Грамадства11

На расійскіх таварах беларускую мову можна сустрэць ці не часцей, чым на беларускіх. Чаму так?

Калі зазірнуць у любую беларускую прадуктовую краму і хутка прагледзець упакоўкі тавараў беларускай вытворчасці, якія там прадаюцца, то можна заўважыць, што абсалютная большасць з іх мае рускі нэймінг. На адваротным баку, дзе прапісаны склад і вытворчасць, знайсці інфармацыю па-беларуску яшчэ складаней. Чаму тады некаторыя вытворцы з Расіі ўсё ж выбіраюць беларускую? Гэта праз няведанне, што па беларускім заканадаўстве можна ігнараваць адну з яе дзяржаўных моў? Ці гэта такі маркетынгавы ход, хоць далёка не кожны пакупнік увогуле можа заўважыць інфармацыю пра склад на адваротным баку тавара? Выданне «Моцныя навіны» паспрабавала разгадаць гэтую загадку.

Працэнт беларускамоўнай упакоўкі ў крамах Беларусі вельмі нізкі

Здаецца, самі беларусы даўно ўжо звыкліся з такой сітуацыяй, хоць час ад часу ўпакоўкі з інфармацыяй на роднай мове ўсё ж сустракаюцца.

Напрыклад, сярод малочных прадуктаў можна адзначыць лінейку прадуктаў пад назвай «Стары Менск» ад магілёўскай кампаніі «Бабуліна крынка». Сярод вытворцаў марозіва вылучаецца «Белы полюс» гомельскага брэнда Ingman.

На палічцы з алеямі можна знайсці бутэльку рапсавага алею, чыя ўпакоўка цалкам аформленая па-беларуску — гэта Oily «Асалода» кампаніі «Аграпрадукт». Таксама ў аддзеле бакалеі можна заўважыць, што па-руску і па-беларуску падпісаная ўпакоўка цукру з Жабінкі. А яшчэ «Столичная мельница» прапануе мучныя паўфабрыкаты «Бабуліны аладкі», «Бліны да мачанкі» і «Смачная піца», таксама на дзвюх мовах на ўпакоўцы.

Сярод кандытарскіх вырабаў вылучаецца бабруйскі «Чырвоны харчавік», які мае лінейку мармеладак Tinki, дзе пакунак аформлены на дзвюх дзяржаўных мовах. Часам сустракаюцца яшчэ гэтак жа сама аформленыя цукеркі, напрыклад «Залатая пчолка».

У хлебабулачным аддзеле можна знайсці хлеб «Бабулін» ад «Мінскхлебпрама», але там на ўпакоўцы беларуская мова прысутнічае толькі на адным баку, спажывецкая інфармацыя падаецца цалкам па-руску. Гэта, дарэчы, даволі распаўсюджаная з’ява — калі беларуская мова і з’яўляецца на ўпакоўцы, часта вытворцы абмяжоўваюцца толькі назвай.

З непрадуктовых тавараў з беларускай упакоўкай можна пабачыць яшчэ мяшкі для смецця кампаніі «Далібан» і пральны парашок «Мара».

Апошні раз выкарыстанне беларускай мовы на ўпакоўцы актыўна абмяркоўвалася ў 2017 годзе, калі аб’явілі змены ў патрабаваннях: спажывецкая інфармацыя павінна даводзіцца альбо па-руску, альбо адначасова і па-руску, і па-беларуску. Гэта дало вытворцам магчымасць выбраць толькі рускую мову на ўпакоўцы свайго тавара і не замарочвацца з перакладам, што зараз і назіраецца.

Тыя ж кампаніі, якія выбіраюць усё ж дадаць беларускую на упакоўку, робяць гэта хутчэй з маркетынгавых мэтаў — гэта робіць прадукт адметным сярод іншых. Шмат у каго з беларусаў родная мова на ўпакоўцы выклікае прыемныя пачуцці, што таксама можа стымуляваць попыт.

Расійскія тавары па-беларуску

Апошнім часам у беларускіх крамах можна, аднак, назіраць яшчэ адну з’яву — тавары расійскай вытворчасці з беларускай мовай на ўпакоўцы.

Вось якія тавары ўдалося сабраць:

Льняная каша ад кампаніі «Сакрэты прыроды» з Растоўскай вобласці — спажывецкая инфармацыя на адваротным баку ўпакоўкі напісаная па-беларуску.

Локшына «Фунчоза» кампаніі «ВИТО» з Омска — спажывецкая інфармацыя на адваротным баку пакунка напісана па-беларуску.

Каціны корм «Наша марка» Гатчынскага камбікормавага завода Ленінградскай вобласці — спажывецкая инфармацыя на адваротным баку ўпакоўкі напісаная па-беларуску.

Макарона Pasta Deluxe вытворчасці «Нудел продукт» з Пензенскай вобласці — спажывецкая інфармацыя на адваротным баку пакунка напісаная па-беларуску.

Урбеч «Какос цёрты» брэнда Nuts for Life з горада Пенза — спажывецкая инфармацыя на адваротным баку ўпакоўкі напісаная па-беларуску.

Алей сланечнікавы «Палескі» мае толькі беларускую назву, яго робяць у Расіі, але па замове беларускай кампаніі «СегалОптТорг». На адваротным баку інфармацыя надрукавана па-руску. Падобная сітуацыя і з маркай «Вясковы падворак», дзе можна заўважыць крупы расійскай вытворчасці. Аднак упакоўка робіцца па замове беларускай кампаніі «Дабраном». Тое ж самае і з маркай «Суседскі маёнтак» сеткі крам «Суседзі». У гэтых двух выпадках беларуская маецца толькі ў назве маркі і прадукта, а спажывецкая інфармацыя ўсё ж пададзена па-руску.

У тэхрэгламенце Мытнага саюза ёсць адзін цікавы пункт

«Моцныя навіны» паспрабавалі даведацца ў саміх расійскіх вытворцаў, чые тавары прыцягнулі ўвагу сваёй упакоўкай, як беларуская з’явілася на іх прадукцыі.

Кампанія «Сакрэты прыроды» далі такі каментар:

«Мы пастаўляем кашу ў сетку крам «Пяцёрачка». Паколькі «Пяцёрачка» супрацоўнічае з краінамі ЕАЭС, было патрабаванне — пазначыць на ўпакоўцы ўсе мовы».

А вось што адказалі ў аддзела продажаў Nuts for Life:

«Мы актыўна працуем з Рэспублікай Беларусь, каб не ляпіць стыкер з апісаннем і перакладам, было прынята рашэнне наносіць інфармацыю на этыкетку друкарскім спосабам».

Гэтыя адказы сталі падставай зазірнуць у заканадаўства Расіі. Вызначылася, што строгіх правілаў па афармленні ўпакоўкі няма, але ёсць патрабаванні да інфармацыі на ёй, якія прапісаныя ў тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза:

«…нанесеная ў выглядзе надпісаў маркіроўка ўпакаванай харчовай прадукцыі павінна быць нанесеная на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы — члена Мытнага саюза пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(ў)-члена(ў) Мытнага саюза».

Як ужо згадвалася вышэй, 1 лютага 2017 года ў Беларусі пачала дзейнічаць новая рэдакцыя Дзяржстандарту СТБ-1100-2016, дзе прапісана, што інфармацыя на ўпакоўцы харчовай прадукцыі павінна быць альбо на рускай, альбо на рускай і беларускай мовах. Прычым тычыцца гэта як прадуктаў айчыннай вытворчасці, так і імпартных.

У ЕАЭС, акрамя Расіі і Беларусі, уваходзяць таксама Арменія, Казахстан і Кыргызстан. У гэтых трох краінах дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца армянская, казахская і кыргызская. Беларусь — адзіная краіна ў ЕАЭС, якая мае дзве дзяржаўныя мовы. Пры экспарце прадукцыі ў нашу краіну расійскія вытворцы могуць, так скажам, не замарочвацца і пісаць на ўпакоўцы толькі па-руску, не ўкладаючыся ў пераклад. У Беларусі гэта не будзе супярэчыць заканадаўству, бо па нашых стандартах спажывецкая інфармацыя на ўпакоўцы павінна быць прапісаная альбо па-руску (што для тавараў расійскай вытворчасці выканана аўтаматычна), альбо па-руску і па-беларуску адначасова.

Такім чынам, выходзіць, што выбар беларускай на ўпакоўцы тавараў расійскай вытворчасці — не абавязковы. Тым не менш, «Моцным навінам» вядомыя факты замовы беларускага перакладу ад расійскіх кампаній.

Атрымліваецца, яны проста няўважліва ўчытваюцца ў беларускія стандарты? Іначай выходзіла б, што да расійскіх кампаній, якія хочуць пастаўляць свае тавары ў Беларусь, існуюць больш строгія патрабаванні ў моўным пытанні на ўпакоўцы, чым да мясцовых вытворцаў.

Каментары1

  • Причина
    26.11.2025
    Выборы 1994 года и pеволюция 2020 года под предводительством админов телеграм каналов.

Памятаеце кадэта, які на сустрэчы з Лукашэнкам смела выступіў па-беларуску? Ён выехаў з краіны20

Памятаеце кадэта, які на сустрэчы з Лукашэнкам смела выступіў па-беларуску? Ён выехаў з краіны

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскі метрапалітэн прэзентаваў новыя цягнікі. Яны будуць хадзіць на Аўтазаводскай лініі2

Віктар Лукашэнка дамогся перамоваў з новай кіраўніцай Міжнароднага алімпійскага камітэта3

Экс-супрацоўнік Акадэміі навук наехаў на ініцыятыву Maldzis: Непрафесіяналы дыскрэдытуюць сапраўдных навукоўцаў. Мацукевіч адказаў44

Жывёлавод з Брэстчыны паказаў заробак і шакаваў людзей15

Мінчук паабедаў у рэстаране і заплаціў 98 рублёў9

МЗС Літвы: Мэта Мінска — выйсці з ізаляцыі4

Трамп: План па Украіне скараціўся з 28 да 22 пунктаў5

Беларускі бензін хлынуў у Расію: біржавыя пастаўкі растуць рэкорднымі тэмпамі5

У Мінску тратуарная плітка правалілася пад жанчынай. Пенсіянерка апынулася пад зямлёй амаль па пояс

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце кадэта, які на сустрэчы з Лукашэнкам смела выступіў па-беларуску? Ён выехаў з краіны20

Памятаеце кадэта, які на сустрэчы з Лукашэнкам смела выступіў па-беларуску? Ён выехаў з краіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць