Праз канфлікт з Папам Трамп пачаў страчваць падтрымку выбаршчыкаў. У Вашынгтоне загаварылі пра прымірэнне
Публічны канфлікт паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і Папам Рымскім Львом XIV пачаў адбівацца на электаральных пазіцыях амерыканскага лідара. Пасля ўзаемнай крытыкі, абвінавачванняў і адмены візіту пантыфіка ў ЗША, рэйтынгі Трампа сярод хрысціянскіх выбаршчыкаў папаўзлі ўніз. На гэтым фоне адміністрацыя Белага дома робіць спробы згладзіць сітуацыю.

Як паведамляе выданне Bild, сутычка пачалася з крытыкі з боку Папы сучаснай міжнароднай палітыкі.
Падчас свайго нядаўняга візіту ў Камерун пантыфік заявіў, што свет «разбураецца жменькай тыранаў», і асудзіў тых, хто скажае рэлігію для ваенных і эканамічных мэт. Гэта было ўспрынята як прамая крытыка дзеянняў ЗША на Блізкім Усходзе. Яшчэ раней Пентагон выклікаў папскага нунцыя, каб выказаць незадаволенасць міратворчымі заклікамі Ватыкана.
У адказ Трамп абрынуўся на пантыфіка з крытыкай, назваўшы яго «жахлівым» у пытаннях знешняй палітыкі. Сітуацыя яшчэ больш абвастрылася, калі прэзідэнт ЗША апублікаваў у сацыяльных сетках згенераваныя штучным інтэлектам малюнкі, дзе ён стаіць побач з Ісусам або проста паўстае ў яго вобразе. Пасля хвалі абвінавачванняў у богазневажанні Трамп выдаліў адзін з допісаў, патлумачыўшы, што «думаў, што паказаны ў ролі доктара».
У выніку скандалу і беспрэцэдэнтных намёкаў з боку Пентагона пра магчымае «выкраданне», Ватыкан адмяніў запланаваную на гэты год паездку Папы Льва XIV у ЗША.
Сам Папа пазней патлумачыў журналістам, што ягоная прамова ў Камеруне была напісаная за два тыдні да крытыкі з боку Трампа і не была адрасаваная непасрэдна яму.
«Але яе ўспрынялі так, быццам я спрабую пачаць новую дыскусію з прэзідэнтам, да чаго ў мяне няма ніякай цікавасці», — адзначыў ён. Разам з тым пантыфік дадаў, што не баіцца адміністрацыі ЗША і будзе далей выступаць супраць войнаў.
Гэты палітычны клінч пачаў каштаваць Трампу галасоў. Паводле даных Pew Research Center, падтрымка прэзідэнта сярод каталіцкіх выбаршчыкаў знізілася з 55% да 46%. Незадаволенасць расце і сярод пратэстантаў, якія доўгі час былі ягонай самай устойлівай базай.
«Паводзіны Трампа ставяць людзей, якія гадамі яго падтрымлівалі, у няёмкае становішча», — заявіў уплывовы евангельскі пастар Эрык Эрыксан.
Як адзначаюць эксперты, гэтая тэндэнцыя азначае, што значная частка правых выбаршчыкаў можа апынуцца ў апазіцыі да Трампа на лістападаўскіх прамежкавых выбарах у Кангрэс. Страта рэспубліканцамі большасці можа істотна абмежаваць уплыў прэзідэнта.
Усведамляючы гэтыя рызыкі, адміністрацыя ЗША пачала рабіць крокі да прымірэння. Віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс нядаўна апублікаваў прымірэнчы допіс:
«Папа Леў прапаведуе Евангелле, як яму і належыць, і гэта непазбежна азначае, што ён выказвае сваё меркаванне па актуальных маральных пытаннях. Прэзідэнт і ўся адміністрацыя працуюць над тым, каб прымяняць гэтыя маральныя прынцыпы ў нашым бязладным свеце».
Ватыкан пакуль ніяк не пракаментаваў гэтую заяву.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Хто наступны на чарзе - ведае адзін Трамп, бо заўсёды хавае свае спецаперацыі ў сакрэце.