Вайна1414

Жонка закаціла скандал, а ён усё адно паехаў у акопы. Гісторыя беларуса, які апынуўся на вайне праз даўгі і страх страціць жыллё

Дзмітрый Вішнеўскі меў паспяховы бізнэс, але санкцыі змянілі сітуацыю. Мужчына аказаўся ў вялікіх даўгах і, шукаючы хуткі спосаб іх закрыць, падпісаў кантракт з расійскім войскам. Што адбывалася далей, ён расказаў у інтэрв'ю YouTube-каналу Уладзіміра Золкіна.

Дзмітрый Вішнеўскі. Скрын відэа: VolodymyrZolkin / YouTube

Дзмітрый Вішнеўскі нарадзіўся ў 1978 годзе ў Беларусі. Апошнія восем гадоў ён займаўся ўласным бізнэсам у сферы дрэваапрацоўкі. Справы ішлі добра: 90% прадукцыі прадавалася на экспарт у Польшчу і Літву. У 2020 годзе мужчына ўзяў у лізінг два лесавозы, але пасля ўвядзення санкцый рынак збыту абрынуўся, і аплачваць рахункі стала немагчыма.

«Лізінгавыя кампаніі налічылі мне доўг — амаль $50 тысяч. Не змог яго выплаціць. Канфіскавалі машыны і наклалі арышт на ўсю маёмасць, якая была на фірме», — узгадвае Дзмітрый.

Па яго словах, перастроіцца на мясцовы рынак не атрымалася, і юрысты пачалі пагражаць адабраннем нават асабістага жылля.

«Я пачаў шукаць грошы. Нідзе не змог знайсці. Тут мне падказалі, што можна хуткім спосабам зарабіць. Падпісаць кантракт», — расказвае гора-бізнэсмен.

На сайце «Сілы Расіі» Дзмітрый убачыў нумар тэлефона і звязаўся ў тэлеграме з чалавекам па імені Святаслаў. Той паабяцаў, што кантракт дапаможа закрыць усе фінансавыя пытанні.

Жонка Дзмітрыя была катэгарычна супраць, дома адбыўся сур'ёзны скандал, але мужчына ўжо прыняў рашэнне.

21 студзеня 2024 года ён прыехаў у Маскву. У пункце прыёму на вуліцы Яблачкіна яму адмовілі праз адсутнасць дазволу на жыхарства, таму «куратар» адправіў яго ў Чэбаксары (Чувашыя).

Як згадвае мужчына, там медыцынскую камісію прайшлі фармальна за паўгадзіны. 4 лютага Вішнеўскі падпісаў кантракт на год. Ён кажа, што перад гэтым даслаў дакумент жонцы, каб яна разам з юрыстам уважліва яго прачытала.

«Я разумеў, што еду на вайну, але мне сказалі, што я нават не праходзіў тэрміновую службу, што гэта будзе не на лініі сутыкнення, што я буду недзе далёка ад фронту», — тлумачыць Дзмітрый.

Праз Растоў — на Данеччыну

Пасля падпісання кантракту навабранцаў аўтобусам вывезлі ў Растоўскую вобласць, а адтуль — бліжэй да мяжы Луганскай вобласці.

На працягу месяца Дзмітрыя і яшчэ дзевяць чалавек рыхтавалі да выканання задач у складзе мотагрупы. Іх вучылі экстрэмальнай яздзе на квадрацыклах, медыцыне, тапаграфіі і стральбе. Пасля гэтага яны павінны былі заязджаць на пазіцыі на квадрацыклах.

11 сакавіка іх адправілі ў раён вёскі Нетайлава, пасля чаго — у Аляксееўку. Адтуль групы па чарзе спрабавалі прабіцца ў Навапаўлаўку.

Першая група, паводле Дзмітрыя, перакулілася на квадрацыкле і засталася чакаць у бліндажы. Другая, як ён сцвярджае, была цалкам знішчаная.

Група Дзмітрыя з шасці чалавек выехала на двух квадрацыклах і неўзабаве падарвалася на супрацьпяхотнай міне, пасля чаго пешшу дабралася да танкавага рова.

Па словах мужчыны, да 2 красавіка яны заставаліся там жа ў бліндажы, пасля чаго атрымалі загад заняць 51‑шы дом у Навапаўлаўцы.

Амаль месяц у падвале

2 красавіка група замацавалася ў доме №51 у Навапаўлаўцы. Там яны прасядзелі 27 дзён пад пастаяннымі атакамі дронаў.

«Раз у суткі выходзілі на сувязь. Ніякіх указанняў больш не было. Проста дакладвалі, што з намі і як», — згадвае кантрактнік.

За гэты час дом неаднаразова атакавалі беспілотнікі. Падчас адной з атак ён атрымаў першую кантузію, потым — другую.

«Пасля другой кантузіі я страціў зрок хвілін на 15—20. Я наогул нічога не бачыў. Потым ён аднавіўся прыкладна на 50%, а ўжо цягам месяца паступова аднавіўся амаль цалкам», — кажа ён.

Затым група атрымала загад перамясціцца ў дом №50 па той жа вуліцы, які, паводле яго слоў, знаходзіўся за чатыры-пяць дамоў ад 51-га. У гэтым доме байцы прабылі два тыдні.

12 мая, паводле Дзмітрыя, іх пазіцыю пачалі інтэнсіўна атакаваць беспілотнікі. Калі знаходзіцца там стала немагчыма, група перабегла ў іншы падвал. Аднак і ён трапіў пад удар.

