Грамадства44

«Выключылася святло — і ўсё адбылося». Новыя сведчанні пра смерць Андрэя Паднябеннага ў калоніі

Роўна год таму, трэцяга верасня 2025 года, у штрафным ізалятары магілёўскай калоніі № 15 загінуў 36‑гадовы палітвязень, бацька трох дзяцей Андрэй Паднябенны. У калоніі ён прабыў два гады. Асуджаны амаль на 17 гадоў пазбаўлення волі, ён прайшоў праз пастаянныя змяшчэнні ў ШІЗА, правакацыі з боку адміністрацыі, збіццё і спробы зламаць яго псіхалагічна. Падчас чарговага адключэння святла, калі не працавалі камеры назірання, Андрэй здзейсніў самагубства. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў сведчанні васьмі былых зняволеных з калоніі № 15 і праваабаронцы Валянціна Стэфановіча пра тое, у якіх умовах утрымліваўся Андрэй і чаму ягоную смерць варта разглядаць як вынік сістэмнага давядзення да самагубства.

Калаж: spring96.org

Напружаныя адносіны з актывам атрада і апошняе змяшчэнне ў ШІЗА пасля агляду

Былы палітзняволены (імя не называецца ў мэтах бяспекі) распавёў праваабаронцам, што бачыўся з Андрэем у дзень яго смерці — трэцяга верасня 2025 года.

Паводле яго, Андрэй усміхаўся, цікавіўся навінамі, пытаўся, маўляў, калі ўжо ўсіх вызваляць. Андрэй планаваў схадзіць на канцэрт, каб сустрэцца з іншымі палітвязнямі, але не прыйшоў — яго змясцілі ў штрафны ізалятар (ШІЗА).

Іншы былы зняволены на ўмовах ананімнасці распавёў, што Андрэя змясцілі ў ШІЗА пасля агляду з вынасам асабістых рэчаў. Як зазначае яшчэ адзін палітвязень, гэта часта становіцца нагодай, каб «ператрэсці рэчы ў палітычных» і выпісаць ім парушэнне.

«Гэта праверка адпаведнасці рэчаў вязняў вопісу. Гэта легальная магчымасць пасадзіць палітвязня ў ШІЗА, калі на яго ёсць адпаведная «замова».

Паводле вязня, у Андрэя былі напружаныя адносіны з заўхозам (загадчыкам гаспадаркі) 18‑га атрада Вадзімам Мелюхам. Як лічылі іншыя зняволеныя, у ШІЗА палітвязня змясцілі менавіта пры садзейнічанні гэтага заўхоза.

Паводле назіранняў іншых вязняў, у апошні час да Андрэя было больш увагі з боку супрацоўнікаў. Вязні, якія стасаваліся з ім у апошнія месяцы, казалі, што ён, відавочна, быў не ў найлепшым маральным стане, замкнуўся і больш чытаў кнігі.

Пасля смерці яго рэчы забіралі ўначы і пусцілі чуткі, што нібыта Андрэя пераводзяць на турэмны рэжым, каб схаваць інцыдэнт.

Яшчэ адзін палітвязень таксама ананімна распавёў, што ў момант, калі гэта здарылася, у калоніі выключылася святло. Паводле яго ацэнак, гэта магло цягнуцца да паўгадзіны. За гэты час Андрэй здзейсніў самагубства.

Як распавёў былы палітвязень, паводле размоў у калоніі, Андрэй мог павесіцца на кратах у ШІЗА, выкарыстаўшы ўласныя штаны.

Яго спрабавалі «загнаць» у «нізкі статус»

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч, які ўтрымліваўся ў магілёўскай калоніі № 15 з траўня 2023 па кастрычнік 2024 года, распавёў пра знаёмства з Андрэем Паднябенным:

«Я пазнаёміўся з Андрэем у першы ж дзень майго пераводу з ШІЗА ў атрад. У ШІЗА я трапіў на трэці дзень свайго знаходжання ў «каранціне» калоніі. Пасля таго як я занёс свае рэчы і матрац у атрад і чакаў далейшага размяшчэння, я выйшаў у лакальны ўчастак (сектар). У нашым сектары было тры атрады — 3, 4 і 14. Я мог стасавацца з асуджанымі з гэтых атрадаў. Да мяне выйшлі два палітвязні, сярод якіх быў Андрэй Паднябенны. Яны сказалі, што вельмі радыя пазнаёміцца са мной асабіста і што чакалі, калі я выйду з ШІЗА. Яны далі мне некалькі парад наконт знаходжання ў атрадзе і бытавых пытанняў, а таксама спыталі, ці не маю я патрэбы ў чым-небудзь.

Андрэй быў высокі, хударлявы хлопец, значна маладзейшы за мяне. Мне ён падаўся досыць дружалюбным і адкрытым хлопцам. У далейшым я яшчэ некалькі разоў размаўляў з ім, але сталых кантактаў не падтрымліваў, бо нашы «графікі» не супадалі з-за таго, што ён і я часта знаходзіліся ў ШІЗА. Потым Андрэя перавялі ў 18‑ы атрад, які размяшчаўся насупраць нашага сектара».

Як тлумачыць праваабаронца, у 18‑м атрадзе ўтрымліваліся ў асноўным пенсіянеры альбо зняволеныя, якія працавалі на «лёгкай працы» па стане здароўя. Яны хадзілі на «промку» два разы на тыдзень — на чыстку кабеляў. Палітвязняў у гэтым атрадзе было вельмі мала.

«Андрэй працаваў прыбіральшчыкам лакальнага ўчастка, таму на прамзону яго не вадзілі і, адпаведна, я не меў магчымасці размаўляць з ім. Мы толькі віталіся кіўком галавы на адлегласці. Але інфармацыя і чуткі ў калоніі распаўсюджваюцца хутка. Ад іншых палітвязняў я даведаўся, што ён часта бывае ў ШІЗА, што яго спрабавалі «загнаць» у «нізкі статус» і што нібыта праз гэта, пратэстуючы супраць такіх дзеянняў, ён прагрыз сабе руку. Паводле няпісаных правілаў, ты мусіш выбрацца з такой камеры любымі шляхамі на працягу некалькіх гадзін. Магу меркаваць, што ў яго былі падставы так зрабіць, бо такога кшталту дзеянні асуджаных — дэманстратыўныя самапашкоджанні, глытанне прадметаў і гэтак далей — вядомая форма пратэсту супраць бязмежжа адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі. Відавочна, Андрэй такім чынам пратэставаў супраць чагосьці».

Пра смерць Андрэя Паднябеннага праваабаронца даведаўся, калі ўжо вызваліўся, — у сакавіку 2026 года. Валянцін звяртае ўвагу на тое, што падчас інцыдэнту было адключана святло:

Калі я быў у ПКТ і ШІЗА ў калоніі № 15, там здараліся аварыйныя адключэнні святла, часам на даволі працяглы час. У гэты перыяд не працавалі і камеры назірання, усталяваныя ў камерах.

Таксама Валянцін Стэфановіч адзначае, што ланцугі, на якіх мацуюцца нары, у калоніі называлі лёгкім сродкам самагубства:

Заматаў ланцугі на шыю і павіс — цяжару ўласнага цела хапае для самазадушэння, нават калі ногі застаюцца на падлозе.

Але асноўнае пытанне, якое патрабуе дасканалага расследавання, адзначае праваабаронца, — гэта прычыны такога ўчынку Андрэя.

«Важна адзначыць, што само па сабе знаходжанне ў месцах пазбаўлення волі і асуджэнне на вялікі тэрмін з’яўляюцца моцнымі псіхалагічнымі чыннікамі. Многія асуджаныя знаходзяцца ў цяжкім псіхалагічным стане, часта ўпадаюць у дэпрэсію і адчай. Асабліва гэта можа здарацца пры сутыкненні з цяжкімі жыццёвымі абставінамі — разводам з жонкай, што з’яўляецца частай з’явай, асабліва пры вялікіх тэрмінах, смерцю блізкіх. У такой сітуацыі асуджаныя маюць патрэбу ў прафесійнай псіхалагічнай дапамозе, якая практычна адсутнічае ў ПК № 15. У штаце калоніі ёсць некалькі псіхолагаў, але гэтая дапамога мае вельмі фармальны характар і абмяжоўваецца ў асноўным выдачай супакойлівых медыкаментаў ці проста таблетак валяр’янкі».

Паводле інфармацыі праваабаронцы, Андрэй Паднябенны стаяў на двух прафілактычных уліках: № 10 — «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці» і № 7 — «схільны да суіцыду і членапашкоджанняў».

«Паводле сведчанняў іншых асуджаных, Андрэй меў суіцыдальныя настроі і думкі і, відавочна, патрабаваў псіхалагічнай дапамогі. У выпадку палітвязняў сітуацыя ўскладняецца тым, што задача адміністрацыі заключаецца не ў дапамозе ім, а ў аказанні пастаяннага ціску на іх, стварэнні максімальна жорсткіх умоў і арганізацыі рознага кшталту правакацый. У такой атмасферы псіхалагічны стан яшчэ больш пагаршаецца. Акрамя таго, палітвязні баяліся звяртацца да псіхолагаў, паколькі не давяралі ім. Яны баяліся, што інфармацыя, якую паведамяць, будзе перададзеная адміністрацыі калоніі, а таксама што ім могуць даць яшчэ адзін прафулік — № 7, «схільны да суіцыду і членапашкоджанняў».

З ім працавалі больш жорстка, чым з астатнімі

Былы палітвязень (імя не называецца ў мэтах бяспекі), які некаторы час быў у адным атрадзе — чацвёртым — з Андрэем і называе яго сваім таварышам, лічыць, што яго давялі да самагубства праз ціск, які на яго чынілі:

«Сітуацыя складаная. Многія лічаць, што ён быў чалавекам дэпрэсіўным і схільным да суіцыду. Але ў мяне іншае меркаванне. Я ўпэўнены, што яго падштурхнулі да самагубства. З ім працавалі, гэта значыць ажыццяўлялі ціск, больш жорстка, чым з астатнімі. Гэта было звязана з тым, што ён падпаліў машыну нейкага начальніка з ДВП. Зверху папрасілі яго трохі «падбадзёрыць». Яго запалохвалі «нізкім статусам». Ён раней ужо рэзаў вены, таму ў «нізкі статус» яго не вызначылі».

Калі Андрэй Паднябенны памёр у ШІЗА трэцяга верасня 2025 года, у іншай камеры знаходзіўся наш суразмоўца. Ён успамінае, як гэта было:

«Усё адбылося максімальна дзіўна. На нейкі час у ШІЗА выключылася святло — і ўсё адбылося. У ізалятары ж стаіць генератар — там святло не можа выключыцца. У гэты момант я таксама знаходзіўся ў ШІЗА. Але я не чуў ніякай панікі на прадоле — нічога не адбывалася. Выключылася святло — пасвяцілі ліхтарыкам. Спыталі: «Усе жывыя?» Мы адказалі, што ўсе. Потым святло ўключылася, але нічога не адбывалася. А калі я выйшаў з ШІЗА, то даведаўся, што ў гэты час чалавек пакончыў з сабой.

Здзяйсняць суіцыд праз тое, што цябе пасадзілі на сем сутак за два яблыкі, калі за плячыма сто адседжаных сутак, — максімальна дзіўна. Паводле міліцэйскай версіі, якую яны распаўсюдзілі праз актывістаў, нібыта Андрэю прыйшоў ліст і ён там нешта прачытаў. Але ліст у ШІЗА прыйсці не мог. Калі ён сапраўды атрымаў ліст, то чаму не здзейсніў суіцыд адразу ў атрадзе? Гэта ж эмацыйны ўсплёск, імгненнае жаданне. Ён як быццам чакаў, калі яго адправяць у ШІЗА, а там выключыцца святло… Я не веру ў гэта. Напэўна, была чарговая спроба прыніжэння, якую ён не вытрымаў. Падштурхнуць да самагубства можна ж нават словам.

Падобная сітуацыя была з Дзмітрыем Шлэтгаўэрам, які не паспеў нават падняцца ў атрад і павесіўся ў ШІЗА. З ім таксама працавалі жорстка. Міліцыянты таксама пусцілі чутку, што гэта адбылося праз ліст, які ён атрымаў. Думаю, што гэта адбылося праз ціск і яго таксама давялі да самагубства. У кожнага свой парог успрымання ціску. Але Дзмітрыя асабіста я не ведаў. Пачуў толькі, што павесіўся палітвязень».

Былы палітвязень з цяплом успамінае пра Андрэя і спадзяецца, што датычныя да яго смерці будуць прыцягнутыя да адказнасці:

«Андрэй быў вельмі моцным і валявым хлопцам. Ён быў вельмі добрым. Мне стала балюча, калі я даведаўся, што з ім такое адбылося… Каб яго зламаць, трэба было пастарацца. Памятаю, як пасля пераводу ў іншы атрад ён з усмешкай гаварыў, што яму не пашанцавала быць адзіным палітвязнем у атрадзе. Ён падаваў гэта не з нейкім прыгнечаным выглядам, а з усмешкай.

Пры гэтым Андрэй быў апатычным. У яго ўвесь час былі такія сумныя вочы, як быццам чалавек ужо 20 гадоў адседзеў. Нібы ў яго дзень за тры праходзіў.

Гэтую сітуацыю нельга пакідаць без увагі і забываць. Асабіста я гэтага не дарую. Калі для аднаўлення справядлівасці спатрэбіцца 20 гадоў, то я буду чакаць і захоўваць гэтую інфармацыю. Я зраблю ўсё магчымае, каб вінаватыя ў смерці Андрэя панеслі пакаранне».

Ні на тэрарыста, ні на распальвальніка страсцей Андрэй падобны не быў

Былы палітзняволены літаратар Аляксандр Фядута распавядаў у калонцы для Беларускага ПЭНа пра знаёмства з Андрэем:

«Ні на тэрарыста, ні на распальвальніка страсцей Андрэй падобны не быў. Высокі, спакойны, інтэлігентны, відаць, шмат чытаў і яшчэ больш думаў.

Нашы атрады знаходзіліся па суседстве: шосты — мой і васямнаццаты — Андрэя. Мы часта размаўлялі. Пераважна пра нейкія палітыка-эканамічныя праблемы, у якіх ён разбіраўся значна лепш за мяне. Але заканчвалася ўсё аднолькава. Андрэй пытаўся ў мяне:

— Іосіфавіч, як Вы думаеце, калі гэта скончыцца?

Андрэя не вадзілі на «промку» — у прамысловую зону. Ён падмятаў двор. Мы былі з ім калегамі: я лічыўся прыбіральшчыкам у цэху».

Ён мне аддаў сваю зялёную гарбату і гадзіннік

Былы палітзняволены Сяргей Іванцоў, які нейкі час утрымліваўся з Андрэем Паднябенным у 18‑м атрадзе, распавёў:

«30 жніўня 2025 года я вярнуўся ў калонію № 15 пасля чарговага этапу ў шпіталь. Мяне адразу змясцілі ў «каранцін». У 18‑ы атрад мяне паднялі 10 верасня. Усяго нас, палітычных, у гэтым атрадзе было толькі тры чалавекі. Гляджу: нас толькі двое, а Андрэя няма. Я пытаюся ў іншых вязняў, дзе Андрэй, і азіраюся навокал. А два «белабірачнікі» кажуць: «Ціха!» — і паказваюць пальцам каля вуснаў. Потым адзін з іх паказвае пальцам уніз. Я падумаў, што гэта значыць, што яго змясцілі ў ШІЗА. Але калі ён пабачыў, што я не разумею, то паказаў пальцам уверх. Я тады пытаюся: «Яго ў штаб завялі?» Я не разумеў, што адбываецца. Тады мне ціха сказалі, што Андрэй памёр — павесіўся ў ШІЗА.

Я быў вельмі ўражаны гэтай навіной — у мяне мову адабрала. Адміністрацыя калоніі актыўна хавала гэтую інфармацыю. Было нават забаронена пра гэта размаўляць. Гэтая гісторыя мяне ўразіла, таму, калі я знайшоў яго бірку ў гардэробе, то схаваў яе ў сябе. Канечне, калі б яе знайшлі, я б адразу паехаў у ШІЗА. Пару тыдняў я пранасіў яе ў сваіх пальчатках, а потым яна згубілася. Але яна была вельмі дарагой для мяне».

Сяргей успамінае, як сябраваў з Андрэем у атрадзе, і распавядае пра яго сімвалічны апошні падарунак:

«Перад тым як я паехаў у бальніцу, ён аддаў мне сваю зялёную гарбату і гадзіннік. Я здзівіўся: «Што, табе не патрэбны гадзіннік?» Гэта вялікая каштоўнасць для зоны. Яго можна было абмяняць, напрыклад, на шмат цыгарэт, якія з’яўляюцца добрай валютай. Я здзівіўся і падумаў, што ён проста харошы хлопец. Калі я даведаўся навіну пра Андрэя, то згадаў пра яго падарунак. Напэўна, ён рыхтаваўся ці ведаў, што так будзе».

Былы палітзняволены распавядае, што ў жыцці Андрэя былі сямейныя праблемы:

«Калі ў жніўні, перад маім ад’ездам у бальніцу, мы хадзілі на тэлефонныя званкі, Андрэй ужо некалькі тыдняў не мог дазваніцца да маці. Ён ведаў, што яна хварэе, і вырашыў, што ўсё зусім дрэнна. Было бачна, што ён вельмі хваляваўся. Разам з іншым палітвязнем мы яго ўвесь час супакойвалі. Яго жонка раней ад яго сышла. Я не ведаю, ці магло гэта паўплываць на тое, што здарылася, але такі факт быў».

Калі яго з этапу змясцілі ў ШІЗА, у яго была панічная атака

Як адзначае адзін з былых палітзняволеных (імя не называецца ў мэтах бяспекі), які ўтрымліваўся ў магілёўскай папраўчай калоніі № 15, пытанне псіхалагічнага стану зняволеных і ўмоў іх утрымання мае крытычнае значэнне. Былы палітвязень, які быў знаёмы з Андрэем Паднябенным і размаўляў з ім, а таксама валодае інфармацыяй пра гібель яшчэ аднаго палітвязня — Дзмітрыя Шлэтгаўэра, падзяліўся сваімі меркаваннямі пра тое, як сістэма даводзіць людзей да крайняй мяжы.

Паводле былога палітвязня, думкі пра суіцыд у Андрэя з’явіліся ўжо падчас першага змяшчэння ў ШІЗА.

