«Дробныя зладзюжкі». Рабаванне Луўра здзейснілі жыхары беднага прыгарада Парыжа
Двое мужчын з чатырох арыштаваных маюць шмат судзімасцяў за крадзеж.

Пракурор Парыжа Лор Беко заявіла, што людзі, якія ў кастрычніку выкралі з Луўра каштоўнасці французскіх манархаў, былі дробнымі злачынцамі і жылі ў бедным прыгарадзе сталіцы Францыі, піша Бі-бі-сі.
«Гэта, вядома, не зусім ужо дробнае, паўсядзённае злачыннае асяроддзе. Але гэта такі яго тып, які мы, як правіла, не асацыюем з вышэйшымі эшалонамі арганізаванай злачыннасці», — сказала Беко ў інтэрв'ю радыёстанцыі Franceinfo.
Яна дадала, што чацвёра арыштаваных і абвінавачаных у сувязі з рабаваннем людзей — трое мужчын і жанчына — «відавочна мясцовыя», людзі, якія «ўсе больш ці менш жывуць у раёне Сэн-Дэні» (бедным прыгарадзе Парыжа, размешчаным на поўнач ад сталіцы).
Па словах Беко, двое мужчын з чатырох арыштаваных маюць мноства судзімасцяў за крадзеж.
У суботу абвінавачванні ў сувязі з рабаваннем Луўра былі прад'яўленыя двум падазраваным: 38‑гадовай жанчыне з горада Курнёў (ён размешчаны каля Сэн-Дэні) і 37‑гадоваму мужчыну. Беко расказала, што гэтыя людзі знаходзяцца ў адносінах і ў іх ёсць дзеці, але не дала іншых падрабязнасцяў.
Жанчына і мужчына, імёны якіх не называюцца, адмаўляюць дачыненне да злачынства.
Да гэтага ўлады таксама арыштавалі яшчэ дваіх падазраваных: 34‑гадовага грамадзяніна Алжыра, які жыве ў Францыі (яго асобу ўдалося ўстанавіць дзякуючы слядам ДНК на скутэры, які выкарыстоўваўся для ўцёкаў), а таксама 39‑гадовага таксіста з прыгарада Парыжа. Гэтыя людзі «часткова прызналі» свой удзел у рабаванні Луўра, паведамлялі праваахоўныя органы.
Следства мяркуе, што налёт на самы папулярны музей свету здзейснілі чатыры чалавекі, і адзін з іх па-ранейшаму хаваецца.
На гэтым тыдні ўлады таксама затрымалі яшчэ трох чалавек, якіх правяралі на дачыненне да рабавання, але яны былі вызвалены без прад'яўлення абвінавачванняў.
Як развівалася рабаванне
У нядзелю, 19 кастрычніка, група падазраваных пад'ехала да Луўра ў 09:30 па мясцовым часе, неўзабаве пасля таго, як музей адкрыўся для наведвальнікаў.
Выкарыстоўваючы скрадзены грузавік з механічнай лесвіцай і люлькай, яны падняліся да балкона Луўра, які выходзіць на набярэжную Сены. Пры дапамозе дыскавых разакоў рабаўнікі разрэзалі акно, увайшлі ў Галерэю Апалона, а затым адкрылі сейфы з каштоўнасцямі.

Паводле даных пракуратуры, зламыснікі знаходзіліся ў будынку Луўра на працягу чатырох хвілін. У 09:38 яны збеглі на двух скутарах, якія знаходзіліся каля будынка, а пасля гэтага пераселі на аўтамабілі.
Ім удалося вынесці неацэнныя гістарычныя артэфакты на суму каля 88 млн еўра.
Міністэрства культуры Францыі паведаміла, што сярод выкрадзеных прадметаў былі:
- дзве брошкі, карсажны бант і дыядэма імператрыцы Яўгеніі, жонкі Напалеона III;
- ізумруднае калье і завушніца з калекцыі Марыі-Луізы, жонкі Напалеона I;
- калье, пара завушніц і дыядэма, якія належалі Марыі Амаліі, жонцы караля Луі-Філіпа I, і Гартэнзіі Багарнэ, маці Напалеона III.
Усе гэтыя прадметы ўпрыгожаны тысячамі брыльянтаў і іншых каштоўных камянёў.
Яшчэ прынамсі адна выкрадзеная рэліквія, карона імператрыцы Яўгеніі, была знойдзена недалёка ад месца злачынства. Відаць, злодзеі кінулі ці згубілі яе падчас уцёкаў.
Пракуроры асцерагаюцца, што каштоўнасці ўжо перапраўлены за мяжу, а значыць знайсці іх будзе вельмі складана. Аднак Беко казала, што прадаць выкрадзеныя каштоўнасці зараз немагчыма, і адзначала, што яшчэ не позна іх вярнуць.
Яна таксама звярнулася да тых, у чыіх руках знаходзяцца каштоўнасці, адзначыўшы, што ў выпадку іх добраахвотнага вяртання «суды, відавочна, прымуць да ўвагі той факт, што крадзеж не прывёў да якіх-небудзь страт».
Пасля рабавання Луўра французскія ўлады ўзмацнілі меры бяспекі ва ўсіх музеях краіны.
Каментары