Камандзірам важнай брыгады УСУ стаў 26-гадовы: што вядома пра Героя Украіны Максіма Данільчука
Кіраўніцтва Украіны прынцыпова дае дарогу маладым. Прызначэнне новага камандзіра 47‑й асобнай механізаванай брыгады «Магура» стала тыповым прыкладам таго.

Новы камандзір — кар'ерны вайсковец, служба якога прыпала амаль цалкам на час вайны, таму пра яго інфармацыі пакуль мала. Вядома, што падпалкоўнік Максім Данільчук нарадзіўся ў вёсцы Барвінаўка Жытомірскай вобласці. Ён выпускнік прэстыжнай Нацыянальнай акадэміі сухапутных войскаў.
Данільчук пачаў свой баявы шлях як камандзір роты ў 30‑й асобнай механізаванай брыгадзе (АМБр) імя князя Канстанціна Астрожскага. Дзякуючы прафесіяналізму і лідарскім якасцям, неўзабаве стаў начальнікам штаба, а потым і камандзірам 2‑га механізаванага батальёна 30 АМБр.
Падраздзяленні пад яго кіраўніцтвам выконвалі баявыя задачы на самых складаных участках фронту ў Данецкай і Харкаўскай абласцях. Дзякуючы яго камандзірскім рашэнням знішчылі значную колькасць расійскіх войскаў і тэхнікі. Адным з яскравых эпізодаў стаў люты 2023 года, калі батальён Данільчука на Данбасе паспяхова адбіў шматлікія атакі штурмавых груп ПВК «Вагнер».
Мужнасць і талент Данільчука былі высока ацэненыя. 24 лютага 2024 года Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прысвоіў Максіму Данільчуку званне Героя Украіны. Ён таксама з'яўляецца кавалерам ордэнаў Багдана Хмяльніцкага II і III ступеняў (2023, 2022) і ордэна «За мужнасць» III ступені (2022).
Былы камандзір Данільчука — палкоўнік Уладзімір Сіленка, так характарызаваў маладога афіцэра:
«Яму ўсяго 24 гады [на той момант], а ён ужо два гады вядзе актыўныя баявыя дзеянні. Калі ты з такімі людзьмі размаўляеш, яны цябе прыцягваюць. Крэатыўнасць тут побач, яна вось — бяры і працуй».
Сітуцыя ў 47‑й брыгадзе «Магура»
Прызначэнне Максіма Данільчука адбылося пасля скандалу ў 47‑й брыгадзе. Яго папярэднік на пасадзе камбрыга, Аляксандр Шыршын, у маі падаў рапарт на звальненне, абвінаваціўшы вышэйшае камандаванне ў «бессэнсоўных задачах» і неапраўданых стратах асабовага складу падчас цяжкіх баёў.
Гэтыя падзеі выклікалі сур'ёзны рэзананс, і Генеральны штаб УСУ стварыў спецыяльную камісію для расследавання абставін.
У такой няпростай сітуацыі прыход маладога, але аўтарытэтнага і ўганараванага камандзіра, які мае бездакорную рэпутацыю, разглядаецца як крок, які ўмацуе баявы дух і ўкарэніць новыя, больш эфектыўныя падыходы ў кіраванні адным з ключавых падраздзяленняў украінскай арміі.
Каментары