыях датычна Беларусі, як цяпер робіць ЗША.
«На гэты момант — не. Як вы ведаеце, ёсць дзяржавы-члены, якія прымаюць рашэнне аб санкцыях. Я думаю, што санкцыі добрыя, таму што мы падштурхоўваем улады [Беларусі] да пераасэнсавання і перагляду вяртання да дэмакратычнага шляху. (…) Не было ніякіх змен з боку рэжыму Лукашэнкі, і я не бачу на гэты момант магчымасці зняць якія-небудзь санкцыі».
Летась беларусам выдалі 157 тысяч кароткатэрміновых шэнгенскіх віз. Ці магчыма павялічыць гэтую колькасць? Да пандэміі беларусам выдавалася каля 700 тысяч віз на год.
«Гэта залежыць ад дзяржаў — членаў ЕС, дзе вы запытваеце візы. Вядома, я магу зразумець, што для вашых людзей вельмі важна мець магчымасць выехаць. Мы падтрымліваем любы абмен людзьмі, якія жывуць у Беларусі ў вельмі цяжкіх умовах».
Марта Кос выказала спадзеў, што аўтарытарны рэжым у Беларусі падзе гэтак жа нечакана, як некалі Берлінская сцяна. Яна згадала, што ў мінулым людзі таксама не маглі ўявіць распад Савецкага Саюза ці Югаславіі.
«Вы не можаце душыць свой народ у доўгатэрміновай перспектыве. Ёсць вырашальны момант, калі гісторыя ідзе ў іншым кірунку. І я спадзяюся, што гэта хутка адбудзецца і для вашай краіны».

Як цяпер успрымаюць Беларусь у Еўропе, што змянілася?
«Уся геапалітыка змянілася з 2020 года, з сфальсіфікаваных выбараў. І ў той час гэта была, я б сказала, толькі Беларусь (…). Але потым з вайной ва Украіне ўсведамленне таго, якую шкоду могуць нанесці нам аўтакратычныя рэжымы, рабілася ўсё больш і больш моцным. І гэта таксама бачна у апошняй прынятай стратэгіі Еўрасаюза: як абараніць дэмакратыі не толькі ў дзяржавах-членах, але і па суседстве. Напрыклад, таксама ў краінах-кандыдатах. (…)
Калі б мяне спыталі 10—15 гадоў таму, ці спатрэбіцца Еўропе якая-небудзь адмысловая праграма для абароны нашай дэмакратыі, я б сказала «не». Калі б мяне спыталі 10—15 гадоў таму, ці патрэбны нам план устойлівасці СМІ — я кажу пра еўрапейскія СМІ — я б сказала «зусім не». Але цяпер мы ў іншай сітуацыі».
Камісар адзначыла, што мы жывём на сутыкненні дзвюх ідэалогій.
«ЕС дапамагае Беларусі, а таксама краінам-кандыдатам, таму што мы хочам, каб у іх былі моцныя эканомікі, каб яны былі дэмакратычнымі, каб яны прытрымліваліся вяршэнства закона і гэтак далей. І мы таксама фінансуем незалежныя СМІ і арганізацыі грамадзянскай супольнасці.
Тое, што робіць Пуцін, — гэта супрацьлегласць. Чаму? Пуцін не хоча бачыць краіны з моцнымі эканомікамі. Ён не хоча бачыць дэмакратычныя краіны. Ён не хоча бачыць краіны са свабоднымі СМІ і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, таму што, калі б гэта было так, ён не змог бы іх кантраляваць.
Вайна ва Украіне пачалася не толькі са зброяй у 2022-м. Але канфлікт пачаўся ў 2014 годзе, калі Украіна фактычна хацела пайсці еўрапейскім шляхам з глыбокай і ўсёабдымнай зонай свабоднага гандлю. Канфлікт пачаўся, калі Пуцін больш не мог кантраляваць украінскі рэжым».
Камісарка згадвае, як год таму трапіла на беларускі культурны вечар. Прызнаецца, што ў яе беглі мурашкі па скуры ад нацыянальных спеваў.
«Гэта [той момант,] калі я падумала: вы не можаце знішчыць беларусаў і беларускую культуру».
«Патрабуецца велізарная мужнасць, каб выступіць супраць жорсткага дыктатара, — працягвае Марта Кос. — А Лукашэнка такі. І вы гэта робіце. Вы можаце быць упэўненыя, што Еўрасаюз будзе падтрымліваць вас і ў будучыні».
Ці няма пагрозы, што праз усё большае збліжэнне Лукашэнкі з Крамлём ЕС можа спыніць падтрымку Беларусі?
«Не. Тут я б выразна падкрэсліла розніцу паміж падтрымкай народа, СМІ, няўрадавых арганізацый або бізнэсу за межамі Беларусі і падтрымкай для рэжыму. Першая падтрымка ніколі не спыніцца. І мы таксама з задавальненнем падтрымалі б новы ўрад — калі б ён быў праеўрапейскім».
Марта Кос заўважае, што ў краінах Еўропы рознае ўспрыняцце пагрозы з боку Пуціна.
«Напрыклад, калі мы пытаем еўрапейцаў — 80% еўрапейцаў чакаюць ад Еўрасаюза клопату пра бяспеку. Калі мы пытаем: «Ці павінны мы ўзбройвацца больш?» — вынікі розныя. Яны ўсё яшчэ вельмі высокія ў краінах Балтыі, у паўночных краінах, у Польшчы. Калі мы ідзём у маю Славенію або далей у Партугалію або Іспанію, яны б сказалі: «Вядома, бяспека важная, але не. Нам не трэба ўзбройвацца».
Скажу з уласнага досведу. Я вырасла ў часы «Займайцеся каханнем, а не вайной», «Сіла кветак». (…) Гэта было пакаленне, [якое казала]: «Не, мы не хочам зброі!»
Цяпер я размаўляла з камісарам [Андрыюсам] Кубілюсам, які паходзіць з Літвы. І я сказала: «Ведаеш, калі ты кажаш пра праграму пераўзбраення, мне цяжка гэта ўспрымаць». Але потым ён сказаў: «Марта, я магу цябе зразумець — ты не жыла ў Савецкім Саюзе».
Цяпер, падкрэслівае камісарка, ЕС павінен клапаціцца пра сваю бяспеку.
«Я думаю, што з гістарычнага пункту гледжання мы толькі сёння — пасля таго, як пачалася вайна ва Украіне — разумеем, што пачало адбывацца ў Беларусі ў 2020 годзе».
Цяпер чытаюць
«Быў галодны, як з Асвенціма, не еў ні мяса, ні гародніны». Што вядома пра смерць бабруйскага журналіста, на якога завялі крымінальную справу ў Польшчы
Каментары
[Зрэдагавана]