Ад $475 да $3000 за нумар. Як выглядае першы люксавы гатэль Беларусі ФОТЫ
Інфармацыя пра шматфункцыянальны комплекс на вуліцы Янкі Купалы, 27 трымалася ў сакрэце ўсе гады будаўніцтва. На гэты момант будынак Waldorf Astoria Minsk і тэрыторыя вакол яго цалкам гатовыя, у нумары пачалі заязджаць госці. Onlíner пабываў унутры першага люксавага гатэля. Пераначаваць у ім каштуе ад $475 да $3000.

Тэрыторыя і архітэктура
Зараз ужо з цяжкасцю ўспамінаецца, як выглядала тэрыторыя каля Свіслачы раней. Тут доўгі час працавала 2‑я гарадская клінічная бальніца і «Белэкспа». Частку карпусоў бальніцы ўздоўж вуліцы Багдановіча рэканструявалі — цяпер там гасцініца і рэстаран. А на месцы выставачнага комплексу вырас строгі манументальны будынак гатэля са шкляной канструкцыяй, якая навісае над ракой.
Усе гэтыя пераўтварэнні сталі магчымымі праз інвестара з Абу-Дабі — кампаніі Kopaonik Property Investment («КПІ Дэвелапмент» у Беларусі). Пляцоўку ёй перадалі ў 2016 годзе, аднак актыўныя будаўнічыя работы тут закіпелі толькі ў 2019‑м і доўжыліся цэлых 6 гадоў. Чаму ж працэс зацягнуўся? На гэтае пытанне Onlíner адказаў генеральны менеджар гатэля Сацірыяс Эканаму, які прыехаў у Беларусь з Іерусаліма:
— Гатэль мае плошчу 47 000 кв. м, аб'ядноўвае ў сабе нумарны фонд з вялікімі прасторамі, рэстаранамі, бальнай залай, а таксама паўнавартасным спа– і wellness-комплексам, які падтрымлівае высокатэхналагічную інжынерную інфраструктуру. Такая складанасць значна пераўзыходзіць рамкі традыцыйнага гасцінічнага праекта і патрабуе пашыраных тэрмінаў для архітэктурнай каардынацыі, перадавога інжынернага праектавання, будаўніцтва і ўважлівага тэсціравання.
Праектавала гатэль архітэктурная студыя з Вялікабрытаніі Epstein, а таксама бюро родам з Беларусі «Вараб'ёў і партнёры». Цікава, што будынак, які атрымаўся ў выніку, амаль не адрозніваецца ад рэндэраў — неакласіка, пясочныя адценні, калоны. Праз рэльеф колькасць паверхаў у будынка мяняецца: з аднаго боку можна налічыць 5 паверхаў, з другога — 7. Цэнтральны ўваход знаходзіцца з боку вуліцы Янкі Купалы.

Каля Алеі Дружбы разбіты парк з драўлянымі лаўкамі і туямі. А спусціцца да Свіслачы можна па ступеньках. У будучыні ў камерцыйных памяшканнях на першым паверсе адкрыюцца крамы люксавых брэндаў гадзіннікаў, упрыгожанняў, адзення.

Надпісы Waldorf Astoria праглядаюцца адусюль. Нагадаем, што пад брэндам Hilton працуюць сотні гасцініц розных катэгорый.
Дык вось, Waldorf Astoria Hotels & Resorts — гэта самы раскошны пяцізоркавы брэнд, літаральна вяршыня ўсяго ланцужка ў сусвеце Hilton.
Мінск стаў 37‑м па ліку горадам у свеце, дзе адкрыўся такі гатэль. Заказчык трымае ў сакрэце кошт будаўніцтва, але ў інтэрнэце фігуруе сума каля $250 мільёнаў. Сатырыяс гэты факт не пракаментаваў, але намякнуў, што гэта адзін з самых дарагіх праектаў сталіцы.

Залаты хол і легендарныя гадзіннікі
На сайце гатэль прэзентуюць як ікону раскошы. Золата, аксаміт, бардовыя і ізумрудныя адценні, дрэва і мармур — усё ззяе.



Бар каля рэсэпшэна называецца Peacock («Паўлін»). Ён традыцыйна ёсць у кожным Waldorf Astoria і мае сваю легенду. Уільям Уолдарф Астор і Джон Джейкаб Астор — гэта канкурэнтныя стрыечныя браты, якія ў канцы XIX стагоддзі пабудавалі ў Нью-Ёрку гатэлі пад назовамі Waldorf і Astoria. Праз некаторы час стрыечныя браты памірыліся, і будынкі былі злучаныя з дапамогай доўгага мармуровага калідора, вядомага як Peacock Alley — «Паўліная алея». Нібыта госці хадзілі па гэтай алеі і занадта важнічалі. Адсюль і назва бара.


Самы знакавы элемент у лобі — інсталяцыя з гадзіннікам вышынёй 9,5 метра ў цэнтры атрыума. У кожным гатэлі сеткі ёсць свае вялікія гадзіннікі — гэта даніна гісторыі. Кажуць, мінская інтэрпрэтацыя атрымалася самай высокай. У яе распрацоўцы ўдзельнічалі некалькі краін: дызайн з Англіі, механізм з Германіі, аснова з Італіі, а дэкор — з Беларусі (ланцугі сімвалізуюць мастацтва пляцення з саломы).
Фішка гатэля — паўсюдна стаяць прадметы мастацтва, створаныя мясцовымі майстрамі. Перагародкі ў холе ўпрыгожаны палатном з нацыянальным арнаментам, на паліцах — беларускія кнігі.




Нумары з відам на Свіслач і Нямігу
Усяго ў гатэлі 155 нумароў. Пераначаваць тут каштуе ад $475 да $3000 па курсе.
Deluxe Room (каля $500). Плошча 41 метр. Нумар абсталяваны сістэмай «разумны дом». Ванныя пакоі аздоблены мармурам і дрэвам, у кожнай — па дзве ракавіны. Касметыка — брытанскага брэнда Molton Brown.





Diplomat Suite (ад $900). Плошча 82 «квадраты». Тут ёсць спальня, гасцёўня з кухняй, гардэробная і вялікі балкон з панарамным відам на цэнтр горада.
Presidential Suite (ад $3000). Займае трэць пятага паверха (282 кв. м). Тры спальні, рабочы кабінет, велізарная тэраса. У майстар-спальні стаіць ложак super king size.






У гатэлі працуе 180 чалавек, сярод якіх як беларусы, так і замежнікі.
Самая прыватная зона — спа
Агульная плошча спа — 3000 кв. м. Тут размясціліся 8 працэдурных кабінетаў, саўна, хамам, саляны пакой, басейн, джакузі і ледзяны фантан.



Наведваць аквазону могуць толькі пастаяльцы гатэля (бясплатна). Для астатніх ёсць адна магчымасць — купля спецыяльнай спа-праграмы (масаж, абгортванне або рытуалы з беларускім васільком). Прыватнасць гасцей застаецца прыярытэтам, таму бясконцага патоку людзей з вуліцы тут не чакаюць.



Бары і рэстараны
Mramor: Рэстаран-стэйкхаус прэміум-класа ў шклянай прыбудове над ракой. Адкрыццё запланавана на студзень 2026 года.
Nightingale: Спікізі-бар з кактэйлямі і жывой музыкай (адкрыццё ў чэрвені 2026 года).
Zolo: Адзіны рэстаран, які зараз працуе паўнавартасна. Спецыялізуецца на сняданках, абедах і вячэрах. Сюды можа прыйсці любы жадаючы на сняданак (з 6:30 да 10:30).




Grand Astoria Ballroom і канферэнц-залы
У гатэлі ёсць вялікая бальная зала Grand Astoria Ballroom на 480 гасцей для вяселляў і ўрачыстасцяў. Таксама маюцца іншыя залы для канферэнцый і бізнэс-сустрэч.





Waldorf Astoria ў Мінску пачаў прымаць гасцей з 18 снежня. Уладальнікі плануюць, што ў наступным годзе запаўняльнасць будзе каля 26%, бо люксавы адпачынак даступны не многім.
Каментары
Першымі уваходзілі у былую саўдэпію хілтаны шмілтаны розныя арабы.На той час казалі самы хуткі бізьнісЬ дзе павяртаецца укладзенае і..зразумела адмываецца.
5☆ гатэль нават ў 50% засяленне дае прыбытак
Болей 80% гэта перезагружэнна