У СІЗА КДБ апынуўся Мікалай Цырто, фігурант старой справы Беларусбанка. Другі раз — за палітыку
У канцы 2010‑х яму прысудзілі за хабары 9 гадоў калоніі, але хутка памілавалі.
У канцы 2017 года групу топ-менеджараў Беларусбанка асудзілі за хабары. Першага намесніка старшыні праўлення Генадзя Гаспадарыка і намесніка дырэктара дэпартамента па рабоце з каштоўнасцямі Мікалай Цырто — разам, выканаўчага дырэктара Анатоля Багавіка — асобна, услед за імі.
КДБ арыштаваў Гаспадарыка летам 2016‑га, следам — Цырто. Паўтара месяца Мікалай Цырто знаходзіўся пад хатнім арыштам, пасля яго ўсё ж адправілі ў СІЗА.
Цырто, па словах свайго адваката, супрацоўнічаў са следствам, але на судзе атрымаў 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці: 5 тысяч акцый «Беларусбанка», кватэра ў Полацку, дом і ўчастак у Віцебскай вобласці і іншае.
Гаспадарыку прысудзілі 7,5 года калоніі.
Анатолю Багавіку, якога асудзілі праз месяц пасля калег, далі 8 гадоў калоніі.
Аднак далейшы лёс усіх трох топ-менеджараў Беларусбанка склаўся незвычайна.
Багавік выйшаў па памілаванні ўжо ў маі 2018 года. У 2020‑м ён разам з жонкай Іваннай далучыўся да руху за сумленныя выбары.
У 2023‑м сілавілі прыйшлі па іх. Іванна атрымала два гады калоніі. Анатолю далі менш, дакладны тэрмін невядомы. Ён як рэцыдывіст трапіў у калонію ў Ваўкавыску і цалкам адбыў прызначанае палітычнае пакаранне.
Генадзя Гаспадарыка таксама вызвалілі па памілаванні. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў канцы 2019-га, але невядома, калі менавіта банкір выйшаў на свабоду. Гаспадарыка ўладкавалі на высокую пасаду на МТЗ, але ў 2021 годзе ён памёр ад наступстваў каранавіруса.
А вось пра далейшую біяграфію Цырто раней было невядома.
Як высветлілася, ён таксама атрымаў памілаванне. Але ў пачатку 2024 года Цырто зноў трапіў у СІЗА КДБ, у «Амерыканку». Ён апынуўся там у адной камеры з суразмоўцам «Нашай Нівы».

За што Цырто забралі ў СІЗА КДБ другі раз? У камеры ён казаў, што яго арыштавалі за перадачу дадзеных у «Чорную кнігу Беларусі».
«Маўляў, ён скінуў туды даныя некалькіх фельд'егераў, якіх ведаў яшчэ за часамі сваёй работы ў банку. Больш ён сам не расказваў, а я не распытваў. Затрымалі яго недзе ў 2023 годзе», — сказаў наш суразмоўца.
Са словаў Цырто сталі вядомыя абставіны таго, як ён, Гаспадарык і Багавік апынуліся на свабодзе задоўга да канца сваіх тэрмінаў.
«Маўляў, банкіраў выпусцілі пасля таго, як Сяргей Румас выпрасіў у Лукашэнкі памілаванне для іх», — сказаў наш суразмоўца.
Пры гэтым сам Цырто падкрэсліваў, што ў адрозненне ад Гаспадарыка ў калонію патрапіць не паспеў, бо нейкім чынам зацягнуў апеляцыю.
Ці так яно было насамрэч — невядома. Апеляцыя па справе прайшла ў канцы 2017-га, прысуды не змяніліся. Гаспадарык дакладна трапіў у калонію — запісы аб яго працы там ёсць у Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, пацвердзілі ў Belpol.
А вось у Цырто запісаў аб адлічэнні з калоніі сапраўды няма. Разыходжанні ў тэрмінах пакуль немагчыма патлумачыць.
Чым Цырто займаўся на волі да свайго затрымання ў 2023‑м, невядома. У базах за гэты час пуста. «Па яго словах, сядзеў дома і няньчыўся з унукамі», — удакладняе былы сукамернік.
Далейшы лёс Мікалая Цырто таксама невядомы. У спісе «экстрэмістаў» або «тэрарыстаў» яго прозвішча няма, што амаль выключае магчымасць таго, што яго ўрэшце асудзілі па палітычным артыкуле.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Лукашэнка павінен панесці адказнасць за саўдзел у расійскай агрэсіі». Міністр замежных спраў Украіны расказаў пра новую палітыку ў дачыненні да Беларусі
Каментары
якая ,,прыгожая,, фрэзура (ці як гэта назваць?) у разглядальшчыцы...