Грамадства11

«Ну што, Карней, гатовы?» У гадавіну нечаканага вызвалення журналіст «Радыё Свабода» згадаў апошні дзень за кратамі

Амаль год таму, 21 чэрвеня 2025 года, пасля прыезду амерыканскай дэлегацыі была вызваленая першая група беларускіх палітвязняў. Тады на волю выйшаў і журналіст Ігар Карней. У сваім фэйсбуку ён прыгадаў апошні дзень за кратамі.

Ігар Карней, фота з яго фэйсбуку

«Гадавіна спецаперацыі «выдварэнне». Чэрвеньскі дэбют

Наколькі бясконца доўга ўсё цягнецца за кратамі, настолькі ж імкліва ляціць час з гэтага боку. Мінуў цэлы год без ганебнага прафуліку №10, безаблічнай уніформы, вар’яцкіх адзіночак, здзеклівых этапаў, ашчэраных сабак, прыніжальных кайданкоў ды мяхоў. 365 дзён па-над экстрэмісцкім кляймом, якое з санкцыі дзяржавы аўтаматычна ўзносіць цябе на вяршыню «злачыннай піраміды» — небяспечней за палітычных няма ва ўсёй пенітэнцыярнай сістэме.

Год па-за радзімай, з пакінутай самотнай мамай. Без уцямнай легалізацыі на краі свету — партугальская бюракратыя занадта лянівая, каб вызначыцца паміж «так» ці «не». З ануляваным пашпартам і скрадзенымі арыгіналамі пракурорскіх абвінавачанняў, марыянетачных прысудаў, незадаволеных апеляцый.

Пры гэтым пад апекай любімай жонкі Іны і нашай малодшай Евы. З радыкальнай зменай прафесійных прыярытэтаў — нават для самога нечаканае пераўвасабленне з журналіста ў будаўніка. Нарэшце, з хронікай-рукапісам, праўда, пакуль без кніжнай вокладкі. Там і пра тое, як раптоўна, пасярод тэрміну, завершылася мая «каланіяльная» эпапея. У лепшых традыцыях шпіёнскага жанру — з прымусовым выдварэннем з радавога гнязда.

…Пятніца 20 чэрвеня ў мазырскай ПК №20 строгага рэжыму нічога надзвычайнага не абяцала — збіраўся ў начную змену на «медалупню» (бессэнсоўнае выкалупванне медзі з дроту). Але адразу пасля ранішняй праверкі ў «кубрык» зазірнуў дзяжурны — маўляў, выклікае начальнік атрада (адзін з самых адэкватных афіцэраў, якіх сустрэў у апрыёры неадэкватным месцы). «Ну что, Карней, готов?.. Куда? Туда!». Туды дык туды: два месяцы без ШІЗА для экстрэміста — і так падарунак.

Праўда, звычайна на КПП цягнуць без рэчаў, а тут загад усё браць з сабой. Як дачапіцца няма да чаго, патрашаць сумку на неадпаведнасць вопісу — пералічваюць шкарпэткі, цыгарэты, нават запалкі ў карабку.

Па выніках паўтарагадзіннага ператрусу з поўным распрананнем (для камеры назірання) і прыязнай гутаркай (пра абсурднасць крыміналу за прафесію) маёр папрасіў прабачэння, што па загадзе аператыўніка вымушаны забраць асабістыя запісы. У маім выпадку — патрапаны за два гады сшытак са штодзённай фіксацыяй перажытага, пералікам прачытаных кніг, нумарацыяй лістоў родным, адрасамі новых знаёмцаў. Абяцаў вярнуць (будзе вінаваты). Як бы там ні было, другая адчувальная страта занатаванага з натуры. Першы дзённік беспардонна канфіскавалі яшчэ падчас ПКТ у Шклове, прэвентыўна прыгразіўшы давесці да жоўтай біркі яшчэ і чырвоную — нібыта за «схільнасць да ўцёкаў шляхам пісьмовага выкладання адпаведных думак». Маразм, не хочацца і абмяркоўваць.

З жонкай Інай на наступны дзень пасля вызвалення. Фота фэйсбук Ігара Карнея

Адтуль — у змрочны адстойнік, акурат насупраць кабінета, дзе камісія на чале з начальнікам калоніі вырашае, колькі каму выпісаць сутак (іншыя санкцыі ў «мазыратні» амаль не практыкуюцца). Наступныя пяць гадзін ніхто не турбаваў, хоць з-за «браня» чулася, як «страгачы» адзін за адным канстатуюць: пятнаццаць. Чамусьці лічыцца, што пасадзіць дадаткова (хоць ты і без таго сядзіш) — надзвычай добра для агульнага выпраўлення.

У другой палове дня, калі ўвесь кісларод у душагубцы быў выдыханы, зноў пацягнулі трэсьці. Ужо іншы кантралёр-кар’ерыст, без прыкмет якой-небудзь эмпатыі, раўнадушна заўважыў: «где-то ты нормально хроманул». Маўляў, ці дурное ляпнуў (недахопу ў бегунах-добрахотах да штабу няма), ці мэтавае ўказанне зверху. Зрэшты, і гэтым разам вярнулі ў той жа адстойнік. Толькі калі і ў экзекутараў скончыўся працоўны дзень, дзверы нарэшце адчыніліся. Павялі не звыклым маршрутам, дзе ў чаканні вердыкту тварам да сцяны плюшчацца зэкі, а ва ўнутраны дворык, куды маюць доступ толькі супрацоўнікі.

Там ужо былі намеснік начальніка па рэжымнай рабоце і супрацоўніца спецчасткі з пакетам дакументаў — краем вока выхапіў на тытуле сваё прозвішча. Побач стаяў барадаты малады чалавек у цывільным. Па тым, як страшны для арыштантаў «зампарор» лісліва з ім сябе паводзіць, да бабкі не хадзі — гэбэшнік.

Падпалкоўнік яшчэ пацікавіўся, ці я «той самы» журналіст, выказаўшы здзіўленне: «как это получилось, что газету назвали Радио Свобода?». Адразу бачна — загартаваны друкаваным міліцэйскім органам «На страже» (у савецкі час яшчэ з удакладненнем, на варце чаго — «Октября»).

Да барадатага падцягнуліся двое ў балаклавах: адзін узяў кешар, другі без слоў зашчоўкнуў наручнікі і надзеў на галаву мех. Загрузілі на заднюю сядушку легкавіка, пажадалі «располагаться поудобнее». На пытанне, ці дальняя дарога, нехта ў стылістыцы настаўнікаў старой школы ляніва кінуў: «В лес, куда еще?». Зрэшты, дзеля гэтага не абавязкова камандзіраваць ажно такую брыгаду, бо яшчэ і кіроўца. Вакол зоны — Палессе ва ўсёй сваёй красе, з суцэльнымі зараснікамі і дрыгвой. Ніякіх слядоў. Праўда, пасля паўзы «добры паліцэйскі» нечакана дадаў: «Профессиональная шутка». І не кажыце, абсмяяцца ад такога гумару.

Збочылі ў іншы праезд, каб забраць са склада рэчы, і наступныя чатыры гадзіны прайшлі ў маўчанні — «апекуны» ўпёрліся ў тэлефоны. Толькі зрэдку адчуваў, як «размаўляюць рукамі», каб не падслухаў. Пазбаўлены магчымасці хоць нешта бачыць, наразганяў у думках кучу сцэнароў, што ўсё азначае. За паўгода да таго катаўся падобным маршрутам з Магілёва, таму разумеў: альбо пачнуць шантажаваць новым тэрмінам з раскруткай на «кінапробы», альбо арганізуюць стаўку з чарговымі перамоўнікамі. Адрозна ад неафішаванага студзеньскага прыезду супрацоўнікаў Дзярждэпу, гэтым разам прапагандысты анансавалі візіт прадстаўніка трампаўскай адміністрацыі Джона Коўла. Зрэшты, разлічваць на большае, чым «глыбокую заклапочанасць», не даводзілася. Прынамсі, першы раз хутка вярнулі туды, адкуль нечакана сарвалі.

«Амерыканка» сустрэла знаёмым «мяккім» пакоем.

Дэрманцінава-паралонавыя сцены страхуюць ад суіцыдальных памкненняў ды прыцішваюць стогны асабліва незгаворлівых. Было чутна, як трэці раз за дзень патрашаць кешар, без шкадавання выкідваючы прадукты і, як потым аказалася, канфіскуючы ўсе паперы, уключна з судовымі выракамі, адмовамі на апеляцыі і г.д. Далей цокальная каморка з высокімі прыступкамі: загад зняць казённую робу і пасля душа пераапрануцца ў гардэробчык, сабраны ахоўнікамі з тваіх жа шмотак. У працяг «жартоўнага настрою» мне выбралі байку з ярка-жоўтай эмблемай Бэтмена. Маці не асабліва ўглядалася ў «эмодзі» і даслала для сугрэву яшчэ ў магілёўскую турму. Там, а затым у Мазыры праляжала на складзе як «нефактурная», а вось жа нечакана настаў зорны час. Супергероі — на выхад!

У камеру на дзесяць чалавек паднялі апошнім. Новыя сукамернікі паўжартам панаракалі, што ў адсутнасць кворуму сядзяць галодныя. Некалькіх чалавек ведаў па ранейшых этапах.

Перадусім навукоўца Сяргея Шэлега, з якім былі ў адной камеры на Валадарцы, і анархіста Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, гэтаксама «выпускніка» шклоўскай ПК №17 (там амаль усю сваю паўгадовую «кадэнцыю» я адбыў у адзіночках шыза/ПКТ). З беларусаў яшчэ малады хлопец Кірыл Балахонаў, астатнія з замежным грамадзянствам. Прынеслі вячэру. Згадваючы аповеды бывалых, рацыён не мяняецца дзесяцігоддзямі — селядзец з бульбай у «мундзiрах» (гарнір якраз адпаведны месцу). Набліжаўся час адбою, моцна пафантазіраваць не далі — каб ціха ў хаце! Але ўсе разумелі: заўтрашні дзень сумным не будзе.

Раніцай 21-га, адразу пасля сняданку, кадэбэшнікі яшчэ раз праверылі наш таварны выгляд і па адным пачалі выклікаць на «арэну» (прыёмны пакой у «амерыканцы» круглы, як цырк). Паказаў на сваю сумку і атрымаў звыклыя бонусы — мех на галаву і кайданкі на рукі. Падтрымліваючы пад пахі, адвялі на вуліцу ў транспарт, па ўсіх прыкметах — мікрааўтобус. Першая неспадзяванка здарылася, калі чарговы арыштаваны праігнараваў рэжым цішыні: «Э, дзе мае дакументы? Дзе пашпарт Ціханоўскага? Ці вырашылі проста так выкінуць?». Вось дык сюрпрыз: на борце дакладна больш за камерны дзясятак! Зрэшты, прагучала «першае і апошняе папярэджанне», а тых, хто па-над законам, лепш не раздражняць.

З дырэктарам Радыё Свабода Стывенам Капусам у дзень вызвалення, фота фэйсбук Ігара Карнея

Калі транспарт перастаў спыняцца перад святлафорамі, версія пра круглы стол з удзелам спецпасланніка ў Мінску адпала сама сабой. Пачало даходзіць, што вывозяць да памежжа — толькі якога: Літвы, Латвіі, Польшчы? Прадстаўнікоў двух апошніх краін у камеры было агулам пяць. Гадзіны праз паўтары збочылі з трасы.

Спыніліся на пляцоўцы развязкі, каманда — на перагрузку. Усё гэтак жа ў кайданках і мяхах перасадзілі ў больш кампактны мінівэн, бо немагчыма ўжо было стаць у поўны рост. Упершыню наладзілі пераклічку. Калі дайшла мая чарга, хтосьці справа адрэагаваў локцем у бок: «Гэта ты журналіст Свабоды? А ў мяне сын Карней! Хлопцы, як я рады!». Суседам аказаўся Сяргей Ціханоўскі. Акрамя яго, дадаліся грамадзянін Японіі і дзве жанчыны — Наталля Дуліна і Галіна Краснянская. Размаўляць яшчэ не давалі, крыклівы чэкіст у балаклаве да апошняга пагражаў «санкцыямі».

А далей ужо як у кіно пра абмен дысідэнтамі падчас халоднай вайны. Аднекуль з палёў выплыла група дыпламатаў на чале з Крысам Смітам. Супакоілі, што нашы пакуты засталіся ў мінулым і ад гэтага часу ўсе 14 пасажыраў пад апекай амерыканскіх уладаў. У салоне буса з’явіліся печыва, цукеркі, вада — простыя прыкметы цывільнага жыцця, без калючага дроту і дэбільных правілаў.

Унушальным эскортам праскочылі пад адкрыты шлагбаўм з беларускага боку, нават не прытармазілі на «ляжачых паліцэйскіх» — на выпадак, калі лукашысты раптам перадумаюць выпускаць «ворагаў рэжыму». Выдыхнулі толькі перад літоўскім кардонам, дзе літаральна на каленцы аформілі часовыя візы. Фініта ля драма, камедыяй не пахла дакладна. А колькі яшчэ такіх рэйсаў трэба зрабіць, каб вярнуць з палону ўсіх закладнікаў дэспатычнага правадыра…

За пару дзён да таго ў лісце да Іны ўклаў віншаванку малодшаму брату Дзіме — 22 чэрвеня яму спаўнялася 50. Маўляў, хоць і шкада, але юбілей справіш без мяне, некалі кампенсуем… Кампанія братавых сяброў бесклапотна боўталася на арандаванай яхце пасярод Міжземнага мора, цалкам адключыўшыся ад навін. І раптам на сувязі — лысы, худзюшчы прышэлец, без перабольшання, з таго свету. Спантанны тэлемост меў эфект бамбічны, трэба было бачыць па заплаканых тварах. А праз месяц з невялікім ягоную круглую дату ўсё ж адзначылі, сустрэліся. На жаль, сям’я цяпер — толькі порцыямі, сабрацца разам праблематычна, хто дзе. Таму хай усё ўрэшце наладзіцца. Ва ўсіх, хто адпакутаваў ці часова застаецца ў палоне…

***

Журналіст Радыё Свабода Ігар Карней быў 17 ліпеня 2023 года і ў снежні 2023 года асуджаны на тры гады і 10 месяцаў.

Каментары1

  • .
    20.06.2026
    Апошняе ў бяспраўнага чалавека - асабістыя запісы, дакументы - і тыя забралі.
    Баяцца любой фіксацыі, памяці.
    Калі б усё рабілі сумленна, то не хаваліся б так.

    Ці не знайшла "Радыё Свабода" спосаб працаўладкавання былога супрацоўніка, што ён пераключыўся на будаўніцтва?

Цяпер чытаюць

«Рэтранслятары выключыць, зняць і паказаць нам, што яны знятыя». Зяленскі патлумачыў, чаму паставіў ультыматум і што мае зрабіць Мінск41

«Рэтранслятары выключыць, зняць і паказаць нам, што яны знятыя». Зяленскі патлумачыў, чаму паставіў ультыматум і што мае зрабіць Мінск

Усе навіны →
Усе навіны

Айцішніцу з Мар'інай Горкі асудзілі па справе Гаюна

УСУ атакавалі паромную пераправу паміж мацерыком і Крымам. Яна не працуе, бензіну ў Крыме больш не засталося12

На Камароўцы з'явіліся парэчкі, а чарэшні нарэшце зраўняліся ў цане з клубніцамі1

Шалёна папулярны карэйскі серыял ад Netflix пра школьны булінг — хто здзекаваўся з аднакласнікаў, павінен прайсці праз такое ж прыніжэнне7

«Біце ў сэрцы іх, біце мячамі». Як беларуская «Пагоня» правяла першы сезон у польскай футбольнай лізе2

Спікерам Каардынацыйнай рады пераабраны Арцём Брухан2

Кір Стармер ужо ў панядзелак можа заявіць пра сваю адстаўку4

Зборная Кюрасаа не саступіла Эквадору дзякуючы фенаменальнай гульні свайго брамніка 

«Зебра-палоскі» як паратунак ад пахмелля. Што гэта такое і ці сапраўды дапамагае?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Рэтранслятары выключыць, зняць і паказаць нам, што яны знятыя». Зяленскі патлумачыў, чаму паставіў ультыматум і што мае зрабіць Мінск41

«Рэтранслятары выключыць, зняць і паказаць нам, што яны знятыя». Зяленскі патлумачыў, чаму паставіў ультыматум і што мае зрабіць Мінск

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць