Выступ гурта «Тэхналогія», які планаваўся сёння ў Плешчаніцах, адменены
Выступ легендарнай «Тэхналогіі» анансаваўся на сёння, 20 верасня ў рамках «Плешчаніцкага кірмашу». У пятніцу ў мясцовых публічных суполках з’явілася інфармацыя пра тое, што мерапрыемства пераносіцца, піша Onliner.by.

Паўтарагадзінны выступ папулярнага ў 90‑я гурта «Тэхналогія» мусіў адбыцца сёння вечарам. Пра гэта раней казаў раней журналістам старшыня мясцовага выканкама Аляксандр Сідарэвіч.
Па яго словах, фінансавы бок арганізацыі свята і прывозу артыстаў узяла на сябе кампанія, звязаная з мясцовым мецэнатам, буйным бізнэсоўцам з IT-сферы Аляксандрам Хомічам. Прасцей кажучы, гэта была спонсарская дапамога.
Мясцовыя жыхары распавядалі, што мецэнат у дзяцінстве часта гасціў тут у бабулі з дзядулем і ў апошнія гады шмат зрабіў для развіцця Плешчаніц.
Выступ «Тэхналогіі» меўся адбыцца ў рамках свята «Плешчаніцкі кірмаш» — гэта нешта кшталту мясцовых дажынак. Гасцям абяцалі хіты «Дзіўныя танцы», «Сёння ўначы», «Націсні на кнопку», «Усё, што ты хочаш».
Удзельнікі «Тэхналогіі» запісалі відэазварот да беларусаў з анансам свайго выступлення ў Плешчаніцах. Але ў пятніцу раніцай у сацсетках пачала з’яўляцца інфармацыя, што канцэрт, ды і ўвогуле свята пераносіцца «па тэхнічных прычынах». Старшыня сельвыканкама пацвердзіў перанос, але тэрмінаў не назваў і паклаў слухаўку.
Перанос «Плешчаніцкага кірмашу» пацвердзілі і ў Лагойскім райвыканкаме. «У гэтую суботу ў Плешчаніцах нічога не будзе! Не ведаю чаму», — распавялі на гарачай лініі райвыканкама.
Каб унесці яснасць, журналісты таксама патэлефанавалі канцэртнаму дырэктару гурта «Тэхналогія» ў Маскву.
— Пра перанос або адмену нам нічога не вядома. У нас ёсць білеты, забраніраваныя гатэлі, трансферы, мы ўсе тэхнічныя моманты ўжо абмеркавалі і павінны вылецець, — распавёў Аляксей Фролікаў.
Каментары