Гісторыя11

У Германіі перапахавалі імператара Атона I Вялікага, заснавальніка Святой Рымскай імперыі. Ён прызначыў першага каталіцкага епіскапа Русі, але місію знішчылі язычнікі

У Магдэбургскім саборы завяршылася рэстаўрацыя грабніцы і перапахаванне заснавальніка Свяшчэннай Рымскай імперыі Атона I. Даследаванне адкрытага саркафага і наступны генетычны аналіз канчаткова пацвердзілі сапраўднасць парэшткаў аднаго з самых уплывовых манархаў еўрапейскага Сярэднявечча.

Цырымонія перапахавання парэштак Атона І у Магдэбургскім саборы. Фота: kunststiftung_sachsenanhalt

У Магдэбургскім саборы 1 верасня 2026 года адбылася афіцыйная цырымонія перапахавання Атона І, паведамляе выданне Süddeutsche Zeitung.

Прычынай маштабных прац стаў крытычны стан магілы гістарычнага дзеяча. Падчас маніторынгу ў 2024 годзе спецыялісты зафіксавалі мікрарасколіны ў вапняковым саркафагу, якія ўзніклі з-за пранікнення вільгаці і карозіі жалезных мацаванняў, усталяваных падчас папярэдняй рэстаўрацыі 1844 года. Каб прадухіліць поўнае знішчэнне помніка, у студзені 2025 года грабніцу адкрылі.

Унутры саркафага даследчыкі знайшлі пашкоджаную драўляную труну перыяду Высокага Сярэднявечча, якая не падлягала далейшаму выкарыстанню. Мастацкі фонд Саксоніі-Анхальт ініцыяваў стварэнне новай ёмістасці для захавання парэшткаў. Ювелір з Гале Сільке Трэкель стварыла труну даўжынёй крыху больш за метр (102 на 27,6 на 28,4 сантыметра), выкарыстаўшы тытан, чыстае срэбра і золата. На вечку размешчаны лацінскі надпіс з кароткай біяграфіяй манарха і адзнакай аб аднаўленні саркафага ў 2026 годзе.

Металічная капсула створана з разлікам на забеспячэнне захаванасці парэшткаў на працягу наступнага тысячагоддзя і абароны ад кліматычных ваганняў унутры сабора. Фота: Magdeburger Dom

У цырымоніі ўзялі ўдзел дзяржаўны міністр культуры і СМІ Германіі Вольфрам Ваймер, прэм'ер-міністр зямлі Саксонія-Анхальт Свен Шульцэ, міністр культуры рэгіёна Райнер Робра і іншыя палітыкі. Пасля набажэнства тытанавую труну апусцілі ў адрэстаўраваны каменны саркафаг. У далейшым яго зноў накрыюць антычнай мармуровай плітой вагой каля 300 кілаграмаў, пасля чаго грабніца будзе канчаткова закрытая.

Саркафаг Атона I Вялікага да пачатку рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons

Атон I (912—973) паходзіў з Саксонскай дынастыі Людальфінгаў. Узышоўшы на германскі трон у 936 годзе пасля смерці бацькі Генрыха I Птушкалова, ён паслядоўна падпарадкаваў племянных герцагаў цэнтральнай уладзе, перадаўшы ключавыя герцагствы членам сваёй сям'і.

Вырашальнай падзеяй яго кіравання стаў разгром вугорцаў-мадзьяраў у бітве на рацэ Лех каля Аўгсбурга ў 955 годзе. Гэтая перамога спыніла дзесяцігоддзі спусташальных набегаў качэўнікаў на Цэнтральную Еўропу і замацавала за каралём рэпутацыю галоўнага абаронцы заходняга хрысціянскага свету.

Статуі Атона I (справа) і Адэлаіды ў Мейсенскім саборы. Атон і Адэлаіда пажаніліся пасля яго захопу Італіі. Фота: Wikimedia Commons

У 961 годзе Атон I падпарадкаваў Італьянскае каралеўства, а 2 лютага 962 года быў каранаваны папам Янам XII у Рыме як імператар, адрадзіўшы заходнюю імперскую традыцыю Карла Вялікага. Заснаваная ім дзяржава, пазней вядомая як Свяшчэнная Рымская імперыя, праіснавала да 1806 года.

Імператарская карона Свяшчэннай Рымскай імперыі, вырабленая з васьмі залатых пласцін, меркавана, у Заходняй Германіі для каранацыі Атона I, якая была праведзена 2 лютага 962 года папам Янам XII. Фота: Wikimedia Commons

Для кіравання краінай манарх абапіраўся не на свецкіх феадалаў, а на біскупаў, надзяляючы іх зямельнымі і судовымі правамі, што ўвайшло ў гісторыю як атонаўская царкоўная сістэма. Эпоха яго праўлення выклікала маштабны культурны і асветніцкі ўздым, вядомы як «атонаўскае адраджэнне».

Магдэбург, у якім манарх у 968 годзе заснаваў архіепіскапства, стаў галоўнай рэзідэнцыяй імперыі і плацдармам для прасоўвання палітычнага і рэлігійнага ўплыву на славянскія землі.

Рэпліка Магдэбургскага вершніка, коннага помніка, створанага каля 1240 года, які традыцыйна лічыцца партрэтам Атона I. Фота: Wikimedia Commons

Што расказалі парэшткі імператара

Першачарговай задачай даследчыкаў стала пацвярджэнне таго, што ў саркафагу сапраўды знаходзяцца парэшткі Атона I. Спецыялісты Інстытута эвалюцыйнай антрапалогіі Макса Планка ў Лейпцыгу параўналі ДНК з магдэбургскага пахавання з узорамі костак з Бамбергскага сабора, якія належаць імператару Генрыху II. Аналіз даказаў сваяцтва трэцяй ступені па бацькоўскай лініі. Гэты вынік цалкам адпавядае гістарычным дадзеным, паводле якіх Генрых II з'яўляўся ўнучатым пляменнікам заснавальніка імперыі.

Прафесар біялогіі Універсітэта Гільдэсгайма Стэфан Флор адзначае, што ўзрост мужчыны на момант смерці складаў ад 55 да 65 гадоў. Гэта супадае з біяграфіяй манарха, які памёр у 973 годзе ва ўзросце 60 гадоў. Рост імператара дасягаў 1,80 метра, што рабіла яго прыкладна на 10 сантыметраў вышэйшым за сярэднестатыстычнага мужчыну X стагоддзя. Выразныя сляды прымацавання цягліц на костках таза і сцёгнаў сведчаць пра пастаянную язду вярхом. У каленным і тазабедраным суставах зафіксаваны прыкметы артрозу і акасцянення храстковай тканкі. Дадаткова біёлагі выявілі сістэмна-паталагічны кампанент, які ўказвае на метабалічнае расстройства. Наяўнасць такога захворвання пацвярджае высокі сацыяльна-эканамічны статус чалавека і яго рацыён, багаты на жывёльны бялок і прэснаводную рыбу.

Унутры каменнай грабніцы Х стагоддзя пад цяжкай плітой навукоўцы выявілі пашкоджаную часам і мінулымі ўмяшаннямі драўляную скрыню сапраўднага пахавання. Фота: Landesamt für Denkmalpflege und Archäologie Sachsen-Anhalt
Адкрытая драўляная труна з добра захаваным шкілетам імператара. Фота: Landesamt für Denkmalpflege und Archäologie Sachsen-Anhalt

Навукоўцы таксама даследавалі шматлікія траўмы, атрыманыя манархам пры жыцці. На левым перадплеччы знойдзены сляды загоенага пералому. На чэрапе зафіксаваны сляды сечанай раны ў патылічнай частцы і ўдар тупым прадметам у вобласць твару. На думку даследчыкаў, менавіта траўма твара магла стаць прычынай страты трох верхніх разцоў.

Стан сківіцы ўскладняўся парадантытам, зубным каменем і наяўнасцю карыесу на адным з зубоў. Кіраўнік аддзялення сківічна-тваравай хірургіі Універсітэта Гале Франк Тавасол у каментары выданню Tagesschau тлумачыў, што імператар ніколі не чысціў зубы, паколькі ў той час для гэтага не было ніякіх падстаў і звычак.

Шкілет імператара Атона I Вялікага. Тры верхнія разцы адсутнічаюць, відаць, праз удар тупым прадметам у твар. Фота: Landesamt für Denkmalpflege und Archäologie Sachsen-Anhalt, M. Klehm

Пра шматразовыя ўмяшанні ў пахаванне сведчыць не толькі стан костак, але і змесціва драўлянай труны. Побач са шкілетам знаходзіліся фрагменты чырвонага візантыйскага або іспанскага шоўку, сіняя коўдра са срэбнымі ніткамі, а таксама яечная шкарлупіна і костачкі садавіны. Сярод пазнейшых артэфактаў былі выяўлены кавалак аконнага шкла і магдэбургская манета XIII стагоддзя, што пацвярджае факты адкрыцця саркафага ў пазнейшыя эпохі.

Века, выдранае з антычнага помніка

Мармуровае века і стары саркафаг імператара Атона Вялікага. Фота: tagesschau

Асобным напрамкам працы даследчыкаў стала вывучэнне масіўнай мармуровай пліты вагой каля 300 кілаграмаў, якая накрывала саркафаг, зусім не супадаючы з ім па памеры. Раней лічылася, што яна выраблена з італьянскага карарскага мармуру або прывезена з грэчаскага вострава Эўбея. Археаметрычны аналіз, вынікі якога апублікаваныя ў навуковым часопісе Heritage, абверг гэтыя сцвярджэнні. Вывучэнне ізатопаў кіслароду і вугляроду, а таксама хімічнага складу мікраэлементаў даказала, што матэрыял здабылі ў праконескіх кар'ерах на востраве Мармара каля Канстанцінопаля.

Характэрны хвалісты ўзор шэрых палос на белым фоне часта сустракаўся ў візантыйскай архітэктуры. Фота: Landesamt für Denkmalpflege und Archäologie Sachsen-Anhalt

Падобныя мармуровыя пліты выкарыстоўваліся ў саборы Святой Сафіі і базіліцы Сан-Вітале ў Равене. Петраграфічныя характарыстыкі пацвярджаюць, што века саркафага Атона I з'яўляецца антычнай або познеантычнай споліяй — архітэктурным элементам, узятым з больш ранняга збудавання. Манарх мог прывезці яго з Італіі, дзе праводзіў шмат часу, або паўторна выкарыстаць дэталь са старых рымскіх пабудоў на поўнач ад Альпаў.

Аддзелка інтэр’ераў базілікі Сан-Вітале ў Равене з выкарыстаннем праконескага мармуру. Фота: Prof. Dr. Aydin Abar / mdpi.com

Правал місіі Адальберта на Русі

Палітычныя інтарэсы Атона І Вялікага не абмяжоўваліся Заходняй Еўропай і закраналі нават Кіеўскую Русь. У 959 годзе княгіня Вольга накіравала паслоў да германскага караля з просьбай прызначыць епіскапа і святароў для свайго народа. Паводле аўтараў выдання «Праваслаўная энцыклапедыя», гэты зварот з'яўляўся інструментам дыпламатычнага ціску Кіева на Візантыю для стварэння ўласнай незалежнай Царквы.

Падрыхтоўка місіі зацягнулася з-за смерці ў пачатку 961 года першапачаткова прызначанага на гэтую ролю манаха Лібуцыя. Замест яго кіраўніком дэлегацыі і першым епіскапам русаў стаў манах трырскага манастыра Адальберт.

Восенню 961 года ён прыбыў у Кіеў, дзе палітычная сітуацыя ўжо радыкальна змянілася. Улада фактычна перайшла да сына Вольгі князя Святаслава, які абапіраўся на язычніцкую эліту і адхіліў маці ад кіравання дзяржавай.

Лацінская місія пацярпела поўны крах, і ў пачатку 962 года Адальберт быў вымушаны тэрмінова пакінуць Русь. Падчас зваротнага шляху на дэлегацыю напалі язычнікі, забіўшы частку спадарожнікаў епіскапа.

Сам Адальберт выратаваўся з вялікімі цяжкасцямі і вярнуўся ў Германію, дзе працягнуў працу ў імператарскай канцылярыі. У 968 годзе Атон I заснаваў Магдэбургскае архіепіскапства для пашырэння ўплыву на славянскія землі, і менавіта Адальберт стаў яго першым кіраўніком. Гісторыю сваёй няўдалай экспедыцыі да русаў ён асабіста запісаў у працы «Працяг хронікі Рэгінона Прумскага».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Русей Вікінгаў было некалькі заўсёды, 4 і болей
    04.09.2026
    дзякуй , толькі не трэба імперскіх і Украінскіх мітаў , не якой Русі ніколі не існавала , Русей Вікінгаў было некалькі заўсёды, 4 і болей . І галоўнае, маскоўскі улус не якога дачынення да нашых Русей Вікінгаў не мае не якога дачынення

Цяпер чытаюць

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»2

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

Вытворца папулярнага джыну разарваў ліцэнзійнае пагадненне з беларускай «дачкой» Pernod Ricard2

У краінах Афрыкі чуткі пра «крадзеж геніталій» прывялі да дзясяткаў забойстваў10

У працы ChatGPT, Claude і Grok адбыўся маштабны, але кароткі збой1

Беларуса з брытанскім пашпартам збілі сілавікі ў расійскіх Есентуках, куды ён прыехаў на пахаванне бабулі14

У Варшаве п'яная беларуска ехала з чатырохгадовым дзіцём на электрасамакаце і трапіла ў бальніцу2

Мінскі «Пеленг» праз вялікі попыт на оптыку будуе новы корпус5

Трамп стаў першым за 100 гадоў дзейным прэзідэнтам ЗША, чый партрэт з'явіўся на манеце10

Мінскі школьнік забаўляўся, кідаючы на галовы дзецям пакеты з вадой10

У брэсцкім парку паставілі «цёплую лавачку» як на могілках ФОТАФАКТ10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»2

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць