Напоі без цукру часта падаюцца як больш здаровая альтэрнатыва звычайнай салодкай газіроўцы. Але адны навуковыя даныя звязваюць заменнікі цукру з ракам, дыябетам і сардэчна-сасудзістымі хваробамі, а іншыя паказваюць іх перавагі. Што насамрэч вядома пра падсалоджвальнікі, расказвае Tagesspiegel.

Падсалоджвальнікі можна сустрэць у самых розных прадуктах: ад Cola Light і Red Bull да дэсертаў. Рынак гэтых рэчываў расце, а для вытворцаў яны маюць яшчэ адну перавагу: каб зрабіць прадукт аднолькава салодкім, падсалоджвальнікі часта абыходзяцца танней за цукар.
Першапачатковая логіка іх выкарыстання выглядала пераканаўча. Калі замяніць каларыйны цукар амаль некаларыйнай салодкай субстанцыяй, гэта павінна дапамагчы ў барацьбе з лішняй вагой і дыябетам.
Аднак за дзесяцігоддзі масавага выкарыстання падсалоджвальнікаў праблемы нікуды не зніклі. Людзі ўсё яшчэ таўсцеюць, а дыябет становіцца ўсё больш распаўсюджаным.
Супрацьлеглыя вынікі даследаванняў
Якасных доўгатэрміновых эксперыментаў з падсалоджвальнікамі адносна мала. Кароткія даследаванні даюць розныя вынікі: у адных людзі крыху худнеюць, у іншых — не; у адных павышаецца ўзровень цукру ў крыві, у іншых гэтага не адбываецца. Выразнай карысці або непасрэднай шкоды яны не паказалі.
Адно з больш працяглых даследаванняў доўжылася год. У ім удзельнічаў 341 чалавек. Спачатку ўдзельнікі два месяцы прытрымліваліся дыеты, а затым на працягу дзесяці месяцаў атрымлівалі здаровае харчаванне. Адной групе давалі прадукты з падсалоджвальнікамі, другой — з цукрам.
У выніку ўдзельнікі групы з падсалоджвальнікамі важылі ў сярэднім на 1,6 кілаграма менш. Але ёсць істотная дэталь: частка аўтараў мела сувязі з вытворцамі прадуктаў і індустрыяй падсалоджвальнікаў.
Наогул уплыў індустрыі — адна з прычын, праз якія дыскусія настолькі складаная.
Рак праз падсалоджвальнікі?
У 2023 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя параіла здаровым людзям не выкарыстоўваць падсалоджвальнікі як сродак кантролю вагі. СААЗ спасылалася ў тым ліку на даныя, якія дапускаюць магчымыя доўгатэрміновыя негатыўныя наступствы — павелічэнне вагі, рызыкі дыябету і сардэчна-сасудзістых захворванняў. Некаторыя навукоўцы таксама выступалі з такімі папярэджаннямі.
Справа даходзіць нават да падазрэнняў, што падсалоджвальнікі могуць спрыяць узнікненню анкалагічных захворванняў. Прынамсі, на гэта паказвае маштабнае назіральнае даследаванне падчас якога навукоўцы амаль восем гадоў сачылі за харчаваннем і здароўем больш як 128 тысяч чалавек. У тых, хто спажываў аспартам і ацэсульфам калію (ацэсульфам-К), часцей фіксаваліся анкалагічныя захворванні.
Высокае спажыванне падсалоджвальнікаў таксама было звязана з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі і большай рызыкай дыябету. Асабліва ў даследаванні вылучаліся аспартам, ацэсульфам-К і сукралоза.
Але тут ёсць важнае «але». Людзі, якія карыстаюцца заменнікамі цукру, могуць адрознівацца ад астатніх па мностве параметраў: вазе, фізічнай актыўнасці, курэнні, наяўнасці дыябету і агульным рацыёне. Кожны з гэтых фактараў сам па сабе здольны ўплываць на рызыку раку.
Навукоўцы спрабуюць улічваць такія адрозненні статыстычна. І нават пасля гэтага ў спажыўцоў падсалоджвальнікаў захоўвалася крыху большая частата раку.
Праўда, гэты метад працуе толькі з тымі прыкметамі, якія даследчыкі зафіксавалі. Адрозненні, пра якія ніхто не падумаў або якія цяжка вымераць, застаюцца па-за ўвагай. Таму такія даследаванні паказваюць сувязь, але не даказваюць прычыну.
Агляд навуковых прац 2024 года таксама прыйшоў да высновы, што назапашаныя даныя застаюцца супярэчлівымі. Адны даследаванні знаходзяць сувязь паміж падсалоджвальнікамі і ракам, іншыя — не. Тое самае адбываецца з пытаннямі пра дыябет і тлушчавую хваробу печані.
Можа, справа не ў саміх падсалоджвальніках?
Пытанне пра тое, чаму падсалоджвальнікі ўвогуле могуць мець негатыўны ўплыў, таксама з’яўляецца прадметам вострых дыскусій. Адно з магчымых тлумачэнняў звязана не з непасрэдным уздзеяннем гэтых рэчываў на арганізм, а з тым, як яны ўплываюць на нашы смакавыя звычкі.
Калі чалавек пастаянна есць вельмі салодкую ежу, ён прызвычайваецца да такога смаку і можа яшчэ больш хацець салодкага. На гэтым фоне садавіна і гародніна здаюцца менш прывабнымі. Праўда, як даводзяць эндакрынолагі, эфект мае часовы характар. Пасля адмовы ад падсалоджвальнікаў адчувальнасць смаку аднаўляецца.
Яшчэ адна версія датычыць мікрабіёму кішэчніка. Частка навукоўцаў лічыць, што штучныя падсалоджвальнікі могуць яму шкодзіць. Але і тут адзінага меркавання няма. Так, у адных з даследаванняў навукоўцы, наадварот, заўважылі магчымы станоўчы ўплыў на флору кішэчніка.
Магчыма таксама, што рэч не столькі ў саміх падсалоджвальніках. Яны часта ўваходзяць у склад ультраперапрацаванай ежы — газіроўкі, цукерак, сухіх сняданкаў. А вось негатыўны ўплыў празмернага спажывання такой ежы на здароўе вывучаны значна лепш.
Дык што выбіраць — цукар ці Cola Zero?
Навуковыя даныя пакуль не дазваляюць упэўнена сказаць, што падсалоджвальнікі больш здаровыя за цукар — або наадварот.
Ёсць, праўда, яшчэ адзін аргумент супраць некаторых заменнікаў, які ўжо не звязаны непасрэдна са здароўем чалавека. Сукралоза і ацэсульфам-К дрэнна раскладаюцца ў прыродзе і назапашваюцца ў воднай сістэме. Іх выдаленне з вады складанае і дарагое. Ёсць таксама даныя, што водныя арганізмы могуць быць да гэтых рэчываў больш адчувальныя, чым людзі.
Таму самая надзейная парада, якую сёння дазваляюць даць даследаванні, выглядае не надта сенсацыйна: чым менш салодкага, тым лепш, незалежна ад таго, салодкае яно праз цукар ці яго заменнікі.
Цяпер чытаюць
Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай
Каментары