«Час перакрыць вентыль». ЕС паскарае адмову ад расійскага звадкаванага газу
«Час перакрыць вентыль. Мы гатовыя да гэтага», — заявіла Урсула фон дэр Ляен, прадстаўляючы ўхвалены Еўракамісіяй 19‑ы пакет санкцый супраць Расіі. У прыватнасці, ён прадугледжвае, што ЕС цалкам адмовіцца ад расійскага звадкаванага газу да пачатку 2027 года. Пакет яшчэ павінна зацвердзіць Рада ЕС, дзе яго можа заблакаваць Венгрыя, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Са слоў старшыні Еўракамісіі, «цягам апошняга месяца Расія прадэманстравала поўнае грэбаванне дыпламатыяй і міжнародным правам». Пры гэтым фон дэр Ляен узгадала масіраваны ўдар па Кіеве, падчас якога сярод іншага былі пашкоджаныя будынак украінскага ўрада і прадстаўніцтва ЕС.
Старшыня Еўракамісіі таксама згадала і пра атакі расійскіх дронаў над Польшчай і Румыніяй. Паколькі «расійская вайсковая эканоміка сілкуецца даходамі ад выкапнёвых энерганосьбітаў», ЕС хоча спыніць гэтыя даходы, патлумачыла кіраўніца Еўракамісіі.
«Мы забараняем імпарт расійскага звадкаванага газу на еўрапейскія рынкі», — заявіла фон дэр Ляен.
Старшыня Еўракамісіі таксама нагадала пра папярэднюю санкцыйную пастанову ЕС — знізіць «столь цэнаў» на расійскую нафту да 47,6 даляра за барэль (гэта на 20 даляраў ніжэй за закладзеную ў бюджэце РФ цану нафты).
Каб узмацніць гэтую пастанову, у новым санкцыйным пакеце ЕС увядзе дадатковыя захады ў дачыненні да расійскага ценявога флоту танкераў, якія пастаўляюць нафту на экспарт. Транзакцыі галоўных энергетычных кампаній — «Раснафты» і «Газпрамнафты» — з гэтага часу будуць пад поўнай забаронай, таксама паведаміла кіраўніцы Еўракамісіі.
«Цяпер мы ідзем да тых, хто падсілкоўвае вайну Расіі, купляючы нафту ў абыход санкцый. У нас на прыцэле нафтаперапрацоўчыя заводы, нафтатрэйдары, нафтахімічная прамысловасць трэціх краін, уключаючы Кітай», — патлумачыла фон дэр Ляен.
Перагарнуць старонку назаўжды
Прадстаўляючы 19‑ы пакет санкцый супраць Расіі, старшыня Еўракамісіі таксама нагадала, што за тры гады з пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны даходы ад продажу расійскіх энерганосьбітаў у Еўропе скараціліся на 90%.
«Мы назаўжды перагортваем гэтую старонку», — заявіла фон дэр Ляен.
Аднак за мінулы год, паводле звестак Еўракамісіі, пастаўкі звадкаванага газу з Расіі склалі амаль 19% ад усяго імпарту. У цэлым, паводле звестак Еўрастата, летась ЕС імпартаваў з Расіі газу на 15,6 мільярда еўра. З ЗША, якія цяпер з'яўляюцца лідарам у пастаўках газу ў ЕС, імпарт склаў 19,1 мільярда еўра.
У першым паўгоддзі 2025 года ЕС імпартаваў з Расіі звадкаванага газу на суму каля 4,5 мільярда еўраў. Пры гэтым агульны газавы імпарт Еўрасаюза за першае паўгоддзе гэтага года склаў амаль 27 мільярдаў еўра, з якіх найбольшая доля — 13,7 мільярда еўра — выплачаная за амерыканскі звадкаваны газ.
Пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны ЕС ужо адмовіўся ад імпарту газу з Расіі, які паступае па трубаправодах, але працягваў купляць звадкаваны газ. Акрамя таго, для Венгрыі і Славакіі зрабілі выключэнні, каб яны маглі знайсці альтэрнатыўныя крыніцы паставак.
У той жа час гэтыя дзве краіны рэгулярна блакуюць санкцыйныя пакеты супраць Расіі, у якой Венгрыя і Славакія купляюць не толькі газ, але і нафту. Увядзенне чарговага пакета санкцый, ухваленне якога павінна адбывацца аднагалосна ўсімі 27 краінамі — членамі ЕС, гэтак жа сама можа быць заблакавана Венгрыяй і Славакіяй.
Аднак, паводле інфармацыі Bloomberg, у Еўракамісіі таксама разглядаюць варыянт з унясеннем паправак у праграму RePowerEU, якая прадугледжвае поўную адмову ад расійскіх энерганосьбітаў у ЕС, і якая была пачатая праз расійскую агрэсію супраць Украіны. Калі гэта адбудзецца, то для ўхвалення памяншэння залежнасці ад расійскіх энерганосьбітаў спатрэбіцца простая большасць галасоў краін-членаў.
Абвяшчэння аб мерах 19‑га пакета еўрапейскіх санкцый супраць Расіі чакалі раней. Затрымку звязваюць з ціскам прэзідэнта ЗША Трампа на Брусэль менавіта ў пытанні адмовы ад расійскіх энерганосьбітаў.
Па паведамленнях СМІ, пасля тэлефоннай размовы паміж Трампам і фон дэр Ляен 17 верасня Брусэль і Вашынгтон спрабавалі дамагчыся ад Венгрыі і Славакіі поўнай адмовы ад імпарту расійскай нафты. Аднак прадстаўнікі ўладаў гэтых краін заявілі, што будуць супраціўляцца ціску скарачэння імпарту расійскай нафты і газу, пакуль краіны-члены Еўрасаюза не знойдуць альтэрнатыўных крыніц паставак.
Напярэдадні, завяршаючы візіт у Вялікабрытанію прэзідэнт Трамп заявіў, што чакае, пакуль еўрапейскія краіны паменшаць сваю залежнасць ад расійскай нафты, перш чым ён наважыцца ўзмацніць ціск на Уладзіміра Пуціна.
«Я гатовы рабіць розныя рэчы, але не тады, калі людзі, за якіх я змагаюся, купляюць нафту ў Расіі, — сказаў прэзідэнт ЗША журналістам. — Калі кошт нафты знізіцца, Расія суцішыцца».
Крыпта, тэхналогіі і замарожаныя актывы
Новыя еўрапейскія санкцыі супраць Расіі таксама будуць тычыцца фінансавага і банкаўскага сектара, і ўпершыню — абароту крыптовалют. Гэта трэба для таго, каб закрыць дзіркі ў санкцыйнай сістэме і перашкодзіць Расіі і трэцім краінам абыходзіць санкцыі, патлумачыла кіраўніца Еўракамісіі.
ЕС збіраецца правяраць і абмяжоўваць транзакцыі банкаў трэціх краін, падлучаных да альтэрнатыўных расійскіх плацежных сістэм, а таксама абмежаваць транзакцыі з кампаніямі са асаблівых эканамічных зон.
Яшчэ адным складнікам новага санкцыйнага пакета будзе абмежаванне для кампаній з трэціх краін, якія супрацоўнічаюць з Расіяй у галіне вайсковых тэхналогій.
«У вайне, ход якой вызначаецца інавацыямі, крытычна важным з'яўляецца пазбавіць Расію доступу да тэхналогій», — заявіла старшыня Еўракамісіі, падкрэсліўшы, што гэта перш за ўсё тычыцца вытворчасці дронаў.
Урсула фон дэр Ляен таксама анансавала працу над «новым рашэннем фінансавання ваенных намаганняў Украіны» за кошт замарожаных расійскіх актываў.
«Гэта вайна Расіі, і агрэсар павінен заплаціць, — заявіла старшыня Еўракамісіі. — Мы хочам, каб Расія пакінула поле бою і села за стол перамоваў. Гэта рэальны шлях даць міру шанец».
Зрэшты, як патлумачыла фон дэр Ляен, гэтая пастанова не закране саміх актываў, а грошы, якія атрымае Украіна, будуць пазыкай, якую яна верне толькі тады, калі атрымае ад Расіі рэпарацыі за вайну.
Будрыс: ЕС не стане больш мяккім з-за таго, што ЗША знялі санкцыі з «Белавія»
У першым квартале гэтага года ЕС купіў у Расіі тавараў амаль на 9 мільярдаў еўра
Трамп выстаўляе Еўрасаюзу ўмовы, якія той не можа выканаць
Стала вядома, што ўключаюць у 19‑ы пакет санкцый ЕС супраць Расіі
Еўрасаюз адказаў на патрабаванне Трампа адмовіцца ад расійскіх энергарэсурсаў
Каментары
Важны нюанс для тых, хто думае, што расейскі газ купляюць толькі Венгрыя і Славакія.
Не толькі яны купляюць. Астатнія таксама купляюць.
Трамп гатовы абваліць кошты на нафту і пакінуць Расею без грошай на вайну.
Еўропа гэтаму плану супраціўляецца. Не гатовая спыніць купляць расейскія газ і нафту.
... І тут жа чытаем:
"як патлумачыла фон дэр Ляен, гэтая пастанова не закране саміх актываў, а грошы, якія атрымае Украіна, будуць пазыкай, якую яна верне толькі тады, калі атрымае ад Расіі рэпарацыі за вайну".
Нейкае абы што яна прапанавала. Можа яшчэ і пад працэнты пазыка?