«Цяперашні статус недалёкі ад бамжацкага». Былы палітвязень Ігар Карней расказаў пра праблемы з легалізацыяй
Былы журналіст «Радыё Свабода», а пасля палітвязень Ігар Карней цяпер жыве разам з сям'ёй на партугальскіх Азорскіх астравах. Ён расказаў у фэйсбуку, што цяпер у яго скончылася літоўская гадавая віза, якая давала магчымасць легальна жыць у Еўрапейскім Саюзе, а атрымаць нейкія дакументы ад партугальскіх уладаў — той яшчэ квэст.

Урэшце скончылася і апошняя паперка, якая надавала хоць нейкай легітымнасці на гэтым свеце. Гэта я пра нацыянальную літоўскую візу, якую атрымаў неўзабаве пасля чэрвеньскага выдварэння-2025 — першай з больш-менш масавых здзелак у гандлі палітвязнямі.
Дакладней, спачатку была кароткая двухтыднёвая, аформленая проста на памежным пераходзе ў Медніках — яшчэ вочы не паспелі прызвычаіцца да святла пасля гэбэшных мяхоў. А ўжо на падставе хадайніцтва праваабаронцаў і колішніх працадаўцаў летась 10 ліпеня апгрэйдзілі да гадавой — менавіта яе тэрмін і падышоў да фінішу.
Канцоўку таго паваротнага лета прысвяціў спатканням з сябрамі ды роднымі ў Літве і Польшчы, а з пачаткам восені ўз’яднаўся з [жонкай] Інай і малодшай Евай на Азорах, дзе за два папярэднія гады яны ўжо абзавяліся дазволам на жыхарства.
Спатрэбіліся яшчэ больш за паўгода бюракратычных лабірынтаў, каб у канцы сакавіка апынуцца пад дзвярыма Агенцтва па інтэграцыі, міграцыі і прытулку. У мясцовых экспатаў акронім АІМА (Agência para a Integração, Migrações e Asilo) адскоквае ад зубоў у любым стане, бо з клеркамі канторы мае справу кожны, хто мае намер легалізавацца.
Першапачатковая спроба аўтаматам далучыцца да сям’і трэцім нумарам плёну не мела, тутэйшыя клеркі проста памяшаныя на даведцы аб несудзімасці. Прычым паўсюль — ад згаданага офісу да камерцыйных банкаў. Нават паабяцалі дэпартацыю ў краіну першага ўезду, калі да прызначанай даты такую не здабуду. Добра, што партугальская сістэма кантролю настолькі лянівая, што ўсе пагрозы насамрэч — толькі скалананне паветра.
У любым выпадку літаральна на хаду дакументы давялося перапісваць на міжнародную абарону. Пасля шэрагу пафасных працэдур папярэдняга сумоўя, адкаткай пальцаў (з другога разу) і дыстанцыйным допытам у міграцыйнага афіцэра выдалі «ахоўную грамату» — звычайны аркуш з прозвішчам і фота ў якасці пацвярджэння, што мой кейс прыняты да разгляду кампетэнтнымі органамі на мацерыку. Шчыра папярэдзіўшы, што калі за два месяцы нічога не зрушыцца (як быццам хтосьці разлічваў на іншае), каб адразу ж грукаўся да апекуноў-аімаўцаў — раздрукуюць свежую паперку на аналагічны тэрмін.
Маё пралангаванне мелася быць яшчэ ў апошняй дэкадзе мая, але хто б сумняваўся, што нічога путнага з тых абяцанак не выйдзе.
Па-першае, каляндарнае лета — для абарыгенаў як прыдатак да персанальнага адпачынку. І да яго пачынаюць рыхтавацца задоўга, прынамсі ў маі на нешта спадзяюцца толькі непалоханыя ідыёты з вялікай зямлі.
Па-другое, нідзе тыя фількіны граматы не патрабуюць — можаш гадамі не сутыкнуцца з сілавіком, нават каб на яго падзівіцца. А таму ніхто з чыноўнікаў не азадачваецца вытрымліваць часавыя рамкі.
Па-трэцяе, уся служба краіны, якая мусіць кантраляваць міграцыйны баланс, нечакана папалася на махровай карупцыі — ва ўсю гандлявалі так званымі залатымі пашпартамі, то-бок прадавалі грамадзянства Партугаліі пад праграму прыцягнення інвестыцый. Штрафнікоў у выніку разагналі, набіраюць незаплямленых. І калі тыя выйдуць на прамысловыя магутнасці — сакрэт фірмы.
Адным словам, у маім выпадку праблемка склалася тлустым шматслойным сэндвічам. Часовая паперка два месяцы як несапраўдная, наконт перспектыў ніякай уцямнай развязкі. На ўваходзе ў офіс АІМА сустрае цётка-ахоўніца, у арсенале якой адчаканеная англамоўная фраза для панаехалых — пішыце лісты (электронныя). Пры тым, што на мясцовым партале няма нават такой функцыі, а вышэйстаячы Лісабон у перапіску не ўступае. Застаецца толькі парадавацца за калег з пазнейшых партый у Літве і Польшчы, якія свае пытанні павырашалі непараўнальна аператыўней.
Часцяком падобныя мне бедалагі знаходзяць дапамогу, прынамсі кансультатыўную, у арганізацыі CRESAÇOR (Cooperativa Regional de Economia Social e Solidária dos Açores). Але пакуль там спадобіліся толькі на тое, што спрабавалі датэлефанавацца да кіраўніцтва АІМА. А там не ўзялі слухаўку. Вось жа наіўныя, такую развязку я б ім і сам наваражыў.
Ну і кантрольны стрэл — ужо з «хрустальнага сасуда». Цяжка сказаць, калі тое здарылася, але даведаўся, як пайшлі першыя сігналы ад выдвараных калег: крывавы рэжым у бонусным фармаце дробнага паскудства абнуліў пашпарт, нягледзячы на прапісаную ягоную прыдатнасць да 2030 года. Адзіная радасць, што ў іншых шыротах на гэткую самадзейнасць усім начхаць, а партугальцам дык і пагатоў. Таму па нібыта несапраўдным дакуменце і працоўны кантракт падпісаў, і банкаўскі рахунак адкрыў, і нават зафіксаваўся падаткаплатнікам.
Па вялікім рахунку, застаецца толькі расслабіцца ды плыць разам з цячэннем. Хіба што засмучае бестэрміновая прывязка да месца аселасці. Бо калі дагэтуль ратавала літоўская віза, то цяперашні статус недалёкі ад бамжацкага.
«Ну што, Карней, гатовы?» У гадавіну нечаканага вызвалення журналіст «Радыё Свабода» згадаў апошні дзень за кратамі
«Паставілі на лічыльнік яшчэ ў турме». Ігар Карней расказаў, чым скончылася гісторыя з судовымі выканаўцамі і штрафамі
Журналіст Ігар Карней расказаў, як стаў будаўніком на Азорах
Карней: Пад шоу выдзелілі самую вялікую залу, галоў на 200
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Ці ёсць нейкія загоны, што гэта "рэклама"? Немагчыма зразумець.
Калі партугальцы разгледзяць ягонае пытанне, накіруюць да літоўцаў.
Трэба ж было падавацца ў Літве, легалізавацца і толькі потым рабіць докі на ўз'яднанне з сям'ёй.
Вангую, зараз пачнецца, куды глядзіць офіс