«Арабскі шэйх засунуў даляры ў кішэню». Блогер Vadimati Ермашук цяпер працуе ахоўнікам люксавых буцікоў
Чорны пінжак, гальштук, скураныя боты і рацыя Motorola на рэмені — палітвязня і блогера Вадзіма Vadimati Ермашука здалёк можна адразу і не пазнаць. Ён сам прызнаецца, што часцей носіць спартыўнае адзенне і красоўкі. Касцюмы ж надзяваў апошні раз у Беларусі да затрымання, і тое для паўнаты вобраза беларускага чыноўніка. Цяпер нагода мець афіцыйна-дзелавы лук у Вадзіма з’яўляецца ледзь не штодзень: у Варшаве ён працуе ахоўнікам у гандлёвым цэнтры з люксавым адзеннем Vitkac.
«Наша Ніва» даведалася, як ён туды ўладкаваўся і колькі зарабляе.

Вадзім Ермашук — блогер з Гродна, вядомы як Vadimati. Праславіўся дзякуючы свайму блогу, у якім публікаваў як сацыяльныя ролікі, так і жартаўлівыя — напрыклад, з крамы адзення на рынку, дзе нейкі час працаваў. Не даваў спакойна спаць чыноўнікам, звяртаючы ўвагу на адсутнасць роварных сцежак, пляцовак для скейтараў і іншыя праблемы.
У 2020‑м падтрымаў пратэсты і пачаў публікаваць у тым ліку палітычны кантэнт, наведваў суды. У жніўні 2021 года быў затрыманы ў Шчучыне, куды ехаў здымаць чарговы ролік. Пасля 40 сутак адміністрацыйнага арышту на яго завялі дзве крымінальныя справы паводле артыкулаў 368 КК (абраза Лукашэнкі) і 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Ермашук быў прысуджаны да трох год зняволення, адбываў тэрмін у Бабруйскай калоніі ў «нізкім статусе». Выйшаў на свабоду 28 чэрвеня 2024‑га з букетам хвароб, сярод якіх была анкалогія. Праз паўгода вымушана з’ехаў з Беларусі: яго інстаграм прызналі экстрэмісцкім. Партнёра Вадзіма моцна збілі, патрабуючы, каб той зліваў інфармацыю пра блогера.
Адразу пасля пераезду з Беларусі Вадзім жыў у шэлтары, збор на рэчы першай неабходнасці і лячэнне для яго закрылі неабыякавыя беларусы. Дадатковай фінансавай дапамогай сталі 800 злотых (амаль 700 беларускіх рублёў — НН), якія Польшча штомесяц выдзяляе тым, хто чакае легалізацыі па міжнароднай ахове. Але гэтага на жыццё ў Еўропе не хапала, тым больш калі з Беларусі змог выехаць партнёр, а сёння і муж Вадзіма Дзяніс.
«Ёсць такі блогер Марцін Крам, мы з ім даўно знаёмыя, я яму ў свой час дапамагаў, расказваючы пра яго сваёй аўдыторыі. А цяпер Марцін вырашыў мне дапамагчы. Ён раней за мяне перабраўся ў Польшчу і разам з былой дзяўчынай Юляй працаваў у гэтым гандлёвым цэнтры. Юля прывяла мяне да начальства буцікоў — я тым спадабаўся, усё ж я прыгожы, містар Беларусь!» — пасміхаецца Вадзім, расказваючы, як атрымаў працу.
Вадзім і ў Гародні займаўся продажамі адзення, таму тут адчувае сябе як рыба ў вадзе — прайшоў мінімальны інструктаж і адразу ўліўся ў справу. Для выканання абавязкаў блогеру выдалі са склада два камплекты касцюмаў, прыдатныя скураныя туфлі ў яго знайшліся свае.

«Я калі з’язджаў з Беларусі, не ведаю чаму, але іх паклаў у валізку, прытым што я толькі кеды і красоўкі нашу. Чаравікам гадоў дзесяць, набываліся ў Германіі. Як адчуваў, што спатрэбяцца!»
Графік у Вадзіма рваны — часам яго могуць выклікаць паахоўваць іншыя люксавыя крамы — напрыклад, Peek & Cloppenburg ці Dior. Але звычайна працоўны дзень доўжыцца з 10‑й раніцы да 22‑й вечара, усё за выключэннем абеду — на нагах.
«Ногі, канечне, ацякаюць за змену, мазалі займеў з нязвычкі. Але агулам праца няпыльная. У гандлёвым цэнтры я не толькі сачу за парадкам, але і сустракаю пакупнікоў на ўваходзе і пры паркінгу, падказваю ім, як хутчэй знайсці жаданы Louis Vuitton ці Balenciaga. Я такі, ведаеш, як хостэс у гатэлях.
Прыемна, дарэчы, калі мяне пазнаюць, раз дзесяць ужо такое здарылася на працы. Аднойчы сустрэў тут беларуса з Ваўкавыска, яшчэ адна беларуска пазнала і папрасіла мяне абняць. Многія паглядзелі маё першае інтэрв’ю на свабодзе. А яшчэ я ж нашу заўсёды бел-чырвона-белы бранзалет, так мяне дадаткова апазнаюць свае».

Пашопіцца ў Vitkac прыходзяць самі палякі, але вельмі частыя госці тут, напрыклад, кітайцы. Нядаўна на закупы заязджаў арабскі шэйх, правесці якога выпала Вадзіму.
«Ён мне на развітанне даляры ў кішэню засунуў, а ў нас жа відэакамеры — я спалохаўся. Першы раз са мной такое, што рабіць? Спрабаваў яму тыя грошы вярнуць, але ён не браў. Потым я пабачыў, што там усяго тры даляры было, але і гэта таксама чаявыя, мае першыя. Іншым ахоўнікам, па іх расповедах, зусім нічога не давалі».
Сакрэт чаявых Вадзіму — нязменная ўсмешка на твары.
«Ведаеш, што абяззбройвае людзей? Усмешка. У мяне тут нядаўна быў канфлікт з полькай — я польскую разумею, вучу, але размаўляю яшчэ слаба — на сумесі беларускай, рускай, польскай і англійскай. І вось пані спытала ў мяне, адкуль я, ці не з Украіны? Даведаўшыся, што я з Беларусі, пачала пытацца, а чаму гэта я тут працую, а не ў Беларусі.
Я стараўся ёй пасміхацца ў адказ і задаваць лагічныя пытанні, маўляў, а калі б у паляка ў Лондане гэтак жа спыталі, чаму ён не дома, ці было б ім прыемна? Потым яшчэ падышла прадавачка адной з крам, стала казаць, што я добры хлопец, што чакаю міжнародную ахову — і тая пані ўжо сама пасміхацца пачала, абдымацца да мяне палезла, пад канец змяніла настрой».
Часам у Вадзіма атрымліваецца дапамагчы нават у продажы тавара — аднойчы ён разрэкламаваў пакупнікам куртку так, што яму ў краме сказалі: падвучвай мову і запросім цябе ў прадаўцы.
Недасканалае веданне замежных моў яго ні разу не засмучае — у нялоўкіх сітуацыях тая ж усмешка і жэсты ратуюць сітуацыю. «Я з любым агульную мову знайду», — упэўнена кажа новаспечаны ахоўнік.

Калегі Вадзіма збольшага палякі, але ёсць тут і яшчэ адзін беларус, у свой час затрыманы за каментары па справе Андрэя Зельцара — у мэтах бяспекі мужчына нідзе не адсвечвае.
Нядаўна Вадзім затрымаў злодзейку — жанчыну, якая хацела вынесці з крамы Тchibo чатыры кілаграмы кавы.
«Яна зрабіла выгляд, што ідзе з той кавай да касы. Думала, што я за ёй не сачыў, а я спецыяльна нібыта ў тэлефон глядзеў, хаця нам і нельга па правілах, а паралельна за ёй назіраў бакавым зрокам. Мне досыць лёгка вызначыць патэнцыйных злодзеяў, бо ў мяне была крама адзення ў Беларусі, з якой таксама часам імкнуліся нешта скрасці. Тую жанчыну я дагнаў і адпусціў, вырашыў у гэтым выпадку не выклікаць паліцыю. Я шкадую нешта ўсіх гэтых алкашоў…»

У больш экстрэмальнай сітуацыі Вадзім па інструкцыі мусіць паклікаць калег па рацыі на дапамогу, заблакаваць дзверы і пасля чакаць паліцыю, якую выклікаюць ахоўнікі, што сочаць за бяспекай праз відэаманіторы.
«Я магу і сам скруціць каго пры патрэбе, не баюся, бо боксам займаўся, — дадае Вадзім. — А яшчэ цікавы момант: як беларус я адразу больш уважліва гляджу на торбы, пакеты, пракручваю ў галаве сцэнары патэнцыйнага нападу тэрарыстаў — спытаў у калег, а яны ўвогуле пра такое не думалі ніколі».

«Мне ўсе казалі, што я нахлебнікам тут буду, дармаедам, што я толькі патрабаваць і прасіць умею, крычаць… А вось я ўжо і працу знайшоў! Пры лепшых раскладах ахоўнік можа тут мець каля 6000 злотых (каля 5000 рублёў — НН). Гэта не супершмат, але для старту, я лічу, добра. Тым больш я тут знаёмствы заводжу карысныя, часу не губляю. Я хачу працаваць з людзьмі ў гандлі. Гэта маё».

Пытанне са здымным жытлом і працай Вадзім змог закрыць, лячэнне і легалізацыя ў працэсе. Галоўнае, за што цяпер перажывае блогер — лёс яго партнёра Дзяніса. Той у 2025 годзе папрасіў прытулку ў Літве, і праз бюракратычныя абмежаванні, звязаныя з Дублінскім рэгламентам, пара не можа ўз'яднацца: еўрапейскае права патрабуе, каб запыт на прытулак разглядаўся ў першай краіне ўезду ў Еўрасаюз.
«Адмываў гаўно з унітазаў, мы там як самыя кончаныя». Блогер Вадзім Vadimati Ермашук — пра тое, як жыў у калоніі ў «нізкім статусе»
Андрэй Павук уладкаваўся кіроўцам тралейбуса ў Вільні і расказаў, як яно
«Хацеў даказаць, што буду жыць, як хачу». Былы палітвязень Кучук расказаў, як змагаўся ў турме супраць «нізкага статусу»
«Хоць цэглай сцірай», або нізкі статус». Гутарка з хлопцам, якога прымусілі ў калоніі знішчыць тату з Пагоняй
Каментары
Рэспект.
Буду рады даведацца, што і далей усё будзе добра і толькі лепш.
Здароўя, і хай усе будзе добра.