Свет44

Закопвалі майткі, смаркаліся, вынаходзілі пісуар без пырскаў і наступалі на змей — за што раздалі Шнобелі-2026

У Цюрыху ўзнагародзілі аўтараў даследаванняў, якія спачатку выклікаюць смех, а пасля прымушаюць задумацца. Сёлета Шнобелеўскія прэміі атрымалі навукоўцы, якія вывучалі малако тараканаў, правільнае смарканне, пацалункі, пырскі ў пісуарах і стан глебы з дапамогай закапаных трусоў.

Шнобелеўская прэмія была заснаваная часопісам Annals of Improbable Research як пародыя на Нобелеўскую. Аднак узнагароды ўручаюць за сапраўдныя навуковыя працы.

36‑я цырымонія ўпершыню прайшла не ў ЗША, а ў Еўропе. Арганізатары перанеслі яе ў Цюрых праз складанасці з атрыманнем амерыканскіх віз і заявілі, што паездкі ў ЗША сталі небяспечнымі для замежных лаўрэатаў і гасцей.

Тэмай сёлетняй цырымоніі сталі грыбы. Сапраўдныя нобелеўскія лаўрэаты, апранутыя грыбамі, выканалі оперную песню, а 1500 гледачоў па традыцыі закідалі сцэну папяровымі самалёцікамі. Пераможцам уручылі статуэткі ў выглядзе грыба з чалавечай ступнёй і купюру наміналам 10 трыльёнаў зімбабвійскіх долараў, якая ўжо не мае грашовай вартасці.

Прэмію па эканоміцы атрымалі даследчыкі, якія сабралі доказы таго, што людзі з вышэйшых сацыяльных слаёў часцей паводзяць сябе неэтычна. Навукоўцы назіралі за паводзінамі кіроўцаў дарагіх аўтамабіляў на скрыжаваннях і пешаходных пераходах, а таксама прапаноўвалі ўдзельнікам эксперыменту ўзяць цукеркі з міскі, папярэдзіўшы, што яны прызначаныя дзецям.

Высветлілася, што заможныя ўдзельнікі забіралі амаль удвая больш дзіцячых цукерак. Яны таксама часцей не саступалі дарогу іншым кіроўцам і пешаходам і былі больш схільныя хлусіць дзеля ўласнай выгады.

Хімічную прэмію прысудзілі міжнароднай групе навукоўцаў, якая даследавала так званае малако жывародных тараканаў Diploptera punctata. Самкі гэтага віду кормяць эмбрыёны вадкасцю, багатай на бялкі, тлушчы і цукар. Гэтая вадкасць утрымлівае утрая больш энергіі, чым роўная ёй колькасць каровінага малака.

У фармацэўтычнай катэгорыі перамагла японская праца 1977 года пра аэрадынаміку смаркання. Даследчыкі вымяралі хуткасць паветра і ціск у вушным канале і прыйшлі да высновы, што смаркацца лепш па чарзе праз кожную ноздру, папярэдне зрабіўшы невялікі ўдых.

Прэмію па фізіцы атрымалі стваральнікі пісуара, які не распырсквае вадкасць. Эксперыменты паказалі, што пырскі практычна знікаюць, калі струмень трапляе на паверхню пад вуглом менш за 30 градусаў. Навукоўцы стварылі выгнутую канструкцыю, якая захоўвае патрэбны вугал незалежна ад росту чалавека.

Тэхналагічнай прэміяй адзначылі «некрадрук» — выкарыстанне хабатка мёртвага камара ў якасці звыштонкага сопла для 3D-прынтара.

Прэмію па глебазнаўстве далі навукоўцам, якія з дапамогай тысячы добраахвотнікаў закапалі аднолькавыя баваўняныя трусы больш чым у 25 краінах. Праз месяц і два месяцы бялізну выкопвалі і правяралі, наколькі яна расклалася. Чым актыўнейшыя глебавыя мікраарганізмы, тым менш тканіны заставалася. Гэты паказчык назвалі «індэксам майткоў».

