«Гэта сапраўдная небяспека для Украіны». Ва УСУ расце колькасць выпадкаў самаволак і дэзерцірства
Украінскія вайскоўцы б’юць трывогу з-за павелічэння выпадкаў самавольнага пакідання часцей (СПЧ) у арміі. Паводле апошніх справаздач Генеральнай пракуратуры, армію толькі ў кастрычніку самастойна пакінулі больш за 21 тысячу чалавек. Гэта колькасць крымінальных спраў, якія адкрыла Дзяржаўнае бюро расследаванняў, і яны ўключаюць як справы пра СПЧ, так і пра дэзерцірства, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Калі даныя ў справаздачах пададзеныя правільна, гэта азначае, што кастрычнік пабіў рэкорд па колькасці ўцёкаў з арміі за апошнія чатыры гады вайны.
«Гэта вельмі дрэнны рэкорд», — напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку вайсковец Ігар Луцэнка.
«Армія, якая разбягаецца, якая месяц ад месяца губляе ўсё больш людзей з-за дэзерцірства і ўцёкаў з часцей — вось што ёсць сапраўднай небяспекай для існавання Украіны», — дадаў ён, назваўшы СПЧ галоўнай праблемай для арміі сёння.
Ён адзначае, што гэта толькі афіцыйныя даныя, «на самай справе шмат выпадкаў самавольнага пакідання часці ці дэзерцірства не рэгіструюцца».
Аднак існуе думка, што афіцыйныя даныя могуць быць перабольшаныя з-за памылак у дакументах.
«Гэтая лічба перабольшаная, хутчэй за ўсё амаль удвая, з-за формы справаздачнасці», — напісаў у каментарыях у сацсетках іншы вайсковец Міраслаў Гай.
«Гэта 20 тысяч даведак, а не людзей»
Адзін з афіцэраў Генштаба УСУ патлумачыў Украінскай службе Бі-бі-сі, што статыстыка адлюстроўвае не колькасць людзей, якія пайшлі ў СПЧ, а колькасць даведак.
Напрыклад, «чалавек пайшоў з адной часці, потым мог вярнуцца ці пайсці ў іншае падраздзяленне, а потым зноў пайшоў у СПЧ — гэта палічаць як два выпадкі СПЧ, але на самай справе гэта адна і тая ж асоба».
«Таму гэта не 20 тысяч людзей у СПЧ, а 20 тысяч даведак», — кажа суразмоўца.
Акрамя таго, чалавека маглі ўнесці ў СПЧ, а ён мог проста знікнуць без вестак — «тут яго статус мог ужо двойчы ці тройчы змяніцца, але даведку маглі не выпраўляць».
«І гэтыя даведкі назапашваюцца, пераходзяць з аднаго месяца ў іншы, і так узнікае статыстычная памылка».
Каб атрымаць рэальныя даныя пра СПЧ, трэба збіраць інфармацыю з брыгады ці падраздзяленняў, лічыць суразмоўца.
За каментаром пра метады падліку выпадкаў СПЧ Украінская служба Бі-бі-с таксама звярнулася ў Дзяржаўнае бюро расследаванняў (ДБР).
Там адказалі, што не каментуюць інфармацыю, звязаную з СПЧ.
Чаму вайскоўцы ідуць у СПЧ
Таму цяпер дакладная колькасць вайскоўцаў, якія пайшлі ў СПЧ ці дэзерціравалі, невядомая. Калі верыць статыстыцы Генпракуратуры, са студзеня па канец кастрычніка 2025 года — гэта 161 461 выпадкаў СПЧ, а яшчэ дэзерцірства — 21 479 чалавек. Хоць гэта, зноў жа, можа быць колькасць даведак, а не людзей, як апісана вышэй.
«Розніца паміж СПЧ і дэзерцірствам — ва ўзроўні грамадскай небяспекі», — тлумачыць Антон Нежывы, юрыст ГА «Юрыдычная сотня».
СПЧ — гэта калі вайсковец пакідае месца службы без дазволу камандзіра ці важкіх прычын. Але калі ў яго ёсць намер ухіляцца ад службы, гэта ўжо дэзерцірства. Абодва злачынствы з’яўляюцца крымінальным правапарушэннем.
Пакаранне адрозніваецца нязначна: за СПЧ даюць ад пяці да дзесяці гадоў пазбаўлення волі, за дэзерцірства — ад пяці да дванаццаці.
Праблемы, якія раней штурхалі людзей на СПЧ ці дэзерцірства, застаюцца актуальнымі — гэта складанасць пераводу ў іншыя падраздзяленні, адсутнасць належных ратацый, а таксама тэрмінаў службы.
«Дзякуючы працы вайскоўцаў шмат што квітнее», — піша ў фэйсбуку вайскоўка Ярына Чарнагуз. Яна мае на ўвазе як існаванне дзяржавы ў цэлым, так і працу паспяховых бізнэсаў ды арганізацый у тыле.
Гэта ўсё магчыма дзякуючы вайскоўцам, якія могуць сабе дазволіць некалькі месяцаў ці год адпачынку «толькі шляхам меншай ганьбы — СПЧ».
На яе думку, магчымасць заключаць фіксаваныя кантракты з высокім заробкам для тых, хто толькі цяпер вырашыў пайсці ў армію, яшчэ больш паглыбіла «раскол унутры арміі».
«Я не люблю лішнюю драматызацыю, але чым мы, тыя, хто з самага пачатку і яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны, на фронце — адрозніваемся ад прыгонных, калі параўнаць наша становішча з цывільнымі?» — напісала Чарнагуз.
Дэкрыміналізацыя СПЧ
Украінскія ўлады пачалі сур’ёзна займацца праблемай СПЧ у мінулым годзе. Сваім рашэннем ад верасня 2024 года Вярхоўная Рада часова дэкрыміналізавала СПЧ і дэзерцірства для вайскоўцаў, якія гэта зрабілі ўпершыню.
Да гэтага для ўсіх вайскоўцаў без выключэння абодва злачынствы былі крымінальнымі правапарушэннямі.
Але гэта рашэнне было часовае — вайскоўцы без суда маглі вярнуцца назад на службу да канкрэтнага тэрміну, які пастаянна працягвалі. Апошні дэдлайн быў 30 жніўня гэтага года.
Рашэнне з дэкрыміналізацыяй мела эфект, прынамсі на пачатку.
У перыяд з 29 лістапада 2024 года па 1 сакавіка 2025 года, як паведамляла ДБР, на службу вярнуліся амаль 21 100 вайскоўцаў.
Як было вядома Украінскай службе Бі-бі-сі з уласных крыніц, у красавіку 2025 года ў Генштабе праблему з СПЧ лічылі вырашанай, бо «колькасць тых, хто ідзе ў СПЧ, роўная колькасці тых, хто вяртаецца».
Але, як бачна са статыстыкі, якую старанна прааналізавала газета «Слово і діло», у траўні 2025 года ў СПЧ пайшла рэкордная колькасць людзей — больш за 18 тысяч.
Хоць гэта, зноў жа, статыстыка на падставе даных ДБР, якія могуць утрымліваць тую ж статыстычную памылку.
Пасля траўня статыстыка зноў пайшла на спад, але рэзка вырасла восенню — менавіта ў той час, калі на Данбасе працягваюцца вырашальныя баі за Пакроўск.
Кантракты Шмыгаля як спосаб дэмабілізацыі
Цяпер улада дэманструе гатоўнасць вырашыць яшчэ адну балючую праблему, якая прыводзіць да СПЧ — адсутнасць дакладных тэрмінаў службы.
Рашэнне на пачатку тыдня прадставіў міністр абароны Дзяніс Шмыгаль у сваіх сацсетках.
Ён кажа, што для будучых і цяперашніх вайскоўцаў улада плануе ўвесці кантракты ад 1 да 5 гадоў. Пры гэтым для кантрактаў на 2‑5 гадоў прадугледжаная гадавая адтэрміноўка ад мабілізацыі па завяршэнні пагаднення.
«Мы адказваем на ключавы запыт вайскоўцаў, іх сем’яў і грамадства. Новыя кантракты — гэта пра справядлівасць і прадказальнасць», — заявіў міністр.
Але ў ягоных абяцаннях мала дэталяў — незразумела, як будуць лічыцца гэтыя тэрміны, ці ўключаць у іх час, які ўжо адпрацавалі вайскоўцы, ці будзе ў іх выбар самім вызначаць, колькі яшчэ служыць, ці змогуць нядаўна мабілізаваныя заключыць кантракт на адзін год.
Вайсковая амбудсменка Вольга Рашацілава, якая аптымістычна глядзіць на новую ідэю з кантрактамі, заклікала людзей не спяшацца з крытыкай і паабяцала, што, калі «ўсё дапрацуецца, вам спадабаецца».
Зяленскі: За кастрычнік толькі дронамі УСУ знішчылі 25 тысяч расіян
Зяленскі: У Пакроўску 314 расійскіх вайскоўцаў. Украінскія СМІ: Гэта шмат, Пакроўск сыплецца
Прыхаванае пранікненне: якія змены ў тактыцы расійскай арміі паказаў штурм Пакроўска?
УСУ разнеслі базу захоўвання «шахедаў» у Данецку
Шакуючае відэа забойства ў расійскім тыле двух мірных жыхароў Украіны і іх сабакі прывяло да ўзаемных абвінавачванняў
Каментары
За 500$ в месяц кто вам будет воевать,пппфффф
Проще изначально отказаться и получить три года по 336-й;по крайней мере,чай и гужон какой-никакой в передаче заедет.
Твои прадеды за зарплату с Гитлером воевали?...