«Андрэй распавядаў, што, калі прыехаў у ПК №15 і яго змясцілі ў ШІЗА, у яго з’явіліся думкі пра суіцыд. Бо ты прыязджаеш у калонію і не ведаеш, што цябе чакае. Пры гэтым у СІЗА і па этапе наслухаешся розных жахлівых гісторый, а потым адразу трапляеш у адзіночную камеру ў ШІЗА з жудасным холадам, які не дае спаць уначы. Адціскаешся ці прысядаеш, каб сагрэцца, вырубаешся на 20 хвілін, а пасля зноў прачынаешся ад таго, што мерзнеш.

Андрэй распавядаў, што, калі яго з этапу змясцілі ў ШІЗА, у яго была панічная атака, бо яму здавалася, што яго проста хочуць забіць ці закатаваць.

Хаця пазней ён, як казаў, зразумеў, што тады гэта было фармальнае змяшчэнне ў ШІЗА, праз якое праходзіць большасць палітвязняў пасля прыезду ў калонію».

Суразмоўца згадвае, што Андрэй Паднябенны цяжка пераносіў ізаляцыю і адрыў ад сям’і.

«Калі Андрэя змяшчалі ў ШІЗА, то яму гэта псіхалагічна цяжка давалася, бо на волі яго чакалі трое дзяцей. Калі ён быў у атрадзе, то мог патэлефанаваць ім ці пабачыцца з імі па відэасувязі».

Тым не менш ціск на палітвязня і змяшчэнні яго ў ізалятар працягваліся, што прывяло да больш сур’ёзных наступстваў.

«Гэта была не першая спроба суіцыду Андрэя. Спачатку ён быў у адным атрадзе, дзе яго перыядычна змяшчалі ў ШІЗА. У выніку падчас чарговай панічнай атакі ён разгрыз сабе вены на руцэ. Пасля гэтага яго перавялі ў 18‑ы атрад. Чуў, што ў гэтым атрадзе меншая колькасць вязняў, асабліва палітычных, што дае магчымасць больш пільна іх кантраляваць».

Паводле слоў палітвязня, Паднябенны вылучаўся сярод іншых вязняў сваёй адкрытасцю і вострай рэакцыяй на тое, што адбывалася вакол.

«Андрэй быў вельмі шчырым і адкрытым чалавекам з абвостраным пачуццём справядлівасці. Часам гэта выглядала наіўнасцю. Некаторыя вязні кпілі з яго ці адмыслова чаплялі. Ён неяк скардзіўся, што адзін з вязняў-актывістаў — Бачыла — яго «дапякае».

Ён быў эмацыйным чалавекам і ўсё прымаў блізка да сэрца. Калі глядзеў нейкія навіны, то часам мог вельмі нервова рэагаваць на іх.

У Андрэя была залежнасць ад навін, а некаторыя з тых, хто з ім камунікаваў у атрадзе, намагаліся адцягнуць яго ад тэлевізара. Ён вельмі цікавіўся вайной ва Украіне.

Андрэй не заўсёды мог стрымацца, таму часам у яго з іншымі здараліся спрэчкі. А з гэтым у зонах цяпер вельмі строга: усе канфліктныя сітуацыі адміністрацыя спрабуе максімальна задушыць. У атрадзе ты заўсёды навідавоку, а Андрэй на прамзону амаль не хадзіў, бо працаваў на стаўцы «лакальшчыка», таму большую частку часу знаходзіўся на тэрыторыі атрада. Апроч гэтага, усюды ўсталяваныя відэакамеры. За слоўную сварку маглі адразу адправіць на 10 сутак у ШІЗА. А калі ты палітычны, то нават ніхто разбірацца не будзе. Андрэй часам мог эмацыйна адрэагаваць на нейкую заўвагу, таму некалькі разоў трапляў у ШІЗА за канфлікт».

Андрэй апісваў свой стан пад уздзеяннем неўралептыкаў як летаргічны сон

Паводле назіранняў былога палітзняволенага, у Андрэя быў нестабільны эмацыйны фон.

«У пэўны час я вельмі цікавіўся псіхалогіяй, таму заўважыў, што ў Андрэя быў, верагодна, неўроз дакучлівых станаў — абсесіўна-кампульсіўнае засмучэнне. Адна з прыкмет гэтага — тое, што чалавек часта мые рукі. Андрэй увесь час хадзіў і мыў рукі — мыла ў яго ледзь не ў кішэні ляжала. Усе вязні жартавалі з яго і казалі, што ён рукі змыліць. Я камунікаваў з Андрэем, стараўся падтрымліваць яго і дапамагаў яму пераключаць увагу. Я дзяліўся з ім спосабамі дасягнення самакантролю. Бо ён мог выбухнуць нават праз нейкую дробязь».

Як адзначае суразмоўца, псіхалагічная дапамога ў ПК № 15 існуе толькі на паперы, а замест лячэння выкарыстоўваюцца прэпараты, якія прыглушаюць асобу.

«У калоніі атрымаць паўнавартасную псіхалагічную дапамогу нерэальна. Псіхолагі ў калоніі — гэта збольшага проста фармальнасць. Яны праводзяць нейкія тэсты раз на тры месяцы — і ўсё. Але мы не ведаем, ці апрацоўваюцца неяк гэтыя тэсты і ці ўлічваюцца іх вынікі.

Антыдэпрэсанты — дарагое задавальненне для турмаў, таму яны ўсё спрашчаюць і выпісваюць неўралептыкі. Я на гэтую тэму размаўляў з многімі адукаванымі людзьмі, якія таксама прайшлі праз зняволенне, і ўсе казалі, што беларускія турмы і калоніі — гэта адзін вялікі дурдом. У большасці людзей з іх кантынгенту ёсць псіхалагічныя праблемы, а ў дзяржавы няма рэсурсаў на іх рэабілітацыю і падтрымку. Для дзяржаўнай сістэмы самае простае — ізаляваць гэтых людзей. Улічваючы, колькі людзей там патрабуе псіхалагічнай дапамогі, гэтыя два-тры псіхолагі на некалькі тысяч зняволеных — нішто. Яны фізічна не могуць задаволіць патрэбы ўсіх, каму патрэбная псіхалагічная дапамога.

Напрыклад, шмат хто з вязняў, трапіўшы ў калонію, прыкладна праз год перажывае развод, хтосьці «гоніць» праз вялікі тэрмін, які яшчэ трэба адбыць, нехта баіцца вызваляцца пасля вялікага тэрміну «адсідкі», бо бачыць па тэлевізары, як змяніўся свет за межамі калоніі, нехта перажывае з прычыны смерці ці хваробы блізкіх і сваякоў. А ўсё, што ў падобныя крытычныя моманты можа прапанаваць псіхолаг, — гэта «лафетка валеры» — пласцінка таблетак валяр’янкі.

Яшчэ трэба разумець, што кожны чалавек мае індывідуальную ступень трываласці. У адной зоне і адным атрадзе для аднаго вязня ўмовы могуць здавацца катаваннем, а для іншага гэта побытавая штодзённасць. Гэта пытанне ў тым ліку асабістага ўспрымання, досведу і загартавання.

Пры заездзе ў калонію з вязнямі мусіць размаўляць псіхолаг, каб скласці псіхалагічны партрэт чалавека, але гэтую функцыю, як і шмат іншых, часцей за ўсё выконвае аператыўнік. З іншага боку, начальнік атрада мусіць клапаціцца пра псіхалагічны стан зняволеных і цікавіцца ім, але часта супрацоўнікі так загружаныя папяровай працай, што на гэта ў іх ужо не застаецца рэсурсаў».

Суразмоўца згадвае, што нейкі час Андрэю быў прапісаны курс неўралептыкаў — антыпсіхатычных сродкаў. Гэта група псіхатропных лекавых прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца пераважна для лячэння псіхозаў, шызафрэніі і іншых цяжкіх разладаў псіхікі. Яны эфектыўна зніжаюць псіхаматорнае ўзбуджэнне, ухіляюць трызненне, галюцынацыі, пачуццё страху і агрэсію. Але Андрэй сам адмовіўся ад іх, бо яны былі вельмі моцнымі.

«Андрэй апісваў свой стан пад уздзеяннем неўралептыкаў як летаргічны сон: прачнуўся, схадзіў у прыбіральню, у сталоўку — і яго выключала. Бывала, што ён мог прапускаць сталоўку, бо пад уздзеяннем таблетак не чуў сігналу на выхад з атрада. Паводле Андрэя, ад гэтай медыкаментознай тэрапіі ў яго знікала прага да жыцця. Ён казаў, што разумее: лекі нібыта мусяць дапамагаць, але ў яго, наадварот, псіхалагічны стан пагаршаўся. Цела нібы захоўваецца фізічна, але як асоба ты не існуеш, бо зусім перастаеш адчуваць і перажываць эмоцыі. Праз гэта ён адмовіўся ад гэтых лекаў. Пэўны час ён быў псіхалагічна стабільным, у тым ліку дзякуючы базавым фізічным практыкаванням».

Другі трагічны выпадак адбыўся з Дзмітрыем Шлэтгаўэрам, які нават не паспеў трапіць у атрад і таксама загінуў у ШІЗА.

«Калі загінуў Дзмітрый Шлэтгаўэр, акурат у той час у ШІЗА сядзеў вязень, з якім мы часам камунікавалі. Ён пасля распавёў, што чуў мітусню ў калідоры ды па голасе пазнаў опера Кіслякова, які даставаў з «пятлі» цела.

Гэта здарылася ўначы. Ён пачуў нейкі рух і голас Кіслякова: «Ён яшчэ цёплы». Вядома, што Шлэтгаўэра змясцілі ў ШІЗА з «каранціну». Пазней хадзілі чуткі, што ў ПК № 15 нейкі час нікога з палітычных не адпраўлялі ў ШІЗА з «каранціну». Бо да гэтага трагічнага выпадку амаль усе вязні, якія мелі прафулік № 10 — «экстрэмісцкі», пасля этапавання з СІЗА ў калонію траплялі ў атрад праз ШІЗА.

Чуткі пра суіцыд палітвязня ў ШІЗА разышліся вельмі хутка, хоць адміністрацыя ўсяляк намагаецца хаваць такія факты. Праз нейкі час пачалі распаўсюджвацца плёткі, што нібыта той, хто здзейсніў суіцыд, трапіў у няволю па наркаманскім артыкуле. Некаторыя выказвалі здагадкі, што такія чуткі наўмысна распаўсюджваюцца операддзелам, каб пазбегнуць магчымай абвостранай рэакцыі на гэта з боку іншых палітвязняў».

Распавядаў, што адразу, як прыехаў у калонію, яго збівалі ў ШІЗА

Яшчэ адзін былы палітвязень, які быў у суседнім з Андрэем атрадзе, пагадзіўся на ўмовах ананімнасці распавесці пра Андрэя Паднябеннага:

«З Андрэем я пазнаёміўся ў першы ж дзень, калі ён трапіў у суседні атрад — у 14-ы. Мы з ім адразу пачалі вельмі добра размаўляць, бо ён адзін з самых добрых палітвязняў, якіх я ведаў у калоніі. Андрэй нават ніводнага мацюка не вымавіў за ўвесь час нашых зносін.

Ён распавядаў, што адразу, як прыехаў у калонію, яго збівалі ў ШІЗА. Гэта адбывалася з усімі, у каго быў вялікі тэрмін. Калі ён трапіў у калонію, яго пазбавілі ўсяго. Я яму дапамагаў, чым мог, таму што ў яго зусім нічога не было: ні адзення, ні ежы. Мы размаўлялі кожны дзень, пілі разам гарбату».

Мужчына распавядае, што ў Андрэя была хвароба, але ўспомніць і назваць падрабязнасці не змог. Паводле яго, палітвязень распавёў яму пра гэта прыкладна праз месяц пасля таго, як апынуўся ў калоніі, — у кастрычніку 2023 года:

«Яму можна было займацца толькі лёгкай працай, але ён доўга хадзіў са мной чысціць дрот. Андрэй дамагаўся, каб яго перавялі на іншую працу. Так ён апынуўся ў 18‑м атрадзе, дзе яму прызначылі лёгкую працу. Яго ўсё роўна адпраўлялі чысціць снег, прыбіраць тэрыторыю калоніі, хоць гэта нялёгкая праца.

Андрэй мне неаднаразова казаў, што яму засталося нядоўга жыць. Ён са слязамі на вачах казаў, што адчувае, што хутка памрэ. Я яму ўвесь час казаў: «Андрэй, супакойся! Усё жыццё ў цябе наперадзе. Будзем яшчэ Беларусь разам будаваць». Ён казаў, што ў яго нейкая хвароба і яму была патрэбная медыцынская дапамога, якой у калоніі ён не атрымае».

Пры гэтым, як падкрэслівае мужчына, пра суіцыд Андрэй у размове з ім ніколі не згадваў:

«Я ўпэўнены: ён бы гэтага не зрабіў».

Былы палітвязень адзначае, што не заўважаў у Андрэя ніякіх псіхалагічных праблем:

«Ён заўсёды быў на пазітыве. Андрэй быў спакойным чалавекам. Але ён не вельмі хацеў ні з кім мець зносіны».

Паводле слоў суразмоўцы, Андрэя Паднябеннага неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА:

«Калі ён быў у 18‑м атрадзе, то мы заўважалі, што ён адсутнічае. У тым атрадзе было вельмі мала палітвязняў — там адны пенсіянеры. Андрэй быў апошнім зняволеным, якога я бачыў перад вызваленнем. Ён чысціў снег, а я паказаў яму праз плот жэст: «Жыве Беларусь!» Так атрымалася, што мае апошнія словы ў калоніі былі звернутыя менавіта да Андрэя».

Былы палітвязень даведаўся пра смерць Андрэя, калі ўжо быў на волі.

«У калоніі на спатканні была сваячка аднаго з асуджаных. Яна перадала мне, што ў калоніі павесіўся палітвязень. Я тады звязаўся з журналістамі, каб яны высветлілі, пра каго ідзе гаворка. І потым я ўжо прачытаў у навінах, што гэта быў менавіта Андрэй».

«Усе гэтыя факты патрабуюць належнага расследавання»

Падсумоўваючы, праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч адзначае:

«Смерць Андрэя ў ШІЗА ПК № 15, на маю думку, трэба разглядаць у кантэксце агульнай сітуацыі ціску, з якім сутыкаюцца палітвязні ў месцах пазбаўлення волі. Трэба адзначыць, што палітвязні сутыкаюцца з сістэмным, мэтанакіраваным ціскам, арганізаваным адміністрацыяй месцаў пазбаўлення волі. Сістэмнасць, масавасць і аднароднасць гэтага ціску ў дачыненні да ўсіх палітвязняў дазваляюць казаць пра адмыслова распрацаваную метадалогію яго ажыццяўлення і сведчаць пра яго арганізаваны характар.

Увесь гэты ціск і правакацыі ў дачыненні да палітвязняў арганізоўваліся непасрэдна адміністрацыяй калоніі: начальнікам, ягонымі намеснікамі, аператыўнікамі і начальнікамі атрадаў. Тут трэба нагадаць, што на ўсіх рапартах і рашэннях аб змяшчэнні ў ШІЗА за «парушэнні» стаяць подпісы канкрэтных службовых асоб, у прыватнасці начальніка калоніі Лазарэнкі. Акрамя таго, вядомыя факты таго, што супрацоўнікі калоніі — маёры Весялоў, Кавалеў і капітан Кіслоў — ужывалі катаванні і фізічны гвалт у дачыненні да асуджаных. Верагодна, такі фізічны гвалт прымяняўся і ў дачыненні да Андрэя.

Выпадак з пракушанай рукой падчас чарговага знаходжання ў ШІЗА сведчыць пра тое, што Андрэй пратэставаў супраць нейкіх незаконных дзеянняў у дачыненні да яго. Усе гэтыя факты патрабуюць належнага расследавання і высвятлення праўды, неабходнай для дачы прававой ацэнкі дзеянням канкрэтных службовых асоб калоніі № 15: начальніка калоніі А. В. Лазарэнкі, ягоных намеснікаў Федарэнкі і Ігнаценкі, начальнікаў атрадаў і аператыўнікаў, начальніка аператыўнай службы і ягоных намеснікаў.

Паўтаруся, што ўвесь ціск і правакацыі, якія здзяйсняліся ў дачыненні да палітвязняў, у тым ліку да Андрэя, адбываліся па загадзе гэтых службовых асоб, з іх ведама і па ўзгадненні з імі. Следству трэба будзе вызначыць і тых, хто аддаваў такія загады кіраўніцтву калоніі. Верагодна, гэта было кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў альбо непасрэдна ГУБАЗіК. Гэта ж датычыцца і іншага выпадку — самагубства Дзмітрыя Шлэтгаўэра ў ШІЗА ПК № 15 у кастрычніку 2024 года».

Каментары4

  • Gorliwy Litwin
    03.09.2026
    Так ствараецца спадчынная карпарацыя Красаўцаў - самураяў Белай Русі, якія збіраюцца кіраваць ёй праз усю неа феадальную эпоху, шмат пакаленняў. Застрашванне патэнцыйна непакорных рабоў, халопаў - ключавы элемент іх дамінацыі.
  • ??
    03.09.2026
    Гісторыя, чаму не дачакаюцца? На марс зляцяць?
  • крытыканам Ціханоўскага
    03.09.2026
    Уяўляецце колькі трэба моцы, каб вытрымаць гэты лукашасцкі ад і не зламацца, і застацца жывым?

Цяпер чытаюць

Пад Энгельсам расстралялі генерала расійскай стратэгічнай авіяцыі15

Пад Энгельсам расстралялі генерала расійскай стратэгічнай авіяцыі

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскім Уруччы перакуліўся фургон з дынямі ФОТАФАКТ1

На адной з гродзенскіх вуліц заўважылі метровага вужа ФОТЫ11

Памёр Іосіф Хаўратовіч

Андрэй Пачобут сустрэўся з Папам Львом XIV8

Польскія фермеры ўзялі ў арэнду 26 тысяч гектараў пад Слонімам. За пяць гадоў каровы сталі даваць у 6 разоў больш малака26

Апублікаваны новы генеральны план Гомеля. Што ў ім?3

На мяжы змяняюцца правілы электроннай чаргі для аўтамабіляў

Бундэсвер упершыню выпрабаваў балістычную ракету6

Турчын прызнаўся ў праблемах беларускага экспарту2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Энгельсам расстралялі генерала расійскай стратэгічнай авіяцыі15

Пад Энгельсам расстралялі генерала расійскай стратэгічнай авіяцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць