У цэнтры гучнага канфлікту паміж украінскімі спецслужбамі апынуўся намеснік камандзіра Расійскага добраахвотніцкага корпуса, якога СБУ западозрыла ў сувязях з ФСБ.

Раніцай 2 верасня ў Кіеве дайшло да перастрэлкі паміж супрацоўнікамі СБУ і вайскоўцамі ГУР. Паводле ўкраінскіх СМІ, трое прадстаўнікоў ваеннай разведкі былі параненыя. Бакі па-рознаму апісваюць, хто справакаваў сутыкненне і першым ужыў зброю.
Цяпер сталі вядомыя новыя падрабязнасці справы, якая, як мяркуецца, і стала прычынай канфлікту. У яе цэнтры — намеснік камандзіра Расійскага добраахвотніцкага корпуса Сцяпан Каплуноў.
Хто такі Сцяпан Каплуноў
Каплуноў — грамадзянін Расіі і намеснік камандзіра Расійскага добраахвотніцкага корпуса (РДК) па баявой працы. РДК уваходзіць у склад «Спецпадраздзялення Цімура» Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. Паводле ўкраінскіх СМІ, Каплуноў пераехаў ва Украіну пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе, служыў у палку «Азоў» і Узброеных сілах Украіны. У 2022 годзе падчас баёў пад Кіевам ён атрымаў цяжкае раненне, а пазней далучыўся да РДК.
23 жніўня Каплуноў знік. Яго адвакат сцвярджаў, што мужчыну каля дома пасадзілі ў аўтамабіль невядомыя, пры гэтым афіцыйнага пратакола затрымання не было. Пра месцазнаходжанне Каплунава, паводле адваката, не было вядома да вечара 1 верасня.

Што яму інкрымінуе СБУ
3 верасня СБУ раскрыла сваю версію справы. Паводле спецслужбы, Каплуноў супрацоўнічаў з ФСБ і пагадзіўся выканаць яе заданне — забіць аднаго з лідараў расійскай апазіцыі, які павінен быў прыехаць ва Украіну.
Яго імя СБУ не называе. Украінскі тэлеграм-канал INSIDER UA са спасылкай на свае крыніцы сцвярджае, што Каплунову прапаноўвалі ліквідаваць Ахмеда Закаева.
У СБУ сцвярджаюць, што атрымалі інфармацыю пра падрыхтоўку ФСБ гэтага забойства напярэдадні Дня Незалежнасці Украіны 24 жніўня. Падчас праверкі высветлілася, што да справы можа быць датычны Каплуноў.
Паводле СБУ, у яго тэлефоне знайшлі перапіску з прадстаўніком ФСБ. З апублікаваных спецслужбай паведамленняў вынікае, што суразмоўца прапаноўваў Каплунову заданні за грошы.

СБУ сцвярджае, што гаворка ішла не толькі пра расійскага апазіцыянера. Нібыта Каплунову таксама прапаноўвалі забіваць іншых вайскоўцаў Сіл абароны Украіны за грашовую ўзнагароду.
СБУ апублікавала відэа, у якім Каплуноў прызнае, што кантактаваў з ФСБ. У спецслужбе таксама заявілі, што ён даў інфармацыю пра іншых магчымых удзельнікаў справы і супрацоўнічаў са следствам. Гэтым у СБУ патлумачылі, чаму Каплунову не абіралі меру стрымання.
Каплуноў заявіў, што прызнаўся пад ціскам
Сам Каплуноў пасля вызвалення ў інтэрв'ю Radio NV расказаў сваю версію.
Паводле Каплунова, 23 жніўня яго схапілі каля дома, надзелі кайданкі, заляпілі вочы скотчам і адвезлі ў невядомае месца. Усяго яго ўтрымлівалі дзевяць сутак на двух розных аб'ектах.
Найбольш інтэнсіўна, як сцвярджае мужчына, яго дапытвалі першыя двое сутак. Фізічнага гвалту пры гэтым не ўжывалі, аднак казалі, што ён можа «знікнуць назаўсёды», і згадвалі пра «капанне ямы».
На допытах Каплунова абвінавачвалі ў сувязях з ФСБ. Паводле яго слоў, пад псіхалагічным ціскам ён прызнаў, што кантактаваў з расійскай спецслужбай, а пасля нібыта перадаў гэты кантакт свайму непасрэднаму камандзіру Дзмітрыю Іванову.
Цяпер Каплуноў сцвярджае, што насамрэч нічога падобнага не было. Па яго словах, мэтай таго, што адбылося, магла быць дыскрэдытацыя «Спецпадраздзялення Цімура» ГУР і яго камандзіра.
Праз дзевяць сутак Каплунова адпусцілі і прывезлі да дома, каля якога затрымалі. Пра тое, што ў кватэры будуць праводзіць ператрус, загадзя не папярэдзілі.
Менавіта падчас гэтага ператрусу 2 верасня і адбыўся канфлікт паміж СБУ і ГУР. Абставіны самой стральбы цяпер расследуе Дзяржаўнае бюро расследаванняў.
Цяпер чытаюць
Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай
Каментары
выкраданнямі як раз кенты гэтага каплунова займаюцца