24 снежня Нацыянальны алімпійскі камітэт правёў урачыстую цырымонію ўручэння сваіх прэмій спартсменам і трэнерам, прызнаных найлепшымі ў пяці намінацыях.

У намінацыі «Найлепшы спартсмен» перамог біятланіст Антон Смольскі.
У гэтым годзе ён другі раз у кар'еры выйграў Кубак Садружнасці, а таксама заваяваў чатыры залатыя медалі на хатнім Кубку наймацнейшых спартсменаў. Акрамя таго, на рахунку Антона шматлікія медалі чэмпіянату Расіі і этапаў Кубка Расіі. Варта адзначыць, што ад удзелу ў прэстыжных міжнародных спаборніцтвах беларускія біятланісты з 2022 года адхіленыя, таму ўсе іх медалі здабываюцца фактычна толькі ў беларуска-расійскіх спаборніцтвах.
Канкурэнтамі Смольскага былі батутыст Іван Літвіновіч і вясляр Яўген Залаты. У 2025 годзе Літвіновіч выйграў агульны залік Кубка свету і стаў чэмпіёнам свету ў сінхронных скачках, а Залаты перамог на першынстве Еўропы і ўзяў бронзу чэмпіяната свету.
У намінацыі «Найлепшая спартсменка» перамагла лідарка нацыянальнай каманды па мастацкай гімнастыцы Аліна Гарнасько.
У 2025 годзе яна ўзяла золата на Універсіядзе ў Германіі, заваявала россып узнагарод на этапах Кубка свету і Кубка выкліку, стала найлепшай на прэстыжных міжнародных турнірах у Мінску, Маскве, Дубаі і Пекіне, а таксама перамагала на клубных чэмпіянатах Францыі і Іспаніі.
Акрамя яе, на галоўны прыз у гэтай катэгорыі таксама прэтэндавалі тэнісістка Арына Сабаленка і сінхраністка Васіліна Хандошка. Сабаленка сёлета выйграла адкрыты чэмпіянат ЗША і завяршыла год першай ракеткай свету, а Хандошка заваявала срэбра і бронзу чэмпіянату свету.
У намінацыі «Найлепшы трэнер» ужо другі год запар перамагла галоўная тренерка зборнай Беларусі па скачках на батуце Вольга Уласава.
Сёлета яе выхаванцы заваявалі тры медалі вышэйшай пробы на чэмпіянаце свету ў Іспаніі і шэсць залатых узнагарод на III гульнях краін СНД у Азербайджане. Таксама беларускія батутысты станавіліся прызёрамі этапаў Кубка свету, а Іван Літвіновіч выйграў агульны залік турніру.
У гэтай намінацыі таксама былі прадстаўленыя Нікалас Альварада, які прывёў зборную Беларусі па пляжным футболе да срэбра чэмпіянату свету, і галоўны трэнер зборнай Беларусі па акадэмічным веславанні Віталь Белы, чые падапечныя сталі прызёрамі сусветных і кантынентальных форумаў.
У намінацыі «Найлепшая каманда» найлепшай была прызнана зборная Беларусі на скачках на батуце пад кіраўніцтвам ужо згаданай Вольгі Уласавай.
У топ-3 найлепшых камандаў года таксама ўвайшлі хакейнае «Дынама» і зборная Беларусі па пляжным футболе. Мінскія дынамаўцы ўпершыню ў гісторыі выйшлі ў другі раўнд плэй-оф Кубка Гагарына, а футбалісты пляжнікі ўзялі срэбра чэмпіянату свету.
Урэшце, «Прарывам года» прызнана выступленне мінскага «Дынама» ў Кантынентальнай хакейнай лізе.
У сезоне-2024/25 КХЛ падапечныя Дзмітрыя Квартальнава занялі найвышэйшае для сябе чацвёртае месца ў Заходняй канферэнцыі па выніках рэгулярнага чэмпіянату і пабілі рэкорды клуба па балах і перамогах за чэмпіянат. Таксама «зубры» ўпершыню ў гісторыі выйшлі ў чвэрцьфінал розыгрышу Кубка Гагарына.
Канкурэнцыю хакеістам тут складалі плыўчыха Аліна Змушка і двойка Таццяны Клімовіч з Аленай Фурман (акадэмічнае веславанне). Беларускі заваявалі бронзавыя медалі сусветных форумаў у сваіх відах спорту.
Дзве беларускія лыжніцы атрымалі допуск да адбору на Алімпійскія гульні — 2026
МАК зняў забарону на арганізацыю міжнародных спаборніцтваў у Беларусі
Алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова і яшчэ пяцёра атлетаў атрымалі статус нейтральных спартоўцаў
Канькабежка Зуева заваявала для Беларусі другую ліцэнзію на Алімпіяду
Домрачава гатовая ўзначаліць зборную Беларусі. Але пры адной умове
Каментары