Грамадства11

«Хацеў даказаць, што буду жыць, як хачу». Былы палітвязень Кучук расказаў, як змагаўся ў турме супраць «нізкага статусу»

Старшыня ліквідаванай партыі «Зялёныя» і вызвалены ды выдвараны за мяжу 11 верасня былы палітвязень Дзмітрый Кучук расказаў «Люстэрку» пра сваю барацьбу і цану, якую за гэта давялося заплаціць.

Дзмітрый Кучук падчас прэс-канферэнцыі ў Вільні, 12 верасня 2025 года. Фота: «Люстэрка» 

«Разумеў, што трэба аддаць Аляксею Навальнаму належнае»

— Вы другі дзень на волі (размова была ў пятніцу, 12 верасня), як яно?

— Магу свабодна размаўляць, пісаць, гаварыць, што думаю. І самае галоўнае, не клапаціцца пра сваю бяспеку. Поўны надзей. Зараз будзем займацца партыйным будаўніцтвам. Шмат энергіі.

Трошкі трэба прайсці акліматызацыю, таму што, калі знаходзішся ў турме, забываеш, як хадзіць у краму, аплачваць тавары, карыстацца тэлефонам. Уяўляю людзей, якія чатыры-пяць гадоў там… Я прабыў літаральна паўтара года, але ўсё роўна вельмі складана.

Патэлефанаваў маме, яна ўзрадавалася. Было важна сказаць ёй, што я на волі. Думаю, яна шкадуе, што я не ў Беларусі. А ў дачкі пакуль няма сувязі. Яна ў дарозе, думаю, хутка пагаворым. Яна ў мяне ў Парыжы. Атрымаў фатаграфіі ўнучкі.

З цешчай, з усімі сябрамі, хто мяне падтрымліваў, з партыйцамі наладзілася камунікацыя. Партыйцы дапамаглі з мабільнай сувяззю, зараз дапамагаюць вырашаць пытанні з перамяшчэннем.

— Ноч з чацвярга на пятніцу была першай на волі. Атрымалася выспацца?

— Так, быў моцны сон. Я спыніўся ў сяброў, як заўсёды, калі пачынаеш засынаць, думаеш пра планы. Прыемна спаць пад коўдрай, а не на дрэнным матрацы на нарах у памяшканні, дзе холадна, пахі: усё не праветрываецца, побач санвузел.

— Давайце вернемся ў люты 2024-га, у дзень вашага затрымання. Гэта здарылася, калі вы хацелі ўскласці кветкі каля расійскай амбасады ў памяць пра Аляксея Навальнага. Чаму вы наважыліся на такі крок?

— Я ўспрымаў Аляксея Навальнага як апошнюю надзею на нейкія дэмакратычныя перамены ў Расіі. Чалавек памірае ў турме, я чытаю навіны. Для мяне гэта была вялікая трагедыя. Разумеў, трэба аддаць яму належнае. А як гэта зрабіць? Прынесці да амбасады кветкі. Думаў, пакладу кветкі, пастаўлю партрэт і пайду. Хоць зразумела, што там камеры, усё астатняе, але мяне ногі проста занеслі. Сябар сказаў: «Сядзеш». Адказаў: «Я не магу інакш». Гэта першае.

Па-другое. У Беларусі была безнадзейная сітуацыя, калі не можаш ні пісаць, ні чытаць, што лічыш патрэбным, ні ставіць лайкі, ні займацца палітыкай. Сядзеў, думаў, як з гэтым быць? Каб разумець, якія працэсы адбываюцца ў краіне і што рабіць, каб было больш свабоды, рэжым, скажам так, трэба спрабаваць на зуб: правяраць — што можна альбо нельга.

