На ўсё пайшло чатыры гады, спачатку прыйшлося працаваць па 12‑14 гадзін на дзень.

Жыхар Пінска Рыгор Касько ператварыў свой двор у незвычайную славутасць. Пенсіянер уласнымі рукамі пабудаваў 15‑метровы макет баявога фрэгата. Цяпер паглядзець на карабель прыязджаюць школьнікі, піша «Мінская праўда».
На будаўніцтва фрэгата пайшло чатыры гады. За аснову майстар узяў карабель «Апосталы Пётр і Павел». У выніку ў двары з'явіўся карабель даўжынёй 15 метраў, шырынёй пяць метраў і вышынёй амаль на тры паверхі.
Перад пачаткам работ Рыгор атрымаў вусны дазвол у гарвыканкаме. Затым усталяваў каркас і паступова пачаў надаваць канструкцыі форму фрэгата. У выніку незвычайнае збудаванне зарэгістравалі як летнюю кухню ў выглядзе карабля.

Для аздаблення майстар выкарыстаў шпаклёўку, камяні, пенапласт і пенаблокі. Ідэі і дэталі ён знаходзіў на малюнках у бібліятэцы.
Першыя гады мужчына працаваў над караблём па 12—14 гадзін на дзень. Дзеці дапамагалі ўсталёўваць мачты, а дапамога знаёмых спатрэбілася толькі аднойчы. Асноўную частку працы пенсіянер выканаў самастойна.
Унутры фрэгата абсталявана некалькі зон. Першы паверх аформлены як сапраўдны трум: тут размясціліся акулы, дэльфіны, кіт, скаты і нават шкілеты. На караблі таксама ёсць камбуз і каюты.

На дасягнутым Рыгор Касько спыняцца не збіраецца. Яго наступная мара — пабудаваць у Пінску сапраўдны маяк.
Каментары