Дзеці Гары і Меган змянілі школу праз некалькі дзён пасля пачатку года. Прычына — інтэнсіўны дарожны рух
Дзяцей трэба было вазіць у школу на некалькіх аўтамабілях

Прынц Гары і яго жонка Меган вырашылі змяніць школу для сваіх дзяцей у Вялікабрытаніі ўсяго праз некалькі дзён пасля таго, як тыя пачалі вучыцца. Прычынай сталі асцярогі наконт бяспекі, звязаныя з дарожным рухам падчас паездак у школу, піша Бі-бі-сі.
У жніўні герцаг і герцагіня Сасэксскія (гэта іх цяперашнія афіцыйныя тытулы) паведамілі, што вяртаюцца ў Вялікабрытанію з ЗША, дзе яны жылі апошнія гады. Як паведамлялася, гэтае рашэнне шмат у чым было звязана з жаданнем мужа і жонкі даць сваім дзецям брытанскую адукацыю.
Аднак школу, якую яны першапачаткова абралі для сямігадовага прынца Арчы і пяцігадовай прынцэсы Лілібет, давялося амаль адразу змяніць.
Як стала вядома, прыватная ахова Гары і Меган была занепакоеная тым, што адлегласць і інтэнсіўны дарожны рух на першапачатковым маршруце паездкі ў школу ўскладнялі забеспячэнне бяспекі.
Мяркуючы па паведамленнях брытанскай прэсы, дзяцей трэба было вазіць у школу на некалькіх аўтамабілях. А ва ўмовах гадзіны пік, калі многія брытанскія бацькі вязуць сваіх дзяцей у школы або забіраюць іх адтуль, рух калонай — не самае зручнае рашэнне.
Мяркуецца, што маршрут да школы правяралі яшчэ да пачатку навучальнага семестра, аднак з улікам школьнага трафіку яго прызналі недастаткова бяспечным.
Крыніца, блізкая да мужа і жонкі, паведаміла: «Рашэнне аб пераводзе дзяцей у іншую школу было прынята пасля абмеркавання практычных аспектаў дзейных мер бяспекі з камандай, якая адказвае за бяспеку сям'і».
Яна дадала: «Бацькі вельмі ўдзячныя ўсім настаўнікам і супрацоўнікам за любоў, клопат і намаганні, якія яны праявілі ў адносінах да іх сям'і. Гэтае рашэнне ні ў якім разе не варта інтэрпрэтаваць як крытыку школы або той выключнай увагі і клопату, якімі там былі акружаныя дзеці».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
А простыя брытанцы павінны есці дайверсіці лыжкай, хвалюючыся каб жонку ці дзяцей не збілі ці згвалтавалі па дарозе дадому.