Біямеханічную прэмію атрымала даследаванне эвалюцыі пацалункаў. Навукоўцам спачатку давялося даць ім строгую навуковую дэфініцыю: неагрэсіўны кантакт рот у рот паміж прадстаўнікамі аднаго віду, які суправаджаецца рухамі вуснаў, але не перадачай ежы. Прааналізаваўшы паводзіны прыматаў, аўтары прыйшлі да высновы, што цалавацца маглі яшчэ агульныя продкі чалавекападобных малпаў, а пазней — неандэртальцы.

Біялагічную прэмію прысудзілі бразільскім даследчыкам, якія ў ахоўных ботах асцярожна наступалі на розныя часткі цела атрутных змей, каб высветліць, калі тыя найбольш схільныя кусацца. Часцей за ўсё змеі атакавалі, калі ім наступалі на галаву. Пазней артыкул адклікалі з навуковага часопіса: эксперымент не меў неабходнага этычнага дазволу.

Прэмію ў галіне нюху атрымалі аўтары апытання, паводле якога бацькам падабаецца пах маленькіх дзяцей, але з узростам дзіцяці прыемнасць яго паху паступова зніжаецца. Асабліва рэзка бацькоўскія ацэнкі пагаршаліся, калі дзеці станавіліся падлеткамі.

Прэмія міру дасталася даследаванню сяброўства. Эксперыменты паказалі, што людзі хочуць бачыць сяброў добрымі і надзейнымі ў адносінах да сябе, але часта аддаюць перавагу, каб тыя паводзілі сябе жорстка з іх ворагамі. Як сфармулявала адна з аўтарак, часам людзі адчуваюць асаблівую падтрымку, калі сябры гатовыя «ненавідзець за іх».

Каментары4

  • Ёсік
    04.09.2026
    трусы, ёсьць баязьліўцы і майткі. Не нашае гэта слова.
  • а
    04.09.2026
    Ёсік,
    а как ой е
    нашае ?

    якое нашае першае слова ?
  • кісё
    04.09.2026
    Ёсік, а нашае якое?

    муж з дзіцем парыліся ў легендарнай лазні, як раптам вылез у ніх там крот

    і што вы зрабілі?

    мы ўзялі яго і выпусцілі на волю

Цяпер чытаюць

Арыштавалі мінчука, які 27 гадоў таму зарэзаў маладую валютчыцу. Яго здаў падзельнік, які цяпер сядзіць на пажыццёвым3

Арыштавалі мінчука, які 27 гадоў таму зарэзаў маладую валютчыцу. Яго здаў падзельнік, які цяпер сядзіць на пажыццёвым

Усе навіны →
Усе навіны

З чат-бота Life рассылалі эратычныя выявы — што здарылася?

Армія хакераў сусветнага класу Паўночнай Карэі — сакрэтная зброя, якая ўзламала Binance2

«Мы ўсе ў шоку». Як страляніна ў цэнтры горада закранула беларусаў у Кракаве2

«Я зарабляла на OnlyFans $2000‑3000 на месяц». Беларуска расказала, як стала здымаць кантэнт для дарослых і чаму па-ранейшаму жыве без сэксу56

Піяніна, Prada, Ray-Ban, шампанскае Cristal. У расіяніна забралі тавараў на паўмільёна рублёў

Беларус паскардзіўся ў пракуратуру на кіраўніка TV Republika: той сказаў, што ў страляніне ў Кракаве ўдзельнічалі замежнікі23

Вячорка расказаў храналогію спробы арганізаваць непублічныя перамовы з Мінскам, каб дээскалаваць сітуацыю23

У Маладзечанскім раёне ў аварыі з машынай ДАІ пацярпела чатырохгадовая дзяўчынка2

«Сядзець на вяршыні гары ў Швейцарыі і піць да страты прытомнасці». Рутэ расказаў пра іх з Зяленскім планы на пасля вайны 9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі мінчука, які 27 гадоў таму зарэзаў маладую валютчыцу. Яго здаў падзельнік, які цяпер сядзіць на пажыццёвым3

Арыштавалі мінчука, які 27 гадоў таму зарэзаў маладую валютчыцу. Яго здаў падзельнік, які цяпер сядзіць на пажыццёвым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць