На скрыжаванні вуліц Прыгараднай са Сморгаўскім трактам працуе адзіны ў Беларусі праходчы мікратунэльны комплекс, пішуць Мінск-навіны.

Ён пракладвае на глыбіні 10—12 метраў новую артэрыю для горада — дажджавы калектар даўжынёй 670 метраў. Гэта ключавы этап маштабнага праекта па адвядзенні ліўневых вод.
Гэты ўчастак — самы доўгі падземны праход у межах праекта. З запланаваных 670 метраў ужо пракладзена больш за 540.
Работы вядуцца ў тры змены. Нягледзячы на складаныя грунты і марознае надвор’е, за суткі ўдаецца прайсці 10—15 метраў пад зямлёй. Тэхналогія мікратунэлявання патрабуе бесперапыннага працэсу.
З-за пастаяннай падачы вады на рэжучы інструмент спыненне абсталявання можа прывесці да яго замярзання, таму работы не спыняюцца ні на хвіліну.
На паверхні, у катлаване, устаноўлена дамкратная станцыя, якая праціскае тунэль і мантажуе сцены з жалезабетонных труб. Для іх падачы задзейнічаны магутны 300‑тонны аўтакран.
Новы калектар бярэ пачатак каля жылога комплексу «Паўночны Бераг», праходзіць пад вул. Л. Карастаянавай і далей цягнецца ўздоўж вул. Прыгараднай у бок Даўгінаўскага тракта.
Спецыялісты адзначаюць, што тэхналогія мікратунэлявання — не проста інструмент, а стратэгічная неабходнасць: камунікацыі пракладваюцца без паралічу жыцця вялікага горада.
Каментары