Крык душы маці з Мінска: «Чаму гэтых недафатографаў-бізнэсменаў усё яшчэ пускаюць у дзіцячы сад?!»
«Нам прапаноўваюць намаляваны ў невядома якой праграме цуд — яшчэ і па 20‑30 рублёў за фота».

Маладая маці з беларускай сталіцы ўзняла ў тыктоку пытанне, якое насамрэч шмат каго з бацькоў раздражняе — гэта непрафесійныя фатографы, якія ладзяць прымітыўныя фотасесіі ў дзіцячых садах.
Імаверна, сэнс у такіх здымках быў гадоў дзесяць-пятнаццаць таму. Цяпер жа амаль у кожнага ў смартфоне ёсць даволі якасная камера. А пры дапамозе штучнага інтэлекту апрацаваць любы здымак і дадаць фон, які падабаецца — пытанне некалькіх хвілін.
Тым не менш фатографы, якасць працы якіх звычайна даволі пасрэдная, працягваюць зарабляць у дзіцячых садках. Жанчына абураецца тым, што іх увогуле пускаюць ва ўстановы адукацыі.
Для параўнання яна прадэманстравала фота дзяцей, якія выхавацелькі паспяваюць зрабіць цягам дня і пастановачныя здымкі ад фатографа. І выйграе не другі варыянт. Пры гэтым фатограф потым прадае бацькам раздрукаваныя фота па кошце 20‑30 рублёў за штуку.
— Разумееце, калі скінуцца групай — няхай нават 10 чалавек — па 30 рублёў, і сабраць у суме 300 рублёў, можна наняць ачмурэннага фатографа, каб ён зрабіў жывыя рэпартажныя кадры.
Маладая маці ўпэўнена: фотасесіі, калі дзіця пераапранаюць у нейкі дзіўны ўбор і просяць спакойна стаяць і пасміхацца на камеру — стрэс для маленькага чалавека.
— Я ведаю сваё двухгадовае дзіця. Яно б ніколі адэкватна не пагадзілася б на такое.
Яна кажа, што бацькі значна больш былі б рады рэпартажным здымкам:
— Як праходзіць дзень у дзяцей, каб гэта былі свае нюансы — можа, нават нейкія спрэчкі паміж дзецьмі, няхай будуць нават слёзы ў кагосьці… Але не гэты жах адфоташоплены. Мне здаецца, штучны інтэлект бы зрабіў больш цікавыя здымкі, чым наш фатограф.
Ролік набраў больш за 160 тысяч праглядаў і 2500 лайкаў. Найбольш папулярныя каментарыі прысвечаны таму, што фатографы плацяць дзіцячым садкам працэнт.
Шмат хто прызнаўся, што падзяляе боль жанчыны і таксама незадаволены суадносінамі якасць-кошт фотаздымкаў у дзіцячым садку.
Хтосьці прызнаўся, што проста не набывае здымкі ў фатографаў, якія прыходзяць у садок. А ў кагосьці так зрабіць не атрымліваецца, бо дзіцяці падабаюцца тыя фота.
Усплылі і крынжовыя гісторыі: «Было нядаўна, дзіцяці 3 гадоў ставяць цела 7‑8 гадовага». Яшчэ адна маці пасмяялася з таго, што якраз цяпер атрымала такое самае фота, як тое, што прадэманстравала тыктокерка: «У мяне менавіта такое фота з парасонам у садку цяпер было. Гэта жэсць. І надрукавана на нейкім тонкім аркушы А4, на адным тры здымкі, я сама выразала. Я таксама ў саду спытала, ці заўсёды будзе гэты фатограф? Адказалі, так, бо ён замацаваны за садам, іншага не будзе».
А нехта і не пагадзіўся: «Ой, да ладна вам. У гэтых фотках ёсць свой дух. Забылі, як нас так фоткалі? Маё дзіця таксама любіць гэты варушняк», «Гэта ж такая памяць. Я заўсёды за любы кіпіш у садку і заўсёды іду насустрач, дапамагала і буду дапамагаць, слухала і буду слухаць і выхавацелек, і загадчыцу, і фатографа».
У якасці аргумента за фатографа прагучала не аднойчы тое, што фота ў тэлефоне нецікава пераглядаць, а раздрукаваныя здымкі застаюцца на гады.
Маці не захацела скідвацца на пыласос у дзіцячы садок — яе папракнулі ў сквапнасці
«Дырэктарка абурылася тым, што мы паклеілі беларускія шпалеры, а не нямецкія». Бацькі пра зборы на рамонт у школах
Беларуска з ЗША напісала, што хоча адправіць дачку у Мінск, таму што ў «Амерыцы няма такіх утульных дзіцячых садочкаў» — і панеслася
Цяпер чытаюць
Сумленне, каханне, колы пекла і галівудскі фінал. У сям’і будаўніка і бібліятэкаркі з Пружанскага раёна Ігара і Юліі Лаптановічаў арыштавалі спачатку яго, пасля — яе, а пасля і бабулю
Каментары
Боже, какая дичь... 🤦♂️