Грамадства1919

Памерла Святлана Курс. У яе творах спалучаліся магія жывога жыцця і бязлітасны псіхалагізм. А ў публічных выступах і ФБ — рэзкі антыімперыялізм і элегантны лірызм

Пра смерць 54‑гадовай пісьменніцы Святлана Курс, якая апошні год змагалася з анкалагічным захворваннем, паведаміла яе сям'я.

У творах Святланы Курс, якая найчасцей пісала пад псеўданімам Ева Вежнавец, спалучаліся магія жывога жыцця і глыбокі, часам бязлітасны псіхалагізм; радаснае захапленне штодзённым і ўсведамленне непазбежных драмаў жыцця.

У Святланы Курс была ўнікальная памяць пра дзяцінства, рэдкая эмпатыя і дасканалая, ад бабуль і прабабуль, мова. Усё гэта — з краю Палесся. Яе творы, і найперш аповесць «Па што ідзеш, воўча», якую многія называюць раманам, увайшлі ў залаты фонд сусветнай літаратуры.

Вялікую падборку яе нядаўніх і даўніх тэкстаў, гутарак, выказванняў вы знойдзеце ўнізе пад гэтым артыкулам. Унізе таксама ёсць спасылка на вялікі «Ток» Насты Роўды з ёю.

Святлана Курс нарадзілася і вырасла ў вёсцы ў Любанскім раёне, а ў літаратуру прыйшла паралельна з прыходам у журналістыку і з удзелам у змаганні за захаванне незалежнасці Беларусі ў 1990-я.

У тыя гады Святлана Курс актыўна супрацоўнічала з рознымі незалежнымі медыя, у тым ліку пісала ў «Нашу Ніву».

У часопісе ARCHE і «НН» яна апублікавала і свае першыя апавяданні: «Мы два хохлікі» і «Візіт архіварыуса».

Пазней шмат гадоў працавала журналісткай на «Еўрарадыё», дзеля чаго ёй давялося (лукашэнкаўскі рэжым не дазваляў ствараць незалежных радыёстанцый і тэлеканалаў у краіне) пераехаць у Варшаву. Яна думала, што гэта на пару гадоў, а ў выніку пражыла там да скону — у раёне Воля, які пяшчотна палюбіла за яго высакародную народнасць, так блізкую яе сэрцу.

У 2008 годзе ў серыі «Кнігарня «Наша Ніва», прымеркаванай да 100‑годдзя нашага выдання, выйшла яе першая кніга «Шлях дробнай сволачы», што складалася з апавяданняў, у якіх перад чытачом паўставала галерэя арыгіналаў, часам маргіналаў, але заўсёды вельмі жывых персанажаў — вясковых алкаголікаў, ведзьмаў, звычайных жанчын з цяжкім лёсам і прывідаў мінулага. (Аповесць «Шлях дробнай сволачы» была ад пачатку надрукаваная ў папяровай «НН» з працягам.)

Раман «Па што ідзеш, воўча?» выйшаў у 2020-м. Гэтая кніга лічыцца адным з найлепшых беларускіх твораў XXI стагоддзя. У 2021 годзе за гэты раман пісьменніца атрымала Прэмію імя Ежы Гедройця. Раман быў перакладзены на нямецкую, польскую, шведскую, літоўскую, нарвежскую, англійскую ды іншыя мовы, адкрываючы закручаную і жудасную беларускую гісторыю для еўрапейскага чытача.

Да 2021 года яна прыязджала ў Беларусь, у родныя краі. Пасля пачатку масавых рэпрэсій дарога ёй, прынцыповай праціўніцы лукашызму і імперыялізму, закрылася, але яна працягвала жыць Беларуссю анлайн. 

Святлана Курс не толькі пісала прозу, але і выступала на самых розных платформах, каментуючы сацыяльна-палітычныя і культурныя працэсы ў Беларусі. Сваю старонку ў фэйсбуку яна вяла з такой шчырасцю, элегантнасцю і лірызмам. Яна і сама была гэткай, як тая яе старонка.

Яе тры апошнія запісы там: 

«Мілыя, мо хто едзе з Менска ў Варшаву ў найбліжэйшы час і прывязе мне кніжачку Ад Вясны да Вясны? Напішыце калі ласка ў прыват» (7 ліпеня).

«А белы наліў у Варшаве ўжо прадаюць?» (6 ліпеня).

«Людзі цягнуцца да беларускай мовы, ім вельмі хочацца і вельмі складана. Таму што цягі мала. Трэба адначасова мець што сказаць. Нейкія важныя менавіта для цябе рэчы і пасылы — не замкі, касцёлы, ВКЛ. Інакш гэта саламяны агонь. А выразіць штосьці сапраўды важнае на прыцягальнай, але малазасвоенай мове — складана ўтрая. Я чытаю трэдс» (6 ліпеня).

Гаварыце па-беларуску, пішыце па-беларуску, трымайцеся нашых традыцый. Гэта будзе найлепшы вянок на магілу Святланы Курс.

Перагляньце, успамяніце гэтую вялікую беларускую пісьменніцу: вялікая гутарка са Святланай Курс у «Току» тут ніжэй

Каментары19

  • Беларус
    20.07.2026
    Трагедыя.
  • */*
    20.07.2026
    лепшыя сыходзяць, а... прамаўчу
  • Спачуваньні
    20.07.2026
    Вечная ёй памяць. Няхай спачывае зь мірам і ўваскрэсьне ў славе. Дзякуй Вам, шаноўная спадарыня, за Ваш унёсак у беларускую культуру й нашу родную мову.

Цяпер чытаюць

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту30

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Усе навіны →
Усе навіны

Гомельскага блогера Мелстроя, магчыма, затрымалі на Кіпры на запыт Казахстана3

«Пакуль мы памятаем сваіх, ніхто ў нас іх не скрадзе». Гурневіч растлумачыў, чаму думка Парфёнава пра Шагала нам да «сиреневой луны»25

Стала вядома, як будзе выглядаць абноўленая Валадарка знутры ФОТЫ1

«Пытанне справядлівасці». Удава беларускага ваяра змагаецца ва Украіне за выплаты і годнае стаўленне13

Самалёт Flydubai уратавалі пілот-індыец і тры пасажыры, адзін з якіх стаматолаг. Другога пілота звязалі правадамі ад слухавак і маланкамі5

Радаслаў Сікорскі пра адносіны Польшчы з Беларуссю: У нас лёгкая адліга13

У Паўднёвай Карэі 600 тысяч чалавек прыйшлі паглядзець на акулу, якая захрасла ў канале1

У амерыканскім Тэнэсі ўпершыню за 200 гадоў збіраліся пакараць смерцю жанчыну. Але выкананне прыпынілі за гадзіну да прызначанага часу1

Марк Рутэ: У Расіі няма шанцаў нас перамагчы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту30

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць