Насуперак санкцыям у Беларусь працягваюць гнаць машыны з Еўропы з аб'ёмам больш за 1,9 літра. Але ёсць нюансы
Як гэта адбываецца?

Яшчэ летам 2024 года Еўрасаюз уніфікаваў санкцыі ў дачыненні да Беларусі і Расіі, якія забараняюць экспарт у нашу краіну машын з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, электрамабіляў і гібрыдаў. Але машыны з рухавікамі аб'ёмам, большым за 1,9 літра, працягваюць паступаць у Беларусь, прычым частка з іх трапляе да нас абсалютна легальна.
Як такое магчыма
Да 29 чэрвеня 2024 года ў Беларусь з Еўрасаюза, у адрозненне ад Расіі, можна было імпартаваць любыя аўто незалежна ад цаны, аб'ёму рухавіка, яго тыпу і клірансу.
Аднак пасля выхаду Рэгламенту Савета (ЕС) 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024 года з'явіліся абмежаванні і для Беларусі. Прычым праз складанасць фармулёвак і розныя трактоўкі ў розных краінах даходзіла да таго, што Літва на некаторы час перастала выпускаць у Беларусь любыя аўто, з моманту выпуску якіх не прайшло пяць гадоў. Не прапускалі ў Беларусь як машыны з ЕС, так і тыя, што ішлі транзітам з ЗША.
Але праз пару дзён сітуацыя вырашылася, і ў Беларусь з ЕС зноў паехалі машыны любога ўзросту з аб'ёмам рухавіка да 1,9 літра і без абмежаванняў па клірансе, а электрамабілі і гібрыды — не.
Што тычыцца транзіту аўто са Штатаў, то Літва ў дадатак стала афармляць і прапускаць праз Клайпеду электрамабілі і гібрыды, а таксама аўто з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра. Але пры выкананні дзвюх умоў: па-першае, машына павінна быць старэйшая за пяць гадоў, а па-другое, кліранс павінен быць меншы за 165 мм.
Таму транзітам праз Клайпеду ў Беларусь без праблем едуць 5+ гадовыя Tesla, BMW 7‑й серыі з 3‑літровымі рухавікамі і гэтак далей.

Аб'ём — не галоўнае
Выглядае, што апошнім часам аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, беларусам стала можна купляць і ў Еўрасаюзе.
Так, адна з мінскіх кампаній, якая спецыялізуецца на прыгоне аўто на замову з Еўропы, прапануе сваім кліентам машыны, старэйшыя за пяць гадоў, з рухавікамі аб'ёмам 2.0 і больш.
Галоўныя патрабаванні: машына павінна быць старэйшая за 5 гадоў, а кліранс — меншы за 165 мм.
Такія аўто яны перапрадаюць праз польскую фірму-пасярэдніка, аплата ідзе праз банк, машыны дастаўляюць аўтавозамі праз Літву, то-бок без якіх-небудзь схематозаў па абыходзе санкцый.
Але калі кліент захоча машыну, маладзейшую за пяць гадоў, то польская мытня не аформіць экспарт на Беларусь. Адпаведна, легальна даставіць яе не атрымаецца, а толькі альтэрнатыўнымі шляхамі.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», экспарт машын у Беларусь, старэйшых за пяць гадоў і з аб'ёмам больш за 1,9 літра, у Польшчы пачалі афармляць не пазней, чым з канца вясны — пачатку лета 2025 года.
Розныя краіны могуць розныя падыходы
Гаворкі пра тое, што літоўская мытня будзе афармляць экспарт такіх машын на Беларусь, таксама вяліся яшчэ вясною гэтага года, але наколькі вядома «Нашай Ніве», у Літве змен не адбылося.
Транзітныя дэкларацыі на аўто са Штатаў так і робяць на старэйшыя за 5 гадоў аўто незалежна ад рухавіка, але з кліренсам да 165 мм. А вось экспартныя дэкларацыі на еўрапейскія аўто адкрываюць толькі на машыны з рухавіком аб'ёмам да 1,9 літра.
Розныя падыходы ў розных краінах цалкам магчымыя. Так, напрыклад, у ютубе можна знайсці не адно відэа, дзе грамадзяне Расіі едуць у Германію і набываюць там аўто з аб'ёмам да 1,9 літра і клірэнсам да 165 мм, пасля чаго афармляюць усе дакументы на свой пашпарт і едуць у Расію.
У той жа час, па словах чалавека, які займаецца прыгонам аўто з Польшчы, польская мытня не афармляе экспартныя дэкларацыі на аўто ў Расію нават на тыя варыянты, што не трапляюць пад санкцыі. А ад пакупніка з Беларусі могуць патрабаваць распіску, што той абяцае не перапрадаваць аўто ў Расію.
Што гэта азначае для шэраговага аўтааматара?
Пропуск машын з аб'ёмам больш за 1,9 літра — безумоўна, пазітыўная навіна, бо ёсць шэраг папулярных легкавікоў, якія ў лінейцы не маюць матораў, меншых за 2 літры. Напрыклад, BMW 5‑й серыі, Audi A6 і многія іншыя.
Але тым не менш варта ўлічваць, што на машыны, старэйшыя за пяць гадоў, у Беларусі дзейнічаюць павышаныя мытныя стаўкі.
Калі размытніць 3—5‑гадовае аўто з 2,0 пад капотам можна за 2700 еўра з выкарыстаннем ільготы або за 5400 без яе, то за старэйшыя за пяць гадоў мыта складзе 4800 еўра па 140‑м указе і 9800 еўра, калі лічыць па поўным тарыфе.
Атрымліваецца, што пераплата складае 2100 еўра. Але, як патлумачылі ў кампаніі, куды «Наша Ніва» звярнулася пад выглядам кліента, гэта выгадней, чым везці маладзейшае аўто праз Турцыю. Бо сама машына каштуе крыху танней, а дастаўка праз альтэрнатыўныя шляхі абыдзецца ў 4500—5000 еўра замест 1500—2000 еўра, калі дастаўляць наўпрост праз Літву. У дадатак не давядзецца парушаць еўрапейскае заканадаўства
Каментары
Кто реально ездил на новых китайских машинах (не по обзорам). Тот не пересядет обратно на бмв, ауди, рейндж.
Если взять простой бюджетный куллрей за 20 000$ новый в минске (макс комплектауиция включая все и подруливание) и такой же Европейский корч типа пежо с 200 000 пробегам, то только старовер выберет ЕС.
Мир поменялся ЕС только крышки от бутылок делать научилось за это время, большая рыбп долго умирает, но она умрет. А у США % по госдолгу больше бюджета на оборону, сильно они ЕС не помогут ... теслу тоже вышибают