Мой учынак меў эфект. Думаю, людзі, прачытаўшы навіны пра затрыманні, не пайшлі да амбасады. Хоць на сутках са мной былі два чалавекі, якіх там забралі. Убачыў іх ужо ў РУУС. Маладыя хлопцы. Адзін айцішнік, ён сам рускі, працаваў пяць гадоў у IT-кампаніі ў Беларусі, яму далі дэпартацыю. І таксіст, да амбасады ён прыехаў з дзяўчынай, але арыштавалі толькі яго. Ён таксама, па-мойму, прынёс кветкі. Але ў абодвух хлопцаў у справе былі мае ружы (усміхаецца).

— Як гэта?

— Я купіў бел-чырвона-белыя ружачкі. І ў кожнага, каго судзілі, у справе значыліся гэтыя кветкі.

— Як вас затрымалі?

— Я ішоў з ружамі, у мяне быў заплечнік, у ім — партрэт Навальнага. Па дарозе бачыў АМАП, бусы на паркоўцы. Разумеў, што затрымаюць. Калі да плота засталося 100 метраў, яны рушылі ў мой бок. Падышлі, сказалі: «Пройдзем». Павезлі ў Цэнтральнае РУУС. Думаю, яны чакалі людзей, і бус там з'явіўся нездарма.

Спачатку склалі пратакол за масавае мерапрыемства (гаворка пра арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». — Заўв. рэд.). Потым спусцілі ў кабінет ніжэй, прыйшоў амапавец, які мяне затрымліваў, і яны зрабілі другі — за непадпарадкаванне (арт. 24.3. КаАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў». — Заўв. рэд.). На наступны дзень — суд па Zoom, дзе далі 30 сутак.

— Як адміністрацыйны арышт ператварыўся ў крымінальную справу?

— Калі знаходзіўся на Акрэсціна, быў момант, што тых, у каго, па-мойму, больш за 15 дзён, пераводзяць у Магілёў. Мяне ў тым ліку. Нас было два аўтазакі, чалавек, напэўна, з 30. Абвяшчаюць, куды едзем, садзяць у аўтазак. Думаю, усё нармальна, значыць, не будзе крыміналкі (тыя, хто сядзяць за палітыку, яе баяцца), узрадаваўся.

І тут называюць маё прозвішча, мяне выводзяць з аўтазака. Прагучала толькі: «КДБ». Вярнулі ў камеру. Праз два-тры дні прыйшоў чалавек у цывільным, не прадставіўся, прынёс фатаграфіі з 2020-га. Ён дзве гадзіны размаўляў са мной, вывучаў мой светапогляд, як стаўлюся да вайны. Я разумеў — аналізуе сітуацыю. Пытаюся: «Будзе крыміналка?» Ён: «Так».

Гэтых фатаграфій не было ў мяне ў тэлефоне, не ведаў, адкуль яны ў яго, але здагадваўся, як маглі да іх трапіць. Больш падрабязна сказаць не магу. Потым, калі азнаёміўся з матэрыяламі справы, па іх версіі аказалася, што хтосьці напісаў у адным з міліцэйскіх каналаў, што вось ён удзельнічаў у маршах, вось фатаграфіі, прыміце меры.

Пазней, ужо калі быў у Жодзіне, следчы паведаміў, што 2 мая закрываюць справу паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). А потым няма ніякіх рухаў па крымінальнай справе ні з пракуратуры, ні з суда, і прыходзіць ліст, што тэрмін затрымання падаўжаецца і мяне этапуюць у Калядзічы.

Пераязджаю ў новае СІЗА. Потым праз нейкі час прыходзіць следчы, паведамляе: «Да вас будуць яшчэ прэтэнзіі па 361-му» (гаворка пра ч. 3 арт. 361 «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»).

— А за што менавіта вам яе далі?

— За публікацыі ў сацыяльных сетках (нават пасты 2017-2018 гадоў). Яны ўзялі мае старонкі, партыйныя заявы, фатаграфіі. Выбралі, што для іх цікава. Напрыклад, зварот супраць вайны. Раздрукавалі, далі эксперту, які нібыта прааналізаваў, ці прычыняюць яны шкоду нацыянальнай бяспецы, і зрабіў заключэнне.

