У Падмаскоўі загінуў кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка кампазітных матэрыялаў для МС-21 і паранены будаўнік касмічнага цэнтра, адкрытага Пуціным
Увечары ў пятніцу стала вядома адразу пра два інцыдэнты з удзелам топ-менеджараў расійскіх дзяржаўназвязаных кампаній. Гендырэктар кампаніі Zeppelin Андрэй Краткоў трапіў у рэанімацыю пасля ранення, а гендырэктар кампаніі UMATEX Аляксандр Цюнін быў знойдзены мёртвым, піша «Агентство».

Абодва менеджары былі звязаныя з важнымі праектамі — Цюнін працаваў у кампаніі, якая пастаўляла кампазітныя матэрыялы для лайнера МС-21, а Краткоў займаўся праектам Нацыянальнага касмічнага цэнтра, які тыдзень таму адкрыў Уладзімір Пуцін.
Краткоў атрымаў раненне грудной клеткі падчас спробы застрэліцца ў спартыўным клубе «Масква» пад горадам Адзінцова. Дачка бізнэсмена заявіла выданню MSK1, што здарэнне — няшчасны выпадак падчас прыстрэльвання зброі. Па яе словах, Краткоў у рэанімацыі, і яго жыццю нічога не пагражае.
54‑гадовы Андрэй Краткоў, паводле афіцыйнай біяграфіі, амаль 20 гадоў прапрацаваў у органах бяспекі Расіі. Там ён даслужыўся да падпалкоўніка ФСБ. З 2006 года займаецца бізнэсам у сферы кіравання нерухомасцю, з 2013 года ўзначальваў розныя структуры холдынгу Zeppelin.
Сярод кліентаў Zeppelin на сайце кампаніі згадваюцца «Транснафта», «Адзіная карпарацыя рухавікабудавання» (уваходзіць у «Растэх»), «ВЭБ.РФ», група кампаній «ЕКС» (звязана з ГРУ), НТВ. Фірма таксама заключала дзяржкантракты на абслугоўванне бізнес-парка «К2» Міністэрства абароны і офісна-дзелавога цэнтра «ВР-Ресурс» (уваходзіць у «Верталёты Расіі»).
У карпаратыўным выданні Zeppelin у ліпені 2025 года Краткоў назваў першае паўгоддзе «надзвычай складаным» з-за «беспрэцэдэнтнай» запазычанасці, якую перад кампаніяй назапасілі заказчыкі. У тым жа тэксце менеджар адзначыў, што ў кампаніі з’явіліся новыя аб’екты, у тым ліку «ўнікальны» МФК «Нацыянальнага касмічнага цэнтра» «Раскосмаса».
Нацыянальны касмічны цэнтр «Раскосмаса» — гэта комплекс будынкаў з 47‑павярховай вежай. Чакалася, што аб’ект будзе здадзены ў 2022 годзе, аднак у выніку Пуцін адкрыў яго толькі тыдзень таму. Сюды павінны пераехаць 22 з 30 маскоўскіх канструктарскіх бюро і прадпрыемстваў касмічнай галіны — усяго каля 20 тысяч чалавек.
Цела гендырэктара кампаніі UMATEX Аляксандра Цюніна знайшлі каля яго аўтамабіля на прасёлкавай дарозе ў раёне пасёлка Какошкіна (Новая Масква). Мяркуецца, што ён скончыў жыццё самагубствам.
Побач з целам знайшлі паляўнічую стрэльбу і перадсмяротную запіску, дзе, паводле звестак агенцтва, паведамлялася, што ён стаміўся змагацца з дэпрэсіяй.
50‑гадовы Аляксандр Цюнін стаў гендырэктарам кампазітнага дывізіёна «Расатама» і навукова-вытворчага комплексу «Хімпрамінжынірынг» (пазней — UMATEX) у 2016 годзе. Да гэтага кіраваў тэлекамунікацыйнымі кампаніямі.
Кампазітны дывізіён «Расатама» — вядучае прадпрыемства Расіі па вытворчасці вугляроднага валакна, што выкарыстоўваецца ў авіябудаванні, будаўніцтве, караблебудаванні і энергетыцы. UMATEX займаўся імпартазамяшчэннем кампазітных матэрыялаў для расійскага сярэднемагістральнага авіялайнера МС-21.
Улетку 2021 года паведамлялася, што найноўшы расійскі самалёт на 30% з кампазітаў, вырабленых у тым ліку UMATEX. Мяркуючы па публікацыях у СМІ, расійскія кампазіты аказаліся горшымі за замежныя, з-за чаго маса самалёта вырасла на 6 тон, а далёкасць палёту скарацілася ўдвая.
МС-21 мае важнае значэнне для імпартазамяшчэння ў грамадзянскай авіяцыі. Гэта адзіны расійскі самалёт, які «Аэрафлот» плануе закупляць у значных колькасцях. Але яго масавая вытворчасць пастаянна адкладаецца.
Каментары
Санкцыі адмяніць і адразу будзе ў Расіі самалёцік. І лёгкі будзе і далёка паляціць.
А ўжо як Лукашэнка адцягнецца ад Расіі, заганяючы ў Расію матэрыялы і тэхналогіі!
Так, Зянон Станіслававіч & со?
Ну а што такова, мірная ж прадукцыя гэтыя кампазіты, гэта ж не гаўбіца, праўда?
[Зрэдагавана]