«Нас цалкам засыпала. Падвал поўнасцю склаўся, і нас засыпала зямлёй. Як выжылі — не ведаю», — расказвае мужчына.

Выбрацца з-пад завалаў удалося толькі каля трэцяй гадзіны дня. Пасля гэтага яны вярнуліся ў дом №51 і выйшлі на сувязь з камандаваннем.

«Я паведаміў, што двое кантужаныя, а ў аднаго правая рука ўжо не працуе. Сказаў, што нам трэба нешта рабіць і адкатвацца назад. Нам сказалі, што магчымасці адступіць няма. Сядзіце там. Медыкаменты, усё неабходнае і бінты вам прышлюць».

Параненага таварыша, паводле слоў Дзмітрыя, ён даглядаў сам. Пасля гэтага група яшчэ чатыры-пяць дзён заставалася ў доме №51. Калі абстрэлы аднавіліся, яны перабраліся ў будынак №72, дзе заставаліся да 27 мая, калі дом быў разбураны ў выніку новай атакі дронаў.

Дзмітрый размаўляе са сваёй жонкай. Скрын відэа: VolodymyrZolkin / YouTube

Два тыдні ў лазні

«Калі бамбёжка скончылася, я пачуў, што нехта стукае малатком. Хлопец быў паранены, ён ужо не мог хадзіць — нага была разбітая. Я пайшоў туды, каб папрасіць дапамогі», — узгадвае Дзмітрый.

Паводле яго слоў, ім пагадзіліся дапамагчы мясцовыя жыхары. Гэта былі пажылыя муж і жонка — жанчыне, паводле яго слоў, было каля 80 гадоў, — а таксама іх 51‑гадовы сын. Яны пагадзіліся схаваць вайскоўцаў у лазні і нікому не паведамлялі пра іх. На працягу двух тыдняў гаспадары кармілі іх тры разы на дзень і дапамагалі выжыць.

Дзмітрый кажа, што размовы з гаспадарамі былі пераважна пра веру.

«Усё ў асноўным пра Бога. Яны вельмі веруючыя праваслаўныя».

Паводле яго слоў, у доме №72, адкуль ім удалося выбрацца, засталіся целы двух іхніх таварышаў — 25‑гадовага параненага хлопца і 38‑гадовага мужчыны.

Пазней гаспадыня дома, якую ён называе цёткай Верай, расказала, што целы загінулых ужо «адкапалі і расцягваюць сабакі».

Канец гісторыі аказаўся нечаканым. Дзмітрый вырашыў звязацца са сваімі па рацыі.

«Скончыліся цыгарэты, ну і хацелася там гарбаты, кавы якой-небудзь. Вось гэта і папрасіў. (…) Дзесьці ў раёне 6:00 раніцы лягла пасылка на дарогу. А ў раёне 10:00 прыйшлі чатыры ўкраінскія салдаты», — расказвае Дзмітрый.

Пасылка так і засталася ляжаць на дарозе, бо забраць яе не далі разведвальныя беспілотнікі.

Так 14 чэрвеня Дзмітрый Вішнеўскі трапіў у палон. Паводле яго слоў, разам з ім у палон трапілі яшчэ двое вайскоўцаў: яго таварыш з мотагрупы і вайсковец з іншага падраздзялення, які пазней далучыўся да іх у Навапаўлаўцы. Паводле Дзмітрыя, з яго мотагрупы, якая налічвала дзесяць чалавек, выжылі толькі ён і гэты таварыш.

На момант інтэрв'ю мужчына яшчэ знаходзіўся ў зоне баявых дзеянняў.

«Буду спадзявацца, што ўсё ж абмяняюць. І абмяняюць не ў Расію, а ў Беларусь», — выказаў надзею Дзмітрый у размове з жонкай.

«Ну, гэта, напэўна, наўрад ці», — адказала жанчына, якая глядзіць на сітуацыю больш рэалістычна.

Каментары14

  • Праўда
    18.07.2026
    > Гісторыя беларуса

    Такіх “беларусаў” на НН цэлы бастыён.
  • Циник
    18.07.2026
    Далеко в тылу будете находиться, говорили они. *удалено*. Хорошо хоть деньги выплатили.
    Не оправдываю белоруса, но он выбрал жилье для родных, с пониманием отношусь. Не знаю как я бы на его месте поступил в такой же ситуации - так же деньги достал бы или через уголовно наказуемые действия...
  • bosed
    18.07.2026
    Кавалак лайна :D

Цяпер чытаюць

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп можа пачаць ваенную аперацыю ў Малі, дзе знаходзіцца «Афрыканскі корпус» Пуціна4

Простае дзеянне, калі доўга седзіце, зніжае смяротнасць ад раку: новыя высновы навукоўцаў4

Студэнцкія пратэсты ў Індыі сталі праблемай для прэм'ера Модзі. Адкуль узяўся рух «тараканаў»?1

У мінскім метро з пачатку года зафіксавана 100 інцыдэнтаў з пасажырамі

Грошы на развітанне і пахаванне Святланы Курс сабраныя

Японкі скардзяцца на валасатыя ногі мужчын у офісах. Гэта называюць «харасментам валасатымі галёнкамі»24

Арнэла Муці падаецца на атрыманне грамадзянства Расіі6

Каб пераадолець створаны ўладамі кадравы голад, у правінцыю перавялі служыць ксяндза з Мінска2

У султана Брунея каля 7000 аўтамабіляў за 5 мільярдаў даляраў пыляцца ў сховішчах15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Зорка і бык Луіс Альберта: беларусы згадваюць мянушкі кароў у сваіх вёсках

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць