Мінск рыхтуе новыя зоны для адпачынку: што з’явіцца ў кожным раёне сталіцы
У 2026 годзе ва ўсіх адміністрацыйных раёнах сталіцы адкрыюцца новыя лакацыі — ад «Парка медыцыны» і інклюзіўных пляцовак да экасцежкі ў балоцістай нізіне і інсталяцыі з верталётам — глядзіце, дзе менавіта мінчане змогуць бавіць вольны час у гэтым сезоне.
Якія новыя лакацыі абсталююць у гэтым годзе, пішуць «Мінск-Навіны».
Заводскі

Тут плануць абсталяваць лакацыю ў раёне вул. Ванеева і Кашавога. Канцэпцыя прадугледжвае стварэнне пешаходных дарожак, спартыўных пляцовак, устаноўку малых архітэктурных формаў.

Мяркуецца таксама працяг зоны адпачынку «Жара» на беразе Чыжоўскага вадасховішча ў бок храма. Тут хочуць абсталяваць дзіцячую пляцоўку, паставіць дэкаратыўныя фігуры птушак, земнаводных і рыб, а таксама драўляныя скульптуры звяроў і малыя архітэктурныя формы.
Ленінскі

Новыя зоны адпачынку ўсталююць у Лошыцы. Першая з іх будзе знаходзіцца ў межах вул. Чыжэўскіх і Ігуменскага тракта. Азеляняльнікі прапануюць даць ёй назву «Усё пачынаецца з любові».

Ініцыятыва аб добраўпарадкаванні гэтай лакацыі зыходзіла ад мясцовых жыхароў. Ужо пракладзены пешаходныя дарожкі. Усталяваны галоўныя арт-аб’екты ў выглядзе аб’ёмнага каванага сэрца і «лаўкі кахання», а ў прагулачнай зоне — лаўкі з урнамі і шасцігранная апора з пяццю падвеснымі арэлямі.
Другая зона адпачынку запланавана ў раёне вул. В. Турава, побач з мікрараёнамі Лошыца-5 і Лошыца-10, якія будуюцца. Яна атрымала назву «Любімыя казкі» і размесціцца насупраць 18‑й гарадской дзіцячай паліклінікі. Яе абсталююць з улікам інтарэсаў і патрэб дзяцей, у прыватнасці паставяць скульптуры казачных персанажаў з дрэва, металу, каменя.
Маскоўскі

У гэтым годзе плануюць пачаць 2‑ю чаргу будаўніцтва «Сада вершаў» у раёне вул. Л. Сапегі. Яго дапоўняць часткай, прысвечанай паэзіі, і павялічаць колькасць гульнявых месцаў для дзяцей. А таксама зробяць дзіцячую пляцоўку з інклюзіўным абсталяваннем, з’явяцца зона пікнікоў і лакацыя для назірання за птушкамі.

Яшчэ адна пляцоўка размесціцца ў паўднёва-заходняй частцы раёна. Гэта будзе «Сад фотаздымкаў» з малымі архітэктурнымі формамі, веладарожкай і велапаркоўкай, фотазонамі.
У перспектыве ў Маскоўскім добраўпарадкуюць зялёную зону ў раёне вул. Я. Брыля і Астрожскіх, Рафіева і Громава, а таксама праспекта Дзяржынскага і вул. А. Гедройца.
Кастрычніцкі

Цікавая зона адпачынку з’явіцца каля дома № 3а на вул. Аэрадромнай. У адпаведнасці з генпланам горада ўзводзіць тут нічога не плануюць, а пад зямлёй камунікацыі не праходзяць. Агульная плошча ўчастка складае каля 0,4 га. Тут зробяць дарожкі з устаноўкай урнаў і лавак, абсталяванне новых варкаўт– і дзіцячай пляцовак. Высадзяць кветкі і маладыя дрэвы.
Галоўнай асаблівасцю стане інсталяцыя сапраўднага савецкага шматмэтавага верталёта Мі-2, вытворчасць якога завяршылася ў 1990-х, а таксама іншай тэхнікі.
Акрамя таго, новую лакацыю плануюць абсталяваць уздоўж берагавой лініі Лошыцкага вадасховішча — ад вул. Брэсцкай у напрамку вул. Казінца.
Партызанскі

Працягнецца добраўпарадкаванне тэрыторыі ўздоўж Сляпянскай воднай сістэмы ў раёне Гарадской клінічнай бальніцы № 6 і 14‑й паліклінікі. Там размесціцца «Парк медыцыны».
У далейшым мяркуецца абсталяваць лакацыю для сямейнага адпачынку ў раёне вул. Сталетава.
Першамайскі

Тут з’явяцца Моладзевы сквер і экасцежка «Лясная». Апошнюю плануюць абсталяваць у лесапарку «Зялёны Луг». Паставяць інфармацыйныя стэнды, арганізуюць маршрут для скандынаўскай хады і птушыную сталовую.
Акрамя таго, прадугледжаны варкаўт-пляцоўка, спартыўны гарадок і пляцоўка для заняткаў фізкультурай на адкрытым паветры. Гэта звязана з тым, што непадалёк ад экасцежкі знаходзяцца некалькі ўстаноў адукацыі.
Савецкі

Адна з зон адпачынку будзе прысвечана сямейным каштоўнасцям. У прыватнасці, мяркуецца абсталяваць месца, дзе маладыя людзі змогуць рабіць прапанову шлюбу. Акрамя таго, адным з лейтматываў стане тэматыка шматдзетнасці. Першапачатковая назва — «Шлях да шчасця».
Яшчэ адну лакацыю мяркуюць абсталяваць у невялікім скверы на вул. Куйбышава — спартыўную і дзіцячую пляцоўкі, а таксама птушыную сталовую.
Фрунзенскі

Тут з’явяцца дзве зоны адпачынку. Першая запрацуе ў раёне скрыжавання вул. М. Лынькова і П. Глебкі. Другая — у скверы на вул. Брыкета, дзе пунктам прыцягнення гараджан стала сажалка.
Бліжэйшая тэрыторыя апошнім часам актыўна забудоўваецца шматпавярховымі дамамі. Акрамя таго, у перспектыве ў Фрунзенскім мяркуюць стварыць «Сад музычных інструментаў».
Цэнтральны

Новыя лакацыі размесцяцца ў паўночна-заходняй частцы каля ракі Свіслач. Яны будуць прадстаўлены ў фармаце экасцежак. Адну з іх мяркуюць абсталяваць у раёне парка Народнага адзінства. Другую — у раёне МКАД і вадасховішча Дразды, каля парк-атэля.
Экасцежка «Партал у свет балота» працягнецца на 500 м. Яна размесціцца ў балоцістай нізіне, у асноўным пакрытай лісцевым лесам. Тут разнастайныя флора і фаўна. На гэтай тэрыторыі перыядычна пасяляюцца бабры, паўсюдна сустракаюцца шматлікія грызуны, вожыкі і зайцы. З земнаводных і рэптылій — звычайныя вужы, яшчаркі, жабы, шэрыя рапухі. Рэгулярна можна сустрэць больш за паўсотні відаў птушак, многія з якіх гняздуюцца.
Каментары