У спісе матэрыялаў ёсць, дапусцім, партыйная заява па сітуацыі з кавідам. У свой час мы яе адпраўлялі ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Маўляў, прыміце меры, трэба зрабіць тое і тое. Стандартнае палітычнае патрабаванне. Палітычная партыя павінна рэагаваць на працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Заява абсалютна нейтральная. Нам прыйшоў на яе адказ. А цяпер гэта разглядалася як прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.

Падчас допыту пракурор спытаў мяне пра заяву супраць вайны ва Украіне (гэта была пазіцыя партыі з нагоды пачатку баявых дзеянняў). Я як старшыня дубляваў яе і на партыйным сайце, і на сваёй старонцы ў сацсетках. Мне, дарэчы, інкрымінавалася, што я аднаасобна прымаў рашэнні па размяшчэнні партыйнай інфармацыі і ні з кім не раіўся. Заява была ў нейкай ступені эмацыйная і заканчвалася словамі, што адказнасць за вайну нясуць абодва дыктатары.

Пракурор пытаецца: «Каго вы называеце дыктатарам?» Мелася на ўвазе ў Беларусі. Кажу: «Ён сам сябе так называе». А пракурор: «Ён жа жартам». Адказваю: «З вайной не жартуюць». Вось такі абсурд.

«Фактычна правёў у адзіночцы сем месяцаў»

— У снежні 2024-га вам агучылі прысуд: шэсць гадоў калоніі. Тэрмін вы адбывалі ў ПК № 9 у Горацкім раёне. Чаму вы трапілі менавіта туды? Бо ў ПК № 9 адпраўляюць тых, хто трапляе за краты не першы раз.

— Пасля прысуду я напісаў апеляцыю ў Вярхоўны суд. У гэты час мяне перавялі ў Магілёў, дзе два месяцы чакаў рашэння. Яно прыйшло ў пачатку сакавіка 2025-га, і цягам пяці дзён мяне этапавалі ў Горкі.

Чаму туды? У мяне была судзімасць, скажам так, 25 гадоў таму. Магчыма, гэта паўплывала, гэта значыць я не быў першаходам.

Тады я быў маладым прадпрымальнікам, не справіўся з кіраваннем, і паўсталі эканамічныя прэтэнзіі з боку фізічных і юрыдычных асоб. Адсядзеў два гады два месяцы.

— ПК № 9 лічыцца адной з самых закрытых устаноў у пенітэнцыярнай сістэме краіны. Што гэта за месца?

— Сама калонія невялікая і ў нейкай ступені цікавая. У плане двухпавярховых дамкоў, прамзоны. За выключэннем палітвязняў, людзі сябе там больш-менш нармальна адчуваюць.

— Вы ж трапляеце туды як палітычны.

— На другі дзень да мяне прыходзіць начальнік атрада і кажа мыць умывальнік. Гэта правакацыя, калі да яго (умывальніка. — Заўв. рэд.) дакрануўся, то табе даюць «нізкі статус».

Зразумела, ты не згаджаешся, табе выпісваюць парушэнне і караюць штрафным ізалятарам. Першы раз правёў у ШІЗА сем сутак. У дзень, калі мяне вывелі, зноў сказалі мыць умывальнік, я адмовіўся і атрымаў яшчэ дзесяць сутак.

Пасля тры дні знаходзіўся ў атрадзе ў нармальным статусе. Затым мяне выклікае, скажам так, крымінальны аўтарытэт, пытаецца пра партыю, чым мы займаліся. Да таго моманту ў іх (зняволеных. — Заўв. рэд.) пра мяне ўжо было нейкае разуменне і заказ ад операў, каб даць «нізкі статус». Яны пачынаюць шукаць зачэпкі.

Я сказаў, што 15 гадоў таму быў на мерапрыемстве, назваў яго круглы стол. Яны, можа, не разумеюць, што гэта такое. Патлумачыў, што там выступаў эксперт, які размаўляў пра ЛГБТ-супольнасць. А па ўсіх крымінальных традыцыях нельга садзіцца з «нізкім статусам» за адзін стол. Яны чапляюцца за выказванне і тут жа абвяшчаюць мне «нізкі статус».

— А навошта вы пра гэты круглы стол расказалі?

— Для мяне гэта нармальнае мерапрыемства, не думаў, што за гэта можна атрымаць «нізкі статус». Па ўсіх крымінальных традыцыях так не робяць. Яго можаш атрымаць, напрыклад, калі ўзяў у такога чалавека цыгарэту. Ёсць рэчы, якія недапушчальныя.

— Што далей з вамі адбывалася?

— Яны збіраюць усіх, хто ў атрадзе (там было чалавек 30), і абвяшчаюць мне «нізкі статус». І мяне пераводзяць у іншую частку памяшкання, дзе жывуць такія людзі. Я не згаджаюся, мяне адводзяць да адміністрацыі. Яна нібыта павінна забяспечыць маю бяспеку на выпадак правакацый. Мне вешаюць парушэнне і даюць 15 сутак ШІЗА.

Абвяшчаю галадоўку. Праз два дні хтосьці са зняволеных крыкнуў, што па мне адмена (гэта значыць больш няма «нізкага статусу. — Заўв. рэд.). Пачынаю есці, але, вярнуўшыся ў атрад, даведаюся, што нічога не памянялася. Зноў не згаджаюся і атрымліваю два месяцы ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — Заўв. рэд.). Сем дзён адмаўляюся ад ежы і вады. Мяне вязуць у санчастку, ставяць кропельніцы. Пачынаю есці — разумею, інакш смерць.

Даседзеўшы тэрмін у ПКТ, трапляю на жылую (частка калоніі, дзе жывуць зняволеныя. — Заўв. рэд.). Гэта ўжо дзесьці сярэдзіна лета. Прымаю, выбару няма: трэба выжываць, спраўляцца з бытавымі праблемамі.

Напрыклад, каб не есці з талерак, пазначаных для «нізкага статусу», патрабаваліся купіць кантэйнеры ў краме, а паход атрада ў яго адмянілі. Кубка таксама не было.

Я не мог адкрыць кран, таму што ў такой катэгорыі людзей ён свой, пазначаны (па-мойму, чырвоны). Піў, калі ніхто не бачыў, з крана ва ўмывальніку прыбіральні. Я прынцыпова не хадзіў у прыбіральню, якая была прызначаная для такіх людзей.

Навошта ўсё гэта? Таму што калі не жывеш па правілах нізкага статусу, яго да канца не прызнаюць, гэта значыць я знаходзіўся ў падвешаным стане. Хацеў даказаць, што буду жыць, як хачу. Выпрацоўваў нейкія правілы гульні, каб стаць незалежным ад статусу, і, як потым мне сказаў псіхолаг, выбудоўваў свой побыт.

— Колькі гэта доўжылася?

— Выходзіць, тыдзень. Затым перасекся з Алесем Бяляцкім. Пазней атрымаў чатыры месяцы ў ПКТ. З іх адседзеў два. У гэты час на мяне завялі арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). У панядзелак (15 верасня. — Заўв. рэд.) павінен быў адбыцца суд.

— Як вы перасекліся з Алесем Бяляцкім?

— У калоніі ёсць момант, калі збіраюць усіх парушальнікаў з зоны і з каранціну (Бяляцкі знаходзіўся на каранціне) і падымаюць да начальніка ўстановы. І ўжо ён павінен выпісаць, напрыклад, вымову, пазбаўленне спаткання. Нас было чалавек з сем. Потым усіх завялі ў памяшканне для ператрусу. Там знаходзішся 20-30 хвілін. Мне было кепска (гэта было ў той перыяд, калі Дзмітрый еў толькі хлеб і піў крадком. — Заўв. рэд.), балела спіна. Ты не можаш прысесці, абаперціся на падваконнік.

Я стаяў каля сценкі, потым, памятаю, нібы святло згасла — прытомнасць. Калі ачомаўся, пазнаў Алеся. Ён стаяў за метр ад мяне. Я проста падскочыў ад шоку. Пачалі размаўляць. Супрацоўнікі спалохаліся, бо ўсё відаць на камерах трансляцыі. Я так разумею, яны не павінны былі дапусціць гэтую сустрэчу.

У нас было літаральна дзесяць хвілін. Алесь вярнуўся з «РБ» — Рэспубліканскай бальніцы для асуджаных: ці то рабілі аперацыю, ці то былі праблемы з нагой. Я пацікавіўся ў яго, як самаадчуванне. Ён: «Нармальна». Кажа, галоўнае здароўе, трымайся.

Ад іншых зняволеных чуў, што Сяргей Ціханоўскі на волі. Хацеў праверыць інфармацыю. Спытаў у яго, ён пацвердзіў. Я ўдакладніў: «Нешта мяняецца?» Адказаў:»Магчыма». Сказаў, калі б не было вайны, нас бы адпусцілі раней.

— Вы казалі, што ў ШІЗА і ПКТ сядзелі ў адзіночцы. Як гэта быць сам-насам з сабой месяцамі?

— Фактычна правёў у адзіночцы сем месяцаў. Слухаў радыё, аналізаваў выступы Лукашэнкі. Мне адзін раз далі кнігу, але праз праблемы са зрокам было складана чытаць. Пераглядаў фатаграфіі ўнучкі, перачытваў матчыны лісты — гэта надавала сіл. Будаваў планы на будучыню, думаў пра бізнэс. Спрабаваў абстрагавацца, каб не разважаць пра тое, што адбываецца.

Быў момант, калі выйшаў у жылую зону, здавалася, што мае думкі хтосьці чытае. Мяне да псіхолага адвялі. Ты губляеш рэальнасць і адэкватнасць, шмат хто кажа, што гэта звязана з адзіночнымі камерамі. А там зразумеў, што мае лісты чыталі не толькі цэнзары, але і ўсе каму ахвота, якія маюць доступ да турэмнай перапіскі. Прычым гэта тычыцца як таго, што ад цябе паходзіць, так і таго, што прыходзіць.

Затым пачыналі гэтым шантажаваць, запалохваць. Як? Напрыклад, прашу маму перадаць ручнік, акуляры. І супрацоўнікі пачынаюць цэлы дзень, калі ходзяць па прадоле (калідоры. — Заўв. рэд.), паміж сабой абмяркоўваць, што нібыта мне прыйшла бандэроль, а яе насамрэч няма. Пры гэтым у кожнага чалавека ў калоніі ёсць паганяла, і ты разумееш, што гаворка ідзе пра цябе. Гэта трымае ў напрузе.

І яшчэ ёсць момант. У канваіраў у рацыях ёсць адзін канал, у якім па справе нешта абмяркоўваюць, а другі выкарыстоўваюць, каб на публіку граць. Яны нешта абмяркоўваюць на КПП, а ты праз дынамікі на вуліцы чуеш гэта так, быццам усё побач. І не разумееш, гэта рэальна адбываецца ці не. І так доўжыцца літаральна ад пад'ёму да адбою. Зняволеныя, хто заязджае па-новай, на гэта рэагуюць. А людзі, якія знаходзяцца, скажам так, даўно, разумеюць, што гэта гульня.

Бывае, канваіры разыгрываюць сцэнкі. Для іх гэта нібыта як жарты. Яны быццам падтрымліваюць гумар. З іншага боку, калі гэта пераходзіць нейкія межы, становіцца не смешна. І ты знаходзішся ў такім месяцамі. Гэта складана. Бо пры гэтым у адзіночцы ты ні з кім не размаўляеш.

«Пачынаем разумець: апазіцыя сустрэлася ў засценках КДБ, гістарычная падзея»

— У які момант вы даведаліся, што трапілі ў спісы на вызваленне?

— Не ведаў, што да апошняга, але быў момант… У папярэднюю пятніцу (6 верасня. — Заўв. рэд.) раніцай на прагулцы да мяне падышоў чалавек са спецаддзела і кажа: «Дзе твой пашпарт?» А ты разумееш, што яго аддаюць, калі хочуць адпусціць. Кажу, забралі ў Цэнтральным РУУС. Ён: «Пішы заяву, каб аднавіць».

Зразумела, шмат чаго гавораць, але гэта рэальнае дзеянне. Думаў, будуць рабіць пашпарт, можа, пададуць дакументы на памілаванне. І тут раніцай у сераду (10 верасня. — Заўв. рэд.), калі не чакаеш, чуеш: «З рэчамі». Прыносяць станкі для галення і мой крэм. Пытаюся: «Навошта?» Тлумачаць: «Сказалі табе пагаліцца».

Адчуў: усё, іду на волю. Сяк-так галюся, вяртаюць мае рэчы — пакеты, чаравікі — і вядуць у памяшканне, дзе каранцін. Робім вопіс асабістых рэчаў і чакаем чагосьці. Ясна, канвою. Стаім, маўчым. Адзінае, спытаў, што будзе з 411-м артыкулам. Супрацоўнік паціснуў плячыма: «Не ведаю».

Мне было абсалютна ўсё роўна, таму што я хацеў з'ехаць з гэтага месца. Думаў, прывядуць Бяляцкага, але я быў адзін.

У нейкі момант дзесьці на паўметра адчыніліся вароты для грузавых машын. Прыйшоў канваір. Надзеў мне шапку, каб закрыць вочы, сказаў выцягнуць рукі, зашпіліў кайданкі, узяў за плячо, і мяне павялі. Пасадзілі ў легкавую машыну, сказалі апусціць галаву. Я быў у Горках, ведаю трохі лагістыку. Чуеш шум машыны, і па гуку вызначаеш, куды цябе вязуць, едзеш па горадзе альбо трасе. Радыёстанцыі мяняюцца.

Па дарозе не размаўлялі. Калі заехалі ў Мінск, спыняліся на святлафорах. Сказалі: «Апусці галаву і упрыся ёй у сядзенне». Думаю, каб людзі, напрыклад, з тралейбуса, не бачылі мяне, бо шкло не таніраванае. Гэта больш за норму канваіравання.

Я жыву ў Мінску, разумею, колькі, дапусцім, з Уручча даехаць да СІЗА КДБ, куды мяне даставілі. Разумею, праязджаем плошчу Перамогі, машына трохі нахілілася, святлафоры…

— Што было ўжо ў СІЗА КДБ?

— Заводзяць у памяшканне, гляджу, Ігар Лосік… Чатыры чалавекі завялі, далі зубную шчотку, мыла, ручнік, сказалі ў душ. Прыйшоў супрацоўнік, спытаў, дзе мой пашпарт. Кажу: «У Цэнтральным РУУС». Затым лекар, стандартныя працэдуры.

Схадзіў у душ, і мяне адводзяць у камеру. Заходжу, а там Мікола Статкевіч, Мацкевіч, Ярашук. Я проста ў шоку. Іх раней прывезлі. Пачынаем разумець: апазіцыя сустрэлася ў засценках КДБ — гістарычная падзея.

Нас сабралася 13 чалавек. Па часе была вячэра, прынеслі суп. Размаўлялі, былі радыя. Не разумелі, што адбываецца. Мікола Статкевіч адразу сказаў, што адправяць у Вільню. Была надзея, што ўсё ж такі пакінуць у Беларусі. Хтосьці нейкія планы агучваў.

Абменьваліся думкамі. Кажу, трэба мазгавы штурм, можа, павязуць да Лукашэнкі альбо ў адміністрацыю. У камеры знаходзіліся чатыры чалавекі з «нізкім статусам», але ўсе былі на пазітыве.

Назаўтра гімн, пад які ніхто не стаяў. Мікалай Статкевіч проста ляжаў. Потым прынеслі дакументы, што мы не маем прэтэнзій да СІЗА КДБ. Разумелі, нас адпускаюць.

Усіх пасадзілі ў мікрааўтобус, з намі былі яшчэ дзве жанчыны. На вачах не было шапак, але на вокнах — фіранкі. Побач з кожным сядзеў канваір. Прынеслі нашы асабістыя рэчы, і мы, апусціўшы галовы, паехалі.

Спыніліся ў раёне Ашмянаў, па-мойму, кіламетраў за пяць ад мяжы. Там стаялі два турыстычныя аўтобусы, нас перазагрузілі з маленькага ў вялікі, дзе ўжо знаходзілася невялікая група людзей. З намі засталося два канваіры. Астатнія селі ў мікрааўтобус і паехалі.

Мы кагосьці доўга чакалі, можа быць з гадзіну. Потым з'явіўся чорны джып «Таёта», які суправаджае машына міліцыі (яна была з Мінска, з мігалкамі). І гэты ланцужок адправіўся на «Каменны Лог».

Канваіры выйшлі, застаўся цывільны кіроўца. Чалавек, які адкрывае шлагбаўм, нас нават не лічыў — і мы перасеклі мяжу. Калі апынуліся на нейтральнай тэрыторыі, Мікола Статкевіч, які сядзеў літаральна на суседнім сядзенні ад мяне, стаў пытацца, куды нас вязуць. Казаў, што застаецца ў Беларусі, і патрабаваў спыніцца. Кіроўца адказаў: «Не магу».

Статкевіч пачаў стукаць па дзвярах. Потым знайшоў уверсе аварыйны выхад. Мне здаецца, яны (па-мойму, яму дапамагаў Максім Вінярскі) яго адкруцілі, і ў нейкі момант дзверы адчыніліся. Мікола Статкевіч выскачыў. Вінярскі за ім. Аўтобусы спыніліся.

Мікола Статкевіч пайшоў на тэрыторыю Беларусі. Там пачалася нейкая камунікацыя. І праз нейкі час Вінярскі вярнуўся. Калі заехалі на тэрыторыю Літвы, зайшоў дыпламат, сказаў, што Трамп дапамог, каб нас памілавалі, і пачалося афармленне дакументаў. Прынеслі ваду, печыва.

«Значыць, было рашэнне адпусціць, а маглі б ужо тады крымінальную справу завесці»

— Вы сказалі, што плануеце вярнуцца ў палітыку…

— Я ўжо вярнуўся, таму што пачынаю гаварыць пра палітыку. Не ўяўляю без яе сваё жыццё. Для сябе вырашыў, пяць гадоў [на перамены ў краіне] … можа быць, гэта адбудзецца і раней.

— Не магу не спытаць. Увосень 2023-га, калі, здавалася б, усё альтэрнатыўнае ўладам палітычнае жыццё ў Беларусі было закатана ў асфальт, вы заявілі, што будзеце балатавацца на выбарах у парламент. Чаму прынялі такое рашэнне?

— Лічу, што палітыкі павінны займацца палітыкай. Выбары — гэта магчымасць кантактаваць з людзьмі. У роліку, які запісаў, не сказаў нічога новага, чаго б не казаў да 2020 года. Я зрабіў заяву, і пачалася выбарчая кампанія. Разлічваў, што, магчыма, у гэты перыяд не будуць чапаць за палітыку.

— Не баяліся, што вас арыштуюць?

— Вядома, баяўся. Але калі ты не бярэш на сябе адказнасць, цябе забудуць.

— Заява пра ўдзел у парламенцкіх выбарах неяк паўплывала на ваша жыццё? Ці з'явілася сачэнне?

— З 2020 года я кожную раніцу думаў, што па мяне прыйдуць. А тады тры дні пасля размяшчэння заявы шыфраваўся, не начаваў дома. Калі зразумеў, што за гэты час нічога не адбылося, вярнуўся.

Былі такія інцыдэнты: дамовіўся з намеснікам старшыні партыі сустрэцца ў кавярні, папіць кавы, пагаварыць. А потым афіцыянт піша мне запіску на сурвэтцы, што за вамі сачылі і праслухоўка была. Я знаходзіўся пад каўпаком.

У нейкі момант да мяне падышлі тры чалавекі, кажуць: «Паехалі ў ГУУС Мінгарвыканкама». Мне далі зразумець, каб супакоіўся, паглядзелі мае тэлефоны, правялі апытанне і адпусцілі. Значыць, было рашэнне адпусціць, а маглі б ужо тады крымінальную справу завесці. Але, магчыма, таму, што была выбарчая кампанія, удалося ад гэтага сысці.

— Калі ў ЦВК паведамілі, што ваша кандыдатура не прайшла, адчуванне, што жывеш пад каўпаком, знікла?

— Яно ніколі не знікае. Яно знікае толькі ў свабоднай краіне. Вось зараз знікла.

— Чым вы яшчэ займаліся ў гэты перыяд, акрамя палітыкі?

— У мяне быў бізнэс, звязаны з перапрацоўкай бытавых адкідаў (у 2003 годзе Кучук адкрыў смеццесартавальную станцыю «Заходняя», якая спецыялізавалася на зборы і сартаванні другаснай сыравіны, меў пляцоўку для экспарту гэтай сыравіны і ўчастак для перапрацоўкі палімераў. — Заўв. рэд.). Але калі мяне пасадзілі, усё закрылася.

— Азіраючыся на ўсё перажытае, што вас матывуе не здавацца?

— Хочацца, каб Беларусь была свабоднай краінай. Хочацца рэформаў. Калі вы глядзелі фільм «Халоднае лета пяцьдзесят трэцяга», то там ёсць выказванне, сутнасць якога: хочацца жыць і хочацца працаваць. Вось такое ў мяне адчуванне. Хочацца бачыць іншую краіну. У гэтым і матывацыя, таму што ты працуеш, каб у Беларусі адбыліся перамены. 

Каментары1

  • Сымон
    15.09.2025
    Са словаў Кучука вынікае, што за пашкоджанне транспартнага сродку Статкевіча дакладна нельга прыцягнуць, бо тый утрымліваўся ў ім супраць яго волі без законных падставаў.

Цяпер чытаюць

Жонка Статкевіча расказала, пра што паспела паразмаўляць з ім13

Жонка Статкевіча расказала, пра што паспела паразмаўляць з ім

Усе навіны →
Усе навіны

На патрэбы вызваленых палітвязняў сабралі 109 тысяч еўра5

Галоўчанка расказаў пра магчымыя змены ў прыёме даляраў2

Трамп: Нянавісць паміж Зяленскім і Пуціным — непасцігальная11

Зяленскі: Найбольш эфектыўныя санкцыі — гэта агонь на расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, тэрміналах, нафтабазах3

Нарвежская афера Крамля: як ценявы флот Расіі атрымліваў фальшывыя страхоўкі9

Вядоўца Fox News прапанаваў забіваць ін'екцыямі бяздомных з псіхічнымі захворваннямі. Давялося выбачацца11

У Кітаі збілі ў небе вогненны балід. Кітайскія ўлады адмаўляюць гэта1

Зяленскі прыгразіў ударамі па порце на Балтыцы, дзе запраўляюцца нафтавыя танкеры Расіі5

Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жонка Статкевіча расказала, пра што паспела паразмаўляць з ім13

Жонка Статкевіча расказала, пра што паспела паразмаўляць